Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лютага 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Дзевяць гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці запрасіла пракурорка Радкевіч для дэпутата Андрэя Клімава. На ейную думку, Клімаў вінаваты ў крадзяжы дзяржаўнае маёмасьці ў буйных памерах і ў службовым падмане. Па абвінавачаньнях ў выманьваньні крэдыту й безьліцэнзійнае дзейнасьці пракурка прапанавала Клімава апраўдаць.

Сёньня на працэсе над дэпутатам Вярхоўнага Савету Андрэем Клімавым і ягонымі падначаленымі пракурорка Галіна Радкевіч агучыла свае меркаваньні наконт віны абвінавачваных і прапановы , як іх трэба пакараць.

Усе дзевяць абвінавачваных, лічыць пракурорка, вінаватыя, хаця і ў меншай ступені, чым меркавала сьледзтва. Галоўны арганізатар злачынства, якое мела месца пад час узьвядзеньня элітнага дому на Лодачнай вуліцы ў Менску, гэта Андрэй Клімаў – упэўненая пракурорка. Маўляў, ён ведаў пра памылку ў каштарысе, якую дапусьцілі праектанты, але не паведаміў пра яе гарадзкім уладам, а выкарыстаў у карысьлівых мэтах.

Паводле словаў пракуроркі, гэта на ягоны загад падначаленыя складалі фіктыўныя справаздачы, а супрацоўнікі ўправы капітальнага будаўніцтва й тэхнічнага нагляду Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, уступіўшы ў змову з будаўнікамі, зацьвярджалі гэтыя паперы. У выніку паводле дакумэнтаў атрымоўвалася, што на будоўлю пайшло ледзь не на 9 тысячаў кубамэтраў цэглы больш, чым на самой справе, з-за чаго гарадзкі бюджэт страціў больш як 3 мільярды рублёў па курсу 1995 году.

Гэта крадзеж – лічыць пракурорка й прапануе пакараць за гэтае злачынства й за службовы падман Андрэя Клімава дзевяцьцю гадамі калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці, а ягонага намесьніка Леаніда Ваўковіча – пяцьцю гадамі калёніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй.

Да астатніх абвінавачваных пракурорка была куды больш літасьцівая. Максімум, што яна запрасіла – гэта тры гады папраўчае працы для галоўнага інжынэра будоўлі Лук'янчука. Астатнім пагражаюць невялікія ўмоўныя пакараньні.

Што тычыцца абвінавачваньяў Клімава ў выманьваньні крэдытаў і ў ажыцьцяўленьні будаўніцтва безь ліцэнзіі, па якіх два гады таму бізнэсовец і быў зарыштаваны, то пракурорка Радкевіч ужо ня лічыць гэта даказаным і прапануе Клімава ў гэтай частцы абвінавачваньняў апраўдаць.

Тым ня менш выказваньні пракуроркі ў бок Клімава былі дастаткова жорсткімі. Галіна Радкевіч падкрэсьліла, што Клімаў не прызнаў сябе вінаватым, што магло б палегчыць ягоную віну й нават за два гады нічога не зрабіў, каб пакрыць нанесеныя дзяржаве страты.

Пасьля паседжаньня пракурор Радкевіч адмовілася даць інтэрвію нашаму радыё, спаслаўшыся на стомленасьць і адсутнасьць настрою. А вось Андрэй Клімаў сказаў некалькі словаў у той момант, калі міліцыянты начаплялі яму кайданкі. "…Дзевяць гадоў? Ну, гэта азначае, што мае абвінавачваньні ўлады й Лукашэнкі былі слушныя, і мяне за гэта жадаюць схаваць надаўжэй. Значыць, я ўсё слушна рабіў у Вярхоўным Савеце", – гэтак Клімаў пракамэнтаваў той тэрмін пакараньня, які патрабуе для яго пракурорка.

Абаронцы падсудных крытычна паставіліся да прамовы пракуроркі. Адвакат былога намесьніка Клімава Леаніда Ваўковіча ў прыватнасьці заявіў: "…У прамове пракуроркі, на мой погляд, не прагучала пераканаўчых доказаў віны майго падабароннага Ваўковіча", – лічыць адвакат Сяргей Буякевіч. Ён заўважыў, што пракурорка спасылалася на паказаньні Ваўковіча, якіх ён на самой справе не даваў. Адвакат у гэтым перакананы й будзе даказваць гэта пад час судовых спрэчак.

Абаронца Андрэя Клімава Гары Паганяйла назваў прамову пракуроркі "сумбурнай" і адарванай ад сучасных рынкавых рэаліяў. У гэтым памылковым, на ягоную думку, падыходзе Паганяйла бачыць адну з прычынаў незаконнага перасьледу дэпутата й прадпрымальніка Клімава. "…Хто быў уладальнікам дома да завяршэньня будоўлі?.. Хто? Уладальнікам было прадпрыемства Клімава. І гэтым усё сказана. Аб крадзяжы ўвогуле не магло быць размовы да завяршэньня будоўлі й перадачы дома на балянс Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту", – упэўнены Гары Паганяйла. У панядзелак ён паспрабуе ў апошні раз пераканаць суд у тым, што Андрэй Клімаў у прад'яўленых яму абвінавачваньнях не вінаваты.

XS
SM
MD
LG