Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лютага 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

На мінулым тыдні старэйшы лейтэнант міліцыі Алег Батурын у лісьце ў "Народную Волю" выкрыў мэханізм правакацыяў з боку праваахоўных ворганаў пад час "Маршу Свабоды" 17 кастрычніка Сёньня ён быў звольнены з афіцыйнай фармулёўкаю "за прагулы". Магчыма Батурына прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці за "паклёп на праваахоўныя органы".

Напярэдадні прафэсійнага сьвята беларуская міліцыя атрымала ня вельмі прыемны падарунак у выглядзе выказваньняў старэйшага лейтэнанта Алег Батурына. Намесьнік міністра нутраных справаў Юры Радзюкевіч прызнаецца, што гэта выпадак – першы за ўсю гісторыю праваахоўных ворганаў Беларусі.

Сёньня скандал атрымаў свой працяг. Спадар Радзюкевіч паведаміў журналістам, што матэрыялы службовага расьледваньня па факце выказваньняў Алега Батурына, будзуць перададзены ў пракуратуру на праўную ацэнку. Намесьнік міністра не выключае, што супраць старэйшага лейтэнанта будзе ўзбуджана крымінальная справа.

Па словах генэрала і ягоных падначаленных, Батурын, які служыў у апараце міністэрства й займаўся тэхнічным забесьпячэньнем, ня ўдзельнічаў у леташніх падзеях 17 кастрычніка. А нават калі й прысутнічаў на "Маршы Свабоды", дык на ўласную ініцыятыву, бо ў той дзень не працаваў. Акрамя гэтага Алег Батурын, у адпаведнасьці са сваёй пасадаю, ня мог прысутнічаць на нарадах, пра што згадваецца ў лісьце.

Усе гэтыя факты, на думку кіраўніцтва Міністэрства нутраных справаў, сьведчаць пра ілжывасьць заяваў міліцянта. Непасрэдныя начальнікі Батурына ўпэўненыя, што паклёп зарганізаваны з мэтаю дыскрэдытацыі праваахоўных ворганаў.

10 лютага ў лісьце, надрукаваным "Народнай Воляю", Алег Батурын заявіў, што бойка пад час "Маршу Свабоды" была зарганізаваная супрацоўнікамі праваахоўных ворганаў. Ён таксама апісаў некаторыя дэталі жыцьця міліцыянтаў.

Адразу ж пасьля зьяўленьня публікацыі адбыўся напад на Міхала Батурына, старэйшага брата Алега. Невядомыя, якія прадставіліся супрацоўнікамі міліцыя, прымушалі яго заявіць, што Алег Батурын – псыхічна хворы. Пасьля адмовы, людзі ў цывільным зьбілі Міхала Батурына. Паратунак ад перасьледу браты Батурыны знайшлі за межамі Беларусі.

Выглядае, што супрацоўнікі Міністэрства нутраных справаў ня вельмі ўстрывожаны скандалам. Службовых спагнаньняў пасьля заяваў лейтэнанта Батурына ніхто не атрымаў. Наўрад ці зьменяцца й мэтады падрыхтоўкі міліцыі да новых вулічных акцыяў. Тым больш, што вобраз праваахоўных ворганаў і адносіны з боку насельніцтва, як цьвердзяць самі міліцыянты, толькі паляпшаюцца.

XS
SM
MD
LG