Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лютага 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Да традыцыйнага гэбрайскага звычаю сьвяточнае сустрэчы суботы ў гэты weekend прымеркаваная першая ў Беларусі нарада гэбрайскае прэсы.

Не, традыцыя шабату ня будзе парушаная. Усё ладзіцца, як зазвычаена па Торы, – запаленыя ў пятніцу па заходзе сонца сьвечкі, супольная малітва, сьвяточная вячэра. Толькі цеснае сямейнае кола зьбірае гэтым разам ня толькі сваякоў, але й людзей роднасных прафэсійных зацікаўленьняў. Супрацоўнікі ды выдаўцы газэтаў "Авив", "Берега", "Мизуза", "Хаверим", а таксама часапісу "Мишпоха" хочуць у нязмушанай сьвяточнай атмасфэры абмеркаваць праблемы гэбрайскага друку ў Беларусі.

"Мы думаем, што ў даверлівай, па-сямейнаму зарганізаванай сустрэчы больш плёну, чым у афіцыйнай нарадзе", – сказала нашаму радыё Соф'я Фількова, супрацоўніца амэрыканскага аб'яднанага гэбрайскага разьмеркавальнага камітэту "Джойнт". Прадстаўніцтва "Джойнту" ў Беларусі стала арганізатарам гэтае імпрэзы, якая распачнецца, як мы ўжо казалі, у пятніцу, а завершыцца ў нядзелю.

У трохдзённай праграме сутрэчы заплянаванае ня толькі абмеркаваньне праблемаў гэбрайскага друку ў Беларусі, але й дыялёгі з тымі журналістамі, якія пра жыцьцё ды справы беларускіх гэбраяў інфармуюць карыстальнікаў іншых мэдыяў.

Не застанецца па-за ўвагаю ўдзельнікаў сустрэчы й скандал, які выкліканы выданьнем напрыканцы мінулага году ў выдавецтве "Праваслаўная ініцыятыва" кнігі "Война по законам подлосьти". Два судовыя зыскі ў сувязі з выхадам кнігі выразна антысэміцкага зьместу ўжо пададзеныя ў судовыя інстанцыі ад імя Беларускага аб'яднаньня гэбрайскіх арганізацыяў ды абшчынаў ды Юдэйскага рэлігійнага аб'яднаньня. Як нам стала вядома, рыхтуецца трэці судовы зыск, на гэты раз ад прыватнай асобы, якая пакуль што пажадала не называць сваё імя.

Асобнаю тэмаю стане даклад Леаніда Левіна, старшыні Беларускага аб'яднаньня гэбрайскіх арганізацыяў ды абшчынаў. Ён будзе прысьвечаны трагедыі гэбрайскага народу – Галакосту, якая нядаўна абмяркоўвалася ў Стакгольме на міжнародным гэбрайскім кангрэсе, удзельнікам якога быў Леанід Левін.

Да ўдзелу ва ўсёй гэтай гаворцы "Джойнт" запрасіў на сустрэчу шабату ня толькі журналістаў, але й прадстаўнікоў усіх гэбрайскіх арганізацыяў, а таксама амбасады Ізраілю ў Рэспубліцы Беларусь.

XS
SM
MD
LG