Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аборт, падобны на забойства


ЗША: актывісты руху супраць абортаў дэманструюць плястыкавыя мадэлі зародкаў
ЗША: актывісты руху супраць абортаў дэманструюць плястыкавыя мадэлі зародкаў

Урад Беларусі істотна скараціў сьпіс паказаньняў, паводле якіх жанчынам дазваляецца рабіць аборт на позьнім тэрміне цяжарнасьці — да 22-х тыдняў. Раней такіх паказаньняў было каля дзясятка, засталося тры. Меркаваньні лекара, псыхоляга, прадстаўніцы жаночай арганізацыі.

Аборт нават на пятым месяцы цяжарнасьці раней можна было зрабіць, калі жанчына альбо яе муж у турме, калі муж — інвалід, калі ёсьць дзіця-інвалід, калі ў жанчыны падчас цяжарнасьці памёр муж, калі ў жанчыны ўжо ёсьць трое дзяцей, каля яна разьвялася падчас цяжарнасьці, і нават — калі яе муж страціў працу. Цяпер такіх паказаньняў засталося тры: сур’ёзныя мэдычныя паталёгіі, калі жанчына была згвалтаваная і калі яна пазбаўлена бацькоўскіх правоў.

Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, 92% абортаў у краіне робіцца на раньніх тэрмінах цяжарнасьці — да 12 тыдняў.

На думку старшыні міжнароднай грамадзкай арганізацыі «Гендэрныя пэрспэктывы» Ірыны Альхоўкі, дзяржава пайшла на кампраміс: для большасьці жанчын, нават калі яны ня пойдуць на аборт, важна мець такое права на раньніх тэрмінах цяжарнасьці.


Ірына Альхоўка
Ірына Альхоўка
«Галоўнае, што не было ўведзена ніякіх абмежаваньняў на аборт да 12 тыдняў. А што тычыцца абортаў на вялікіх тэрмінах — гэта, безумоўна, жудасная працэдура. І мне здаецца, гэта — на адказнасьці жанчыны: калі яна да такога тэрміну не прыняла рашэньня, яна не разумее, што і сваё жыцьцё можа паставіць пад пагрозу».

Былы галоўны лекар-гінэколяг краіны, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сьвятлана Шылава, яшчэ калі практыкавала як лекар, выступала за тое, каб абмежаваць аборты на вялікіх тэрмінах. Яна сама рабіла такія апэрацыі і сьведчыць, што гэта маральна цяжка і дактарам:

«Перарываньне цяжарнасьці на позьніх тэрмінах небясьпечнае як для стану здароўя жанчыны (таму што гэта, у прынцыпе, штучныя роды), так і доктару маральна вельмі складана рабіць апэрацыю на такім тэрміне па сацыяльных паказаньнях. Таму гэтай забароны дамагаліся ня толькі рэлігійныя арганізацыі, гэтага даўно хацелі мэдычныя работнікі».

З 8% абортаў на позьніх тэрмінах толькі 1% выконваецца паводле сацыяльных паказаньняў, а не мэдычных, кажа Сьвятлана Шылава:

Сьвятлана Шылава
Сьвятлана Шылава
«Паводле мэдычных паказаньняў — так. Як бы гэта ні было складана маральна, але калі гаворка ідзе пра жыцьцё жанчыны, то, вядома, мы будзем выбіраць, як лекары, жыцьцё жанчыны. І паводле мэдычных паказаньняў гэта застаецца, калі тэрмін да 22 тыдняў. Але, да прыкладу, было такое сацыяльнае паказаньне, як наяўнасьць у жанчыны траіх дзяцей. І калі ў яе чацьвёртая цяжарнасьць і яна яе не перарвала да 12 тыдняў, яна магла па сацыяльных паказаньнях перарваць цяжарнасьць. Гэта ж нонсэнс!»

Сямейны псыхоляг і шматдзетная маці Натальля Ўдавенка выступае за тое, каб права выбару мела сама жанчына:

«Напэўна, гэтыя жорсткія абмежаваньні даюць падставу жанчыне задумацца аб кантрацэпцыі — гэта першае. Па-другое, калі гэта забаронена, калі такая безвыходнасьць — маўляў, я цяжарная, але ўжо не магу перарваць, бо забаронена, — магчыма, некаторым жанчынам гэта дапаможа. Жанчына тады вучыцца прымаць тое, што ёсьць. А з другога боку, я як шматдзетная маці магу сказаць, што калі жанчына рашаецца на такое, у яе ёсьць на гэта вельмі сур’ёзныя прычыны».

У Расеі ёсьць толькі адно паказаньне для перарываньня цяжарнасьці на позьніх тэрмінах — згвалтаваньне.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасьць абортаў у Беларусі скарачаецца: у 2000 годзе 121 900 жанчын штучна перарвалі цяжарнасьць, у 2011 годзе — 26 858.

У 2011 годзе нарадзілася 109 тысяч дзяцей, а магло б — на чвэрць болей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG