Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 лютага 2000 г.


Віталь Тарас, Прага

Пагадненьне, дасягнутае ў Маскве паміж выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімерам Пуціным й Генэральным сакратаром НАТО Джорджам Робэртсанам зусім не азначае, што Паўночна-Атлянтычны альянс зьбіраецца пышараць кантакты і зь Беларусьсю. Аб гэтым у інтэрвію нашаму Радыё заявіў адзін з супрацоўнікаў штаб-кватэры НАТО ў Брусэлі.

Між тым, міжнародны друк, у тым ліку амэрыканскі, абмяркоўвае значэньне візыту Джорджа Робэртсана ў Маскву для Расеі і мэты, якія ставіць перад сабой Пуцін.

Расея вырашыла скончыць самаізаляцыю, якая працявалася 11 месяцаў з пачатку вайны ў Косаве ды аднавіць нармальныя стасункі із Захадам, – канстатуюць вядучыя амэрыканскія газэты.

Выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімер Пуцін і Генэральны сакратар НАТО Джордж Робэртсан дасягнулі пагадненьня аб гэтым ў часе 45-хвіліннай сустрэчы ў Крамлі, – піша сёньняшняя "Washington Post", і працягвае. – Гэта сталася найбольш значным рашэньнем Пуціна ў галіне зьнешняй палітыкі з часу, калі ён заняў сваю цяперашнюю пасаду сем тыдняў таму, і яно віталася як знак таго, што Пуцін працягвае руку Захаду.

Газэта нагадвае, што Расея спыніла кантакты з НАТО на вышэйшым узроўні летась у сакавіку на знак пратэсту супраць бамбаваньняў аб'ектаў у Югаславіі.

Цягам тых месяцаў, калі кантакты Расеі з НАТО былі замарожаныя, у Маскве гучала мілітарысцкая рыторыка, і там быў прыняты новы бюджэт, у якім прадугледжана значна больш выдаткаў на абарону, але якія ў колькасным значэньні саступаюць аналягічным выдаткам у ЗША.

Сакратар Рады бясьпекі Расеі Сяргей Іваноў лічыць, што кіраўніцтва НАТО й Расеі павінныя, дзеля пачатку параўнаць свае вайсковыя дактрыны. Новая расейская канцэпцыя нацыянальнае бясьпекі, прынятая 14 студзеня, адлюстравала рост занепакоенасьці з боку Расеі тым, што разглядаецца ў гэтым дакумэнце як тэндэнцыі да экспансіі з боку Амэрыкі ды Эўропы. У дакумэнце таксама даволі ясна акрэсьленыя ўмовы выкарыстаньня ядзернае зброі ў вайне ў выпадку, (цытата) "калі ўсе іншыя меры разьвязаньня крызысу будуць бязвыніковымі".

Стратэгічная канцэпцыя НАТО, ухваленая ў красавіку 99-га
году 19-цю краінамі-сябрамі альянсу, прадугледжвае, на пачатку, выкарыстаньне ваеннага ўмяшаньня ў крызісных рэгіёнах па-за межамі сваёй тэрыторыі.

Як піша іншая амэрыкангская газэта, "New York Times", Уладзімер Пуцін накіраваў у сераду ў Вашынгтон сакратара Рады бясьпекі Расеі Сяргея Іванова, каб ён абмеркаваў пытаньне скарачэньня стратэгічных узбраеньняў (як вядома, Расея дагэтуль не ратыфікавала падпісанае яшчэ ў 1993-м годзе пагадненьне АСВ-2). Іванову даручана таксама правесьці перамовы адносна магчымай сустрэчы Пуціна з прэзыдэнтам Клінтанам.

Паводле "New York Times", Пуцін шукае магчымасьцяў палепшыць адносіны із Захадам, бо разглядае яго як крыніцу атрыманьня грошай й тэхналёгіяў з мэтай адбудовы Расеі.

На мінулым тыдні, – піша "New York Times", – Расея заключыла зьдзелку з прыватнымі фірмамі на Захадзе аб рэструктурызацыі свёй пазыкі на суму амаль 32 мільярды даляраў. Зьдзелка імгненна ўзьняла крэдытны рэйтынг Расеі й зьмяніла да лепшага клімат для замежных інвэстыцыяў, чаго й дамагаецца Пуцін.

Са свайго боку, прадстаўнік дзяржаўнага Лэпартамэнту Джэймс Рубін сказаў, што ЗША вітаюць дамоўленасьць паміж НАТО й Масквой, і што Пуцін, паводле словаў Рубіна, "лічыць захаваньне адносінаў паміж ЗША й Расеяй больш важным, чымся разыходжаньне ў падыходах да ключавых праблемаў".

Расейскае кіраўніцтва настойвае, што ў дамоўленасьці няма нават гаворкі пра зьмены вайсковай палітыкі Масквы ў Чачні. Пуцін імкнецца заручыцца падтрымкай генэралаў. Аднак Джордж Робэртсан падкрэсьліў у сераду, у часе візыту ў Маскву, што рашэньне аднавіць стасункі з НАТО прымаў сам Пуцін.

Аднаўленьне афіцыйных стасункаў паміж НАТО й Масквой зусім не азначае, аднак, распаўсюджаньне падобных стасункаў на афіцыйны Менск. Як заявіў у інтэрвію нашай радыёстанцыі прэсавы афіцэр штаб-кватэры НАТО ў Брусэлі Франсуа ЛёБлэвэнэк (Francois Le Blevenec), Асноватворны акт аб узаемаадносінах Расеі й НАТО, быў падпісаны Барысам Ельцынам яшчэ да фармальнага стварэньня саюзу Беларусі й Расеі, таму дзеяньне гэтага акту не распаўсюджваецца мэханічна на адносіны зь Беларусьсю. Спадар ЛеБлэвэнек падкрэсьліў таксама, што пакуль што афіцыйныя кантакты зь Беларусью ажыцьцяўляюцца выключна ў рамках праграмы НАТО "Партнэрства дзеля міру", і што гэтыя кантакты маюць вельмі абмежаваны характар.

Варта нагадаць, што нягледзячы на антынатаўскую рыторыку вышэйшага беларускага кіраўніцтва – асабліва ў часе вайны ў Косаве – Беларусь, у адрозьненьне ад Расеі, не адклікала свайго афіцыйнага прадстаўніка ў НАТО генэрала Кастэнку. Праўда, кантакты з кіраўніцтвам альянсу з боку Анатоля Кастэнкі, які сумяшчае сваю пасаду з пасадай вайсковага аташэ ў Брусэлі, ніколі не былі надта інтэнсыўнымі.

Што тычыць чарговых ваяўнічых заяваў Аляксандра Лукашэнкі –напрыклад, аб тым, што ў выпадку нападу на Беларусь, Расея, маўляў, адразу нанясе агрэсару ядзерны удар, дык яны, як гэта было й раней, прызначаныя хутчэй за ўсё, не Захаду, але самой Расеі. Таксама як і заявы аб магчымым пашырэньні кантактаў із Захадам, падобныя пагрозы маюць прапагандысцкі харатар і прыдатныя яны, хіба што дзеля ўнтуранага выкарыстаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG