Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 лютага 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

"Справа Бабіцкага" – ці ня ёсьць яна часткай большай кампаніі, скіраванай супраць заходніх сродкаў масавай інфармацыі, што працуюць у Расеі? Пасьля абвяшчэньня, што Андрэй Бабіцкі быў абменены на расейскіх жаўнераў, афіцыйны расейскі бок рэгулярна паўтарае, што Бабіцкі – карэспандэнт Радыё Свабода, арыштаваны каля Грознага фэдэральнымі сіламі 16-га студзеня, – журналіст амэрыканскай радыёстанцыі – заўважае француская газэта "Le Monde".

Ужо 4-га лютага прэсавы сакратар ФСБ Аляксандар Здановіч выказаўся пра Радыё Свабода. Цытую: "Уявіце сабе, каб там, у Амэрыцы, расейцы стварылі сродак масавай інфармацыі са стопрацэнтным расейскім капіталам і вялі інфармацыйную палітыку, адрозную ад пазыцыяў Дзяржаўнага дэпартамэнту. Гэта быў бы сур'ёзны выклік, які б ворганы бясьпекі нат і не падумалі дапусьціць". Той жа Здановіч заявіў, што "Арабскія краіны выдзелілі 1,5 мільярда даляраў, каб адстойваць справу чачэнцаў у прэсе".

Шматлікія расейскія сродкі масавай інфармацыі дэманстравалі поўную абыякавасьць у дачыненьні да лёсу Андрэя Бабіцкага. Нешта кшталту халоднай вайны. "Свабода фінансуецца кангрэсам Злучаных Штатаў і знаходзіцца пад уплывам ЦРУ", – напісаў штотыднёвік "Аргумэнты і Факты", які выходзіць накладам 2 з паловаю мільёнаў экзэмпляраў. Нядаўна рэдактар "Незавісімай газэты" Віталі Трацьцякоў напісаў у артыкуле рэдактара: "Агрэсыўная пазыцыя гэтага радыё, што да Бабіцкага, не прадстаўляе поглядаў расейскай журналісцкай грамадзкасьці. "Чаму дырэктар Радыё, некаторыя з супрацоўнікаў, паводзяць сябе ў эфіры так, нібыта яны актыўныя ўдзельнікі палітычнага жыцьця Расеі, краіны, дзе яны зьяўляюцца замежнымі журналістамі?"

Але рэдактарскі штат радыё Свабода ў бальшыні складаецца з расейскіх журналістаў. І за дзень да апублікаваньня свайго артыкулу спадар Трацьцякоў адмовіўся падпісаць ліст, у якім 51 зь яго калегаў заявілі пра цынізм і самавольства расейскіх уладаў у выпадку Бабіцкага". У маскоўскім бюро Радыё Свабода значэнне гэтых атакаў зьмяншаюць, нягледзячы на тое, што дзіўныя і рэгулярныя тэхнічныя праблемы ўзьнікаюць цягам апошніх дзён у сярэдняхвалявым вяшчаньні. Дырэктар вяшчаньня Радыё Свабода Джэф Трымбал гаворыць, што яшчэ зарана сьцьвярджаць, што расейскія ўлады робяць гэта адмыслова. Апроч сытуацыі з Бабіцкім,
– паведаміў Трымбал, – радыё ня мае ніякага ўціску. Атакуючы Радыё Свабода, спадар Здановіч прадставіў стэрэатыпы, зьвязаныя з радыё.

Нашая даведка: Створанае ў 1951 годзе амэрыканскае радыё Свабода вяшчала на 23 мовах. Да канца 60-х яно фінансавалася ЦРУ. Першыя 30 гадоў радыё Свабода месьцілася ў Мюнхэне, зь верасьня 1995 – у Празе. Яно пачало функцыянаваць як незалежная інстытуцыя, фінансаваная Кангрэсам Злучаных Штатаў праз грант. Для шматлікіх генэрацыяў савецкіх людзей Радыё Свабода было адзінай крыніцай непадцэнзурнай інфармацыі. Радыё мае сетку карэспандэнтаў у Расеі і іншых постсавецкіх рэспубліках. Станцыя прадстаўляе ўва ўсіх парамэтрах палітыку, эканоміку, культуру.

У 1991 годзе Барыс Ельцын падпісаў указ аб адкрыцьці ў Маскве быро Радыё Свабода. Пазьней ён выказаў падзяку радыёстанцыі за асьвятленьне жнівеньскага путчу у 1991 годзе."

Тым часам у Расеі выйшаў спэцыяльны выпуск "Общей газеты". – пад назовам "Хлусьня ня можа быць нацыянальнай ідэяй". У спэцвыпуску апублікаваны зварот Саюзу журналістаў Расеі з нагоды зьнікненьня Андрэя Бабіцкага. Зварот пачынаецца словамі: "Упершыню за апошнія некалькі гадоў пагроза свабодзе слова ў Расеі перарасла ў яе адкрытае, плянамернае здушэньне. Пераўтварэньне Камітэту друку ў "Міністэрства прапаганды" цяпер прыроўнена да "сілавага ведамства", што й было паведамлена. Што стала, на думку расейскіх журналістаў "першым сыгналам да перабудовы сродкаў масавай інфармацыі ў баявыя парадкі для ўдзелу ў інфармацыйных войнах, якія пахавалі дэмакратычныя выбары і хаваюць праўду пра сапраўдную вайну, якая вядзецца на Паўночным Каўказе. Тое, што адбылося з Бабіцкім, – заяўляе расейскі Саюз журналістаў, – успрымаецца намі не як асобны эпізод сучаснага жыцьця, але ці не зваротны пункт у барацьбе за прэсу, якая служыць грамадзтву, а ня ўладзе…"

Таксама ў адмысловым выпуску зьмешчаныя ўрыўкі чачэнскіх рэпартажаў Андрэя Бабіцкага, напамін генэралу Здановічу. Адвакат Генры Рэзьнік пра справу Бабіцкага гаворыць так: "Цяжка камэнтараваць абсурд". Шмат іншых матар'ялаў, у тым ліку і інтэрвію з жонкай Бабіцкага Людмілай. На пытаньне, кім для вас ёсьць Андрэй: "Ён для мяне ўсё. Надзея і апора. Любімы чалавек".

Пра апэрацыю ў Чачні журналіст Андрэй Чаркізаў у матар'яле "Я абвінавачваю" гаворыць пра тое, што "расейскія ўлады вядуць на ўласнай тэрыторыі нелегальную вайну супраць сваіх грамадзянаў". Што да апошняй самай гучнай інфармацыі з Чачні – гэта тое, што адбываецца ў фільтрацыйных лягерах для чачэнцаў. Людзям не стае ежы. Фіксуюцца факты гвалту. Газэта "Le Monde" днямі напісала, што яе карэспандэнту адзін расейскі вайсковец, які працуе ў фільтрацыйным лягеры, паведаміў: "Тыя 150 тысячаў чачэнцаў, якія там зьмешчаныя, калі не загінуць, павінныя стаць інвалідамі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG