Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лютага 2000 г.


Сёньня стала вядома пра адстаўку прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Лінга. Міхаіл Чыгір, экс-прэм'ер міністар, папярэднік Сяргея Лінга на пасадзе камэнтуе ягоную адстаўку.

(Караткевіч: ) "Сп. Чыгір, чаму, па-Вашаму, Сяргей Лінг пайшоў у адстаўку – і чаму менавіта цяпер?"

(Чыгір: ) "Лінг працаваў прэм'ерам ад 1996-га, калі я падаў заяву пра сваю адстаўку. Гэты чалавек быў прызначаны на пасаду таму, што ніколі не выказваўся супраць палітыкі Лукашэнкі. Я павінен сказаць, што палітыка, у першую чаргу ў эканоміцы, на жаль, на працягу гэтых гадоў фармавалася не ва ўрадзе, а ўва адміністрацыі прэзыдэнта. Урад Лінга пільна выконваў даручэньні адміністрацыі і самога прэзыдэнта. І гэта прычына ягонага доўгага знаходжаньня на пасадзе прэм'ер-міністра, нягледзячы на тое, што становішча ўвесь час паршалася. Гэта, думаю, добра разумеў сам Лінг, ягоная заява ляжала на стале прэзыдэнта даўно, і вось час прыйшоў – заява задаволеная.

Я лічу, што гэтыя кадравыя перамены ніякіх пераменаў у эканоміцы Беларусі ня зробяць. Палітыка ў сфэры эканомікі якая была такая і застанецца надалей. Нейкае спадзяваньне дае тое, што выконваць абавязкі прэм'ера будзе Ярмошын. Ён вельмі добра ведае эканоміку горада. Але ці ўдасца Ярмошыну праводзіць такую палітыку, якую ён мог бы? Хутчэй, усё будзе адбывацца як і раней. Папўплываць на ўказы, на пастановы адміністрацыі, прэзыдэнта ўраду вельмі цяжка. Калі б удалося гэта зрабіць Ярмошыну, будзе добра. Ня ўдасца – амаль нічога ня зьменіцца. Баюся, зьмяніць нешта ў эканоміцы рэспублікі ня ўдасца".

(Караткевіч: ). "Сп. Чыгір, Вы лічыце, што крок Лукашэнкі – эканамічны паводле свайго характару?"

(Чыгір: ) "Нейкае рашэньне трэба было прыймаць. Эканамічнае становішча вельмі цяжкае. Сёньня ўрад ня можа адказаць, як будзе жыць Беларусь праз тры-чатыры месяцы. Ідзе вясна. Як пройдзе пасяўная, ніхто ня ведае, запасы вельмі малыя. Гэта дае падставы для зьмены ўраду. Але ўрад зьмяніць ня зможа нічога, бо наогул кірунак эканамічнага разьвіцьця выбраны памылковы".

(Караткевіч: ) "Сп. Чыгір, калі Вы былі прэм'ер-міністрам і журналісты, аналітыкі абмяркоўвалі Вашу кадыдатуру, яны таксама гаварылі, што Вы – чалавек памяркоўны, які не выказваецца наконт палітыкі прэзыдэнта, тады легітымнага. Пасьля таго, як Вы пайшлі ў адстаўку, Вы шмат што пераацанілі. А як, па-Вашаму, ацэньвае беларускую ўнутраную палітыку, інтэграцыю з Расеяй Сяргей Лінг?"

(Чыгір: ) "Вы робіце памылку, калі кажаце, што я чалавек памяркоўны. Я ніколі не рабіў свае заявы пра разнагалосьсі публічна, але ж Вы, пэўна, ведаеце, што адбывалася. Каля я ня мог падняць цэны, калі тут знаходзіўся прэзыдэнт, дык я чакаў, пакуль ён ад'едзе за межы рэспублікі. За гэтыя два-тры дні я гэтыя цэны падымаў. Прэзыдэнт вяртаўся, быў скандал, але ўсё ж тое, што я лічыў патрэбным, я рабіў. Я не выносіў спрэчкі на тэлебачаньне, але ў мяне былі вялікія супярэчнасьці з прэзыдэнтам. Я лічыў, калі я разам зь ім працую, дык гэта павінна вырашацца ў кабінэтах".

(Караткевіч: ) "А ў выпадку Лінга?"

(Чыгір: ) "Ён шмат разумеў у эканоміцы, але ніколі ня мог супрацьстаяць Лукашэнку. Ніводнага рашэньня ён не ажыцьцяўляў без ухвалы Лукашэнкі".

(Караткевіч: ) "І апошняе пытаньне: ці могуць, па-Вашаму, шэрагі апанэнтаў Лукашэнкі папоўніцца асобай Лінга?"

(Чыгір: ) "Не, гэта не адбудзецца . Лінг выхаваны старой сыстэмай і новая сыстэма на яго ніякага ўплыву не зрабіла. Ён пойдзе ў адстаўку і паўслова ня скажа супраць Лукашэнкі".

гутарыла
Вольга Караткевіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG