Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 18 лютага 2000 г.


Аляксандар Старыкевіч, Менск

Днямі праскі офіс "Радыё Свабода" атрымаў ліст ад слухача зь Югаславіі, які сьцьвярджае, што ў часе нядаўняга знаходжаньня ў Менску ён на свае вочы бачыў былога лідэара басьнійскіх сэрбаў Радавана Караджыча разам з кіраўніком войска басьнійскіх сэрбаў генэралам Ратка Младзічам. Абодва яны аб'яўленыя міжнародным трыбуналам ваеннымі злачынцамі. Верагоднасьць таго, што гэтыя асобы знайшлі прытулак у Беларусі, аналізуе Аляксандар Старыкевіч.

Упершыню зьвесткі пра тое, што Радаван Караджыч хаваецца ў Беларусі, зьявіліся прыкладна два гады таму. Тады афіцыйны Менск холадна абверг гэтую інфармацыю. Але паміж радкоў паведамленьня чыталася сімпатыя да сэрбскага абаронцы "інтарэсаў славянства". Маўляў, калі што, дык Караджыч можа разьлічваць на гасьцінны прыём з боку беларускіх уладаў.

Цяпер таксама й міністэрства замежных справаў і камітэт дзяржаўнае бясьпекі заяўляюць, што ім невядомае месцазнаходжаньне Караджыча й Младзіча. Дакладных зьвестак на гэты конт не ўдалося атрымаць і неафіцыйным шляхам. Па меркаваньні адной добра інфармаванай крыніцы, выключаць гэткую магчымасьць не даводзіцца.

Стаўленьне Аляксандра Лукашэнкі да сваіх "сэрбскіх братоў" агульнавядомае: у свой час ён абяцаў палітычны прытулак Слабадану Мілошавічу, калі той раптам пачне няўтульна адчуваць сябе ў Белградзе. Аднак наўрад ці Караджыч стала атабарыўся ў Беларусі. Хутчэй за ўсё, ён можа вандраваць па розных месцах, пераважна ў Расеі, бо затрымлівацца на адным мейсцы для такой асобы небясьпечна.

Яшчэ адзін чалавек, блізкі да спэцслужбаў, у прыватнай размове з карэспандэнтам "Свабоды" заявіў: "Я ўпэўнены, што Караджычу даўно зрабілі плястычную апэрацыю, бо ў сваім ранейшым выглядзе ён ужо нікому не патрэбны". На думку гэтага інфарматара, былы сэрбскі лідэр знаходзіцца на пэнсіі, бо на ягоныя таленты "мясьніка" зараз няма асаблівага попыту. Грошай, якія нарабаваў Караджыч, павінна хапіць на тое, каб бавіць час да канца жыцьця ў камфортных умовах. З новым тварам ён можа знаходзіцца дзе заўгодна безь вялікае рызыкі быць выкрытым.

Аднак шанцы на тое, што Караджыч і другія менш вядомыя ваенныя злачынцы адпачываюць ад сваіх крывавых справаў у Беларусі, па-ранейшаму існуюць. Як вядома, тут знайшлі сабе прытулак летувіскія камуністы, што абвінавачваюцца ў спробе дзяржаўнага перавароту.

Толькі двое зь іх – Буракявічус ды Ермалавічус – пад ціскам звонку былі дэпартаваныя ў Вільню. Адбылося гэта яшчэ ў далукашэнкавыя часы. З тае пары астатнія іхныя "падзельнікі", да прыкладу, генэрал Усхопчык, адчуваюць сябе даволі спакойна, бо іхная бясьпека гарантаваная беларускімі ўладамі. Некаторыя нават спрабуюць браць удзел у палітычным жыцьці краіны, як былы камсамольскі функцыянэр Макееў, што стварыў мясцовую філію расейскага руху "Отечество".

Нарэшце, яшчэ да арышту Аджалана хадзілі чуткі, што схрон яму забясьпечыў Лукашэнка. Пэўна ж, пры патрэбе й для Караджыча з сябрамі мейсца на беларускай зямлі цяперашняе кіраўніцтва краіны знойдзе.

XS
SM
MD
LG