Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лютага 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Зь 19 па 27 лютага будзе доўжыцца візыт у Ірак афіцыйнае ўрадавае дэлегацыі Беларусі на чале зь віцэ-прэм'ерам Уладзімерам Замяталіным. Афіцыйная мэта паездкі – удзел ў першым паседжаньні беларуска-ірацкае камісіі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Дзіўна, але, як сьцьвярджаюць у беларускім урадзе, менавіта спадар Замяталін зьяўляецца сустаршынём беларуска-ірацкае камісіі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Дзіўна таму, што Замяталін як віцэ-прэм'ер ані гандль, ані эканоміку не курыруе. Мабыць таму разам зь ім у краіну Садама Гусэйна кіруюцца супрацоўнікі Міністэрства замежных справаў, уключаючы намесьніка міністра Валеры Садоху, прадстаўнікі самых буйных беларускіх прадпрыемстваў – Менскага трактарнага, БелаўтаМАЗу, "Белшыны", а таксама "Інфабанку". Усе яны будуць займацца праблемамі гандлю з Багдадам.

Між тым, добра вядома – Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў увяла супраць Іраку пасьля ягонага ўварваньня ў Кувэйт санкцыі, якія забараняюць весьці гандлёвыя апэрацыі з гэтай краінаю.

Тут дарэчы зрабіць невялікі экскурс у гісторыю…

Кантакты паміж Беларусьсю ды Іракам цягнуцца яшчэ з савецкіх часоў, калі зь Беларусі ў Багдад пастаўлялі аўтамабілі, трактары, станкі ды іншае. Беларускія спэцыялісты ўдзельнічалі ў разьведцы й ацэнцы залежаў карысных выкапняў. Ажыўленьне гандлёвых кантактаў пачалося ў 1998 годзе. Менск адразу скарыстаўся прыняцьцём у траўні адмысловае рэзалюцыі ААН, згодна зь якой дазваляўся продаж Іраку сельскагаспадарчае тэхнікі. Ужо ў чэрвені ў Багдад накіравалі 500 трактараў МТЗ-80. Агульны аб'ём гандлёвага абароту Беларусі зь Іракам за 1998 год склаў каля 5,5 мільёнаў даляраў. Для параўнаньня, у 1997 годзе ён быў нулявым. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, Беларусь толькі экспартавала сваю прадукцыю і нічога не імпартавала. Дарэчы, калі верыць афіцыйным дадзеным, якія прадастаўляе мытная статыстыка вонкавага гандлю, дык і ў 1999 годзе гандлёвы абарот быў нулявым.

Гэта тое, што тычыцца гандлю. А цяпер пагаворым пра палітыку. Беларускі ды ірацкі дыктатары ніколі не хавалі сваіх ўзаемных сымпатыяў. Усяго праз год пасьля абраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам у Багдад скіраваўся тагачасны намесьнік кіраўніка адміністрацыі Ўладзімер Замяталін. На сустрэчы з Садамам Гусэйнам ён перадаў пісьмовае пасланьне Лукашэнкі, у якім разглядаліся праблемы беларуска-ірацкіх стасункаў. Садам Гусэйн падкрэсьліў імкненьне Іраку «узнавіць сяброўскія і ўзаемавыгодныя стасункі зь беларускім бокам, якія яны былі ў часы Савецкага Саюзу, і чаму перашкаджаюць санкцыі». Ірацкі дыктатар заклікаў Беларусь садзейнічаць зьняцьцю санкцыяў.

Афіцыйныя беларускія ўлады рабілі ўсё, каб захаваць тайну сваіх сустрэчаў. І пра кантакты Замяталіна з Гусэйнам у Менску ўсе, акрамя, зразумела, вузкага кола чыноўнікаў, даведаліся толькі выпадкова, з паведамленьняў ірацкага друку.

У лютым 1998 году ў Менску было афіцыйна зарэгістраванае Таварыства беларуска-ірацкае дружбы, якое ўзначальвае дэпутат лукашэнкавай палаты Валеры Драко. Адной зь першых акцыяў таварыства стала паездка ў Багдад, пад час якой дэлегацыя актыўна выступіла ў падтрымку Садама Гусэйна.

Дарэчы, і цяпер гэтае таварыства актыўна супрацоўнічае з амбасадаю Іраку ў Расеі – ірацкі амбасадар па сумяшчальніцтву зьяўляецца і амбасадарам ў Беларусі. А вось Беларусь свайго дыпляматычнга прадстаўніцтва ў Багдадзе ня мае, хаця афіцыйна дыпляматычныя стасункі паміж краінамі былі ўсталяваныя яшчэ ў 1996 годзе.

Апошні раз беларускае кіраўніцтва ў адкрытай форме падтрымала Садама Гусэйна 17 сьнежьня 1998 года пасьля нанясеньня Злучанымі Штатамі Амэрыкі ракетных удараў па Іраку. Лукашенка выступіў з заяваю, у якой асуджаліся сілавыя акцыі ЗША і Вялікабрытаніі. Ён расцаніў дзеяньні ЗША і Вялікабрытаніі як парушэньне Статуту ААН, адзначыў, што гэтыя акцыі сур'ёзна парушаюць сыстэму міжнароднае бясьпекі й праўнага сьветапарадку. Лукашэнка заклікаў заходнія краіны спыніць нанясеньне ўдараў па Іраку.

Такім чынам, бачна, што Беларусь гатовая падтрымаць усе ініцыятывы, якія скіраваныя на выхад Іраку з рэжыму міжнародных санкцыяў. Можна меркаваць, што менавіта гэтая тэма й будзе галоўнай пад час візыту ў Багдад Уладзімера Замяталіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG