Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 лютага 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Былому прэм'еру Міхаілу Чыгіру судзьдзі не дазволілі зьезьдзіць у Маскву, каб прывезьці неабходныя для абароны ў судзе дакумэнты. Працэс над Чыгіром адновіцца 28 лютага, пры ўмове выздараўленьня адвакаткі Юліі Чыгір.

Сёньня Міхаіл Чыгір зьвярнуўся да судзьдзяў з просьбаю дазволіць наведаць Маскву, месца ягонай апошняе працы, дзе ён захоўвае некаторыя дакумэнты. "Гэта, у тым ліку, статыстычныя дадзеныя ды іншыя паперы, якія тычацца маёй працы на пасадзе старшыні Аграпрамбанку. Упэўнены, што гэтыя дакумэнты спатрэбяцца мне для абароны ад прад'яўленых абвінавачваньняў", – тлумачыў былы прэм'ер.

Да хадайніцтва далучыліся і ягоныя абаронцы. Каб даць магчымасьць Чыгіру зьезьдзіць па дакумэнты ў Маскву, яны прасілі адмяніць меру стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыязьдзе, якую яму далі ў пракуратуры, а замест гэтае падпіскі ўзяць зь яго пісьмовае абяцаньне зьяўляцца на суд. "Закон дазваляе гэта, паколькі няма падставаў не давяраць Міхаілу Чыгіру", – даказвалі адвакаты.

Аднак пракурор Віктар Жынгель выказаўся супраць, і судзьдзі прыслухаліся менавіта да яго. Меру старыманьня былому прэм'еру Чыгіру не зьмянілі – такім чынам, нікуды (нават за межы Менску) яму зьяжджаць не дазволена.

Цікава, што Чыгір тлумачыць гэткую пільнасьць з боку суду матывамі, не зьвязанымі непасрэдна са справаю…

(Чыгір: ) "Калі казаць адкрыта, я вельмі добра разумею, чаго яны баяцца маёй паездкі ў Маскву. Яны не баяцца таго, што я паеду ў Маскву і не вярнуся ў Беларусь, яны баяцца таго, што я, магчыма, буду сустракацца з расейскімі палітыкамі. Гэта іх вельмі насьцярожвае. Таму яны адмаўляюць мне ў паездцы ў Маскву".

Сёньня суд таксама разгледзеў і задаволіў хадайніцтва Міхаіла Чыгіра пра замену адваката Сяргея Лепеша. Замест яго Чыгір заключыў дамову з адвакатам Аляксандрам Пыльчанкам, які працуе ў юрыдычнай кансультацыі Савецкага раёну Менску.

Суд дазволіў адвакату знаёміцца са справаю да 28 лютага. А пакуль зноў абвешчаны перапынак ў сувязі з працягам хваробы адвакаткі Юліі Чыгір. Міхаіл Чыгір пра сёньняшні стан здароўя жонкі сказаў:

(Чыгір: ) "Мы спадзяемся, што да 28-га ў яе са здароўем усё будзе ў парадку, але пакуль што сёньня яна адчувае сябе дрэнна".

Гэта быў Міхаіл Чыгір, суд над якім павінен аднавіцца 28 лютага.

XS
SM
MD
LG