Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лютага 2000 г.


Вольга Караткевіч

Адстаўку Сяргея Лінга і прызначэньне Ярмошына камэнтуюць палітолягі Валер Карбалевіч і Юры Дракахруст.

(Карбалевіч: ) "Сёньня ў Беларусі, можна сказаць, ужо няма легітымных ворганаў улады. Як Нацсход, так і прэзыдэнт, так і ўрад – даўно ўжо паводле юрыдычных канонаў не зьяўляюцца легітымнымі. І тое, што адбываецца ў Беларусі, даўно ўжо па-за рамкамі прававых працэсаў".

(Дракахруст: ) "У чым прычына. Магчыма, адбыўся пераход колькасьці ў якасьць. Лінг – чалавек немалады. Як вядома, ён ужо шмат разоў падаваў у адстаўку. Шмат разоў Лукашэнка на тле велічэзных эканамічных правалаў даваў ураду апошні тэрмін, каб выправіць становішча. Зараз, відаць, на самрэч, апошні тэрмін прайшоў, і таму Лукашэнка пайшоў на гэты крок.

Я б дадаў, што да пасады прэм'ера ён заўсёды ставіўся вельмі абачліва. Ён мяняў шмат міністраў, старшыняў Нацбанку, але за 5 гадоў ягонага праўленьня – гэта першая адстаўка прэм'ера. Чыгір сыйшоў сам.

Чаму менавіта асоба Ярмошына? Адное з меркаваньняў – што Ярмошын Менск дашлядаў сапраўды няблага. І бізнэс тут нейкі быў, і горад больш-менш чысты. Меў пэўны вопыт працы ў рынкавых умовах, бо канцэнтрацыя прыватнага бізнэсу найвышэйшая ў сталіцы.

Ёсьць яшчэ і далікатнае пытаньне, зьвязанае, тым ня менш, з палітычным. Сп.Ярмошын расеец па нацыянальнасьці. Гэта не ў папрок яму, але ў сілу асаблівасьці беларускай грамадзкай сьвядомасьці – менавіта дзякуючы гэтаму чыньніку ён ніколі ня будзе канкурэнтам Лукашэнку.

(Караткевіч: ) "Гэта было эканамічнае рашэньне – дазволіць Лінгу пайсьці ў адстаўку?

(Карбалевіч: ) "Падзея, сапраўды, чакалася даўно. Наогул, у краінах з аўтарытарным рэжымам адстаўкі ўраду ў пэрыяд нейкай напружанасьці ці палітычнага крызысу – зьява звычайная. Як правіла, на таго, каго накіроўваюць у адстаўку, сьпісваюць усе памылкі, і гэта неяк здымае віну з самога прэзыдэнта.

Дзіўна, што Лукашэнка не карыстаўся дагэтуль гэтым сродкам. На мой погляд – таму, што быў упэўнены ў сваёй папулярнасьці, і, мабыць, гэтую адстаўку прыберагаў на ўскрайні выпадак. Казаць, што такая сытуацыя зараз надыйшла – было б перабольшаньнем, але ж усё гэта – значны сымптом. Гэта прызнаньне цяжкага стану ў эканоміцы.

Другая вэрсыя: зьмена курсу? Як вядома, эканамічны курс у Беларусі вызначае ня ўрад, а Лукашэнка і ягоная адміністрацыя. З другога боку, у камандзе Лукашэнкі амаль усе – людзі ўзаемазамяняльныя. Што Далгалёў, што Мясьніковіч, што Ярмошын. Таму, на мой погляд, малаверагодна, што гэта – зьмена курсу. Ярмошын вядомы, як добры адміністратар, але не як асоба зь нейкімі палітычнымі поглядамі, новымі ідэямі. І адбываецца тое, што можна назваць "імітацыяй новага курсу". Мне здаецца, тут нешта падорбнае на зьмену міністра замежных справаў – Антановіча на Латыпава. Тады таксама казалі пра зьмену зьнешнепалітычнага курсу, але такога не адбылося.

Мне здаецца, зараз мы будзем назіраць новую асобу пры старым курсе".

(Караткевіч: ) "Ці ёсьць нейкая заканамернасьць у гэтай адстаўцы?"

(Дракахруст: ) "Магчыма, ёсьць, калі разглядаць яе ў рэчышчы тых чутак, якія ходзяць па Менску. Маўляў, барацьба ўладных клянаў, якая распачалася больш яўна з адстаўкі Ціцянкова, працягваецца. І, магчыма, адстаўка Лінга – крок у гэтай барацьбе. Бо на пасаду старшыні Менгарвыканкаму Ярмошын прыйшоў з пасады намесьніка старшыні па камунальнай гаспадарцы – а гэта заўсёды было вотчынай Мясьніковіча. І таму прыход Ярмошына можа азначаць і ўзмацненьне кляну Мясьніковіча. Бо пасьля пройгрышу Ціцянкова засталося фактычна 2 кляны: Мясьніковіча і Шэймана.

А наконт таго, што Ярмошын "ніякі" – летась ён усё ж зрабіў прыстойны ўчынак, неўласьцівы беларускай намэнклятуры. Гэта было пасьля трагэдыі на Нямізе, калі Лукашэнка абвясьціў, што вінаватых няма, а Ярмошын публічна падаў у адстаўку.У нас чыноўнікі звычайна ськідваюць зь сябе адказнасьць, а тут чалавек усё ж узяў на сябе адказнасьць.

(Караткевіч:) "Сп. Карбалевіч, а як Вы ацэньваеце бліжэйшыя пэрспэктывы ў гэтай сувязі?"

(Карбалевіч:) "Цяжка прагназаваць, бо сытуацыя нявызначаная – ні ў міжнародным сэнсе, ні ў беларуска-расейскіх адносінах, ня вызначана, калі будуць прэзыдэнцкія выбары – бо пад выбары Лукашэнка таксама можа мяняць каманду. Мясьніковіч увесь час узгадваўся як кандыдат на пасаду прэм'ера – але зараз на гэтай пасадзе іншая асоба."

(Караткевіч:) "А як Вы лічыце, Ярмошын – часовая фігура ці ён будзе зацьверджаны прэм'ер-міністрам Беларусі?"

(Карбалевіч:) "Я думаю, гэта ўжо прэм'ер –мінсітр, бо гэта ў Беларусі вызначае адна асоба. Нацыянальны сход амаль адзінагалосна зацьвердзіць яго".

(Караткевіч:) "Якое значэньне гэтай падзеі для апазыцыі?"

(Дракахруст:) "Лінг зыходзіць паводле ўласнага жаданьня, ён сапраўды немалады чалавек, паводле першых зьвестак , ён зыходзіць з падзякай. Эканамічная палітыка Лукашэнкі асацыюецца з Лінгам. Ён шэрагі апазыцыі не папоўніць. А вось для магчымасьцяў апазыцыі гэтая падзея станоўчая. Зрухі, зьмены ва ўладнай сыстэме адчыняюць дзьверы для апазыцыі. Лінг быў ценем Лукашэнкі. Кім будзе Ярмошын – невядома. Ён маладзейшы, зь іншым жыцьцёвым вопытам. Учынак, пра які я згадваў (падача ў адстаўку пасьля Нямігі) сьведчыць, што гэты чалавек здольны на ўчынкі. Сп. Лінг такіх учынкаў не рабіў."

(Караткевіч:) "А зараз пытаньне да Валера Карбалевіча. Што да беларуска-расейскіх дачыненьняў… Ці можна гаварыць, што будзе нейкі прагрэс-рэгрэс, больш прагматызму, менш прагматызму пасьля прыходу ва ўрад Уладзіміра Ярмошына, нягледзячы на тое, што Вы сказалі, што вырашае адзін чалавек. Але ён, тым ня менш, вырашае, хто побач зь ім, ці ня так?"

(Карбалевіч:) "Беларуска-расейскія дачыненьні будуць у нейкім сэнсе залежаць ад новага прэм'ера. Але, я думаю ўсё ж-такі беларуска-расейскія дачыненьні вырашае палітыка. Эканамічныя адносіны ў гэтых дачыненьнях – фактар другасны. Нейкае дапаўненьне да палітычных дачыненьняў. Таму я ня думаю, што гэтая асоба неяк паўплывае. Я хачу сказаць, што Ярмошын – добры адміністратар. Гэта прызнаюць усе. І ён стараецца даводзіць да канца справу, за якую бярэцца. Магчыма, ён будзе больш жорстка патрабаваць выкананьня дамоўленасьцяў. Можа, гэта неяк паўплывае на беларуска-расейскія дачыненьні."

(Дракахруст: ) "Мне, як і Валеру, цяжка сказаць, як будуць будавацца беларуска-расейскія адносіны пры Ярмошыне – гэта, зразумела, ня ён адзін будзе вызначаць. Але мне здаецца – і тут я вяртаюся да далікатнага моманту ягонага паходжаньня – што ён будзе спрабаваць не рабіць такіх крокаў, якія далі б магчымасьць абвінавачваць яго як ворага беларушчыны.

І я магу прывесьці такі прыклад зь ягонай біяграфіі. Гэта было, калі адбывалася прызначэньне Ярмошына на пасаду старшыні Менскага гарвыканкаму. Тады ў гарсавет прыехаў Лукашэнка, які прапаноўваў Ярмошына, і адзін з дэпутатаў устаў і спытаў Ярмошына: "А як вы ставіцеся да думкі, што на беларускай мове нельга сказаць нічога вялікага, нічога разумнага, а што ёсьць толькі дзьве вялікія мовы: расейская і ангельская?" Ярмошын запытаўся: "Які дурань гэта сказаў?" А той, хто гэта сказаў – сядзеў побач: гэта быў Лукашэнка. Ён толькі ўсьміхнуўся разам з усёй заляй…

На мой погляд, у гэтай гісторыі ёсьць некалькі цікавых момантаў. Ярмошын, сапраўды – тыповы гаспадарнік. І што там дзе Лукашэнка заяўляе – яго гэта, шчыра кажучы, не цікавіла. А з другога боку, гэта была даволі рэзкая рэакцыя на антыбеларускую думку".

Гутарыла

XS
SM
MD
LG