Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 лютага 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Апублікаваны дэкрэт Лукашэнкі аб вызваленьні ад падатку на даданую вартасьць дробных прадпрымальнікаў, выручка якіх не перавышае трох тысячаў мінімальных заробкаў за месяц. Лідэры Свабоднага прафэсійнага саюзу прадпрымальнікаў, незалежныя экспэрты й нават дзяржаўныя чыноўнікі лічаць, што гэты дэкрэт не вырашае асноўных праблемаў дробнага бізнэсу.

Увядзеньне зь 1 студзеня падатку на даданую вартасьць прывяло да агульнанацыянальнага страйку прадпрымальнікаў. Пасьля пачатку акцыі пратэсту Лукашэнка й міністар прадпрымальніцтва Сазонаў сталі заяўляць, што ня будуць вырашаць праблемы прадпрымальнікаў, пакуль тыя аказваюць ціск на ўладу. Гандляры саступілі й спынілі страйк 12 лютага, аднак мінуў яшчэ амаль тыдзень, перш чым Лукашэнка паставіў свой подпіс пад падрыхтаваным дакумэнтам.

Дэкрэт уступае ў сілу зь 1 студзеня 2000 году й будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль г.зв. "Нацыянальны сход" не ўнясе адпаведных зьменаў у закон. На думку лідэра Свабоднага прафэсійнага саюзу прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага, гэты дэкрэт зьявіўся толькі дзякуючы ціску прадпрымальнікаў.

Леванеўскі лічыць, што ўлады ад самага пачатку ведалі, што спагнаньне з дробных прадпрымальнікаў падатку на даданую вартасьць прывядзе да канфлікту, але сьвядома гэты канфлікт інсьпіравалі. Паводле ягоных словаў, ім цікава было паназіраць за рэакцыяй гандляроў, але яны не чакалі, што агульнанацыянальны страйк будзе такім масавым.

А віцэ-прэзыдэнт Беларускага зьвязу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа гаворыць, што дэкрэт прыняты толькі дзеля таго, каб астудзіць палітычныя жарсьці, што разгарэліся вакол закону аб падатку на даданую вартасьць. На думку спадара Патупы, прадпрымальнікі па-ранейшаму застаюцца ў вельмі цяжкім стане (высокія штрафы, праверкі й г.д.), і адмена аднога віду падатку для гандляроў з адносна невялікім абаротам у сем з паловаю тысячы даляраў (прыкладна такую суму складаюць 3 тысячы "мінімалак") не вырашае астатніх праблемаў.

Такую думку падзяляюць многія гандляры. Гаворыць адзін зь лідэраў Свабоднага прафэсійнага саюзу Леанід Каліценя: "Гэты дэкрэт сам па сабе ўсіх праблемаў ня здымае. І ў маіх калегаў, і ў прадпрымальнікаў настрой такі, што трэба далей працаваць, каб прывесьці сытуацыю ў краіне да нармальнага стану. Мы будзем і надалей дамагацца таго, чаго хочам. А прыняцьцё гэтага дэкрэту мае хутчэй характар сымбалічнага кроку", – паведаміў спадар Каліценя.

Начальнік аднае з управаў Міністэрства прадпрымальніцтва Мікалай Раманоўскі не зьвязвае прыняцьцё Лукашэнкам дэкрэту з праведзеным нядаўна агульнанацыянальным страйкам. Паводле ягоных словаў, іхнае міністэрства распрацавала праект дэкрэту яшчэ да пачатку страйку, а не падпісваўся ён гэтак доўга таму, што йшла дапрацоўка асобных палажэньняў. Тым ня менш, спадар Раманоўскі таксама лічыць, што адмена падатку не вырашае іншых праблемаў прадпрымальнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG