Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 лютага 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Адбыўся сход прыватных прадпрымальнікаў сталічнага "Камароўскага кірмашу". Гэты самы буйны ў Беларусі кірмаш у чарговы раз стаўся месцам вострага супрацьстаяння дробных гандляроў і адміністрацыі.

Сход быў скліканы паводле ініцыятывы прафэсійнага саюзу "Садружнасьць". Гэты прафэсійны саюз трывала ўмацаваўся на "Камароўцы" ўлетку мінулага году. Тады "Садружнасьць" абвясьціла рашучы пратэст супраць намеру адміністрацыі ліквідаваць частку гандлёвых месцаў пад выглядам падвышэньня пажарнае бясьпекі. Леташні пратэст быў плённым – адміністрацыя "Камароўкі" вымушаная была задаволіць патрабаваньні гандляроў.

Цяперашні канфлікт мае крыху іншую афарбоўку. Гаворыць намесьніца старшыні прафсаюзнага камітэту прыватных прадпрымальнікаў Менску й Менскай вобласьці Мая Сінайская:

"На "Камароўцы", сапраўды, пытаньне вельмі сур'ёзнае. Яны вырашылі адрамантаваць "Камароўку". Іншымі словамі, адміністрацыя мае намер памяняць дахі над гандлёвымі шэрагамі. Але прадпрымальнікі не разумеюць такіх плянаў, паколькі гэтыя дахі моцныя і не патрабуюць абнаўленьня.

Пад гэтым нібыта прыстойным выглядам на вуліцу выкідваюцца адразу дзевяцьсот чалавек. Апроч таго, ёсьць пляны зрабіць на "Камароўцы" аўтастаянку. Таму разам пазбавяцца працоўных месцаў паўтары тысячы чалавек. Мы зьвярталіся ў тэрытарыяльны камітэт прадпрымальніцтва, у гарадзкі выканаўчы камітэт, але там кажуць: "Нічога ня ведаем, гэта распараджэньне Ярмошына ў сувязі з генэральнай рэканструкцыяй "Камароўскага рынку", – патлумачыла Мая Сінайская.

Пагроза страты працоўных месцаў зьяднала камароўскіх гандляроў. Болей за сто чалавек прыйшлі на сёньняшні сход, каб вызначыцца, як абараніць сябе.

(Гукавая застаўка сходу. Чуюцца галасы: ) "Давайце ўспомнім, што гэта наш агульны рынак". "Гэта наш рынак".

Сход падтрымаў прафсаюзную ініцыятыву супрацьдзеяньня плянам адміністрацыі "Камароўкі" й сталічнага гарадзкога выканаўчага камітэту. На 29 лютага "Садружнасьць" падала заяўку на правядзеньне двух пікетаваньняў і шэсьця. Пікетаваньні мяркуецца правесьці ля Камароўкі й паблізу гарадзкога выканаўчага камітэту – у сквэрыку на скрыжаваньні вуліцаў Ленінградзкай і Сьвярдлова.

Шэсьце прадпрымальнікаў заплянаванае па праспэкце Скарыны. Прычым, сход вырашыў, што гандляры будуць на шэсьці з валізамі й вазкамі, якія сымбалізуюць нялёгкую працу "чаўнакоў".

Акцыі пратэсту, паводле рашэньня сёньняшняга сходу камароўскіх прадпрымальнікаў, пройдуць пры ўдзеле Беларускага Народнага Фронту. Вось як патлумачыла згаданы ўдзел яшчэ адная лідэрка "Садружнасьці" Кацярына Навумовіч:

(Навумовіч: ) "Таму што Беларускі Народны Фронт – гэта нацыянальна арыентаваны рух, які зацікаўлены ў тым, каб грамадзяне Рэспублікі Беларусь мелі на тэрыторыі сваёй краіны годны занятак і годнае жыцьцё. БНФ дапаможа нам, так бы мовіць, з мастацкім афармленьнем акцыяў пратэсту. Зразумела, яны адбудуцца ў тым выпадку, калі наша слова ня будзе пачутае. Мы спадзяемся, што да гэтага справа ня дойдзе й праблема будзе вырашаная раней".

XS
SM
MD
LG