Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 лютага 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Як паведаміла старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына, Лукашэнка падпісаў Выбарчы кодэкс яшчэ 11 лютага.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Ярмошына й сябры лукашэнкавай "палаты прадстаўнікоў" заяўлялі, што нават пасьля прыняцьця кодэксу дыялёг з апазыцыяй магчымы, а таксама выказвалі упэўненасьць, што бальшыня апазыцыйных партыяў пойдуць на парлямэнцкія выбары.

Старшыня Цэнтарвыбаркаму таксама паведаміла, што на наступным тыдні адбудзецца яе сустрэча з кіраўніком расейскага Цэнтарвыбаркаму Вешняковым, пад час якой будуць абмяркоўвацца пытаньні правядзеньня выбараў у "саюзны" парлямэнт. Спадарыня Ярмошына абвесьціла, што кодэкс уступіць у законную сілу празь месяц пасьля падпісаньня.

Тое, што выбарчае заканадаўства прынятае без перамоваў з апазыцыяй, выклікала нэгатыўную рэакцыю міжнародных арганізацыяў. Ня выключана, што восеньскія выбары ў беларускі парлямэнт ня будуць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю.

Але прадстаўнікі беларускае ўлады дэманструюць упэўненасьць у тым, што выбары будуць прызнаныя. Асноўныя тэзы пазыцыі ўлады былі паўтораныя на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі, у якой бралі ўдзел старшыня Цэнтарвыбаркаму, сябры "палаты прадстаўнікоў" і чыноўнікі з адміністрацыі "прэзыдэнта".

Тэзы гэтыя такія: кодэкс дастаткова дэмакратычны, пра што сьведчыць станоўчая рэцэнзія гэтак званае "Венэцыянскае камісіі" Рады Эўропы; кодэкс значна больш дэмакратычны, чым ранейшыя законы аб выбарах; у кодэксе ўлічаныя амаль усе прапановы групы АБСЭ, якія супадалі з патрабаваньнямі апазыцыі.

Старшыня камісіі дзяржаўнага будаўніцтва "палаты прадстаўнікоў" Красуцкі лічыць, што частка апазыцыі возьме ўдзел у гэтых выбарах: ён назваў Партыю камуністаў, Лібэральна-дэмакратычную партыю, партыю жанчынаў "Надзея" і сацыял-дэмакратаў Шушкевіча. На ягоную думку, калі прадстаўнікі гэтых партыяў будуць балятавацца, нельга будзе гаварыць пра няўдзел апазыцыі ў выбарах.

Разам з тым удзельнікі сёньняшняе прэсавае канфэрэнцыі сьцьвярджалі, што дзьверы для дыялёгу не зачыненыя. Паводле словаў спадарыні Ярмошынай, у кодэкс яшчэ могуць быць унесеныя зьмены, калі гэта будзе вырашана пад час дыялёгу. Але яна заўважыла, што гэтыя зьмены ня могуць мець прынцыповага, канцэптуальнага характару. Старшыня Цэнтарвыбаркаму дадала, што пад час дыялёгу могуць абмяркоўвацца й пытаньні, непасрэдна не зьвязаныя з выбарчым заканадаўствам – напрыклад, пра гарантаваны доступ палітычных партыяў да дзяржаўных СМІ.

Група АБСЭ прапаноўвала забясьпечыць прадстаўніцтва апазыцыі ва ўсіх выбарчых камісіях, у тым ліку і ў Цэнтральнай. Гэтая прапанова не была ўлічаная ў кодэксе, але спадарыня Ярмошына паведаміла, што паводле расейскага ўзору можа быць прыняты адмысловы закон аб сябрах выбарчых камісіяў з правам дарадчага голасу. На ейную думку, гэта таксама можа стаць прадметам дыялёгу.

Са словаў старшыні Цэнтарвыбаркаму вынікала, што сумяшчэньне парлямэнцкіх выбараў з выбарамі дэпутатаў "саюзнага" парлямэнту цалкам магчымае. Ярмошына паведаміла, што яе ведамства падрыхтавала праект закону аб выбарах "саюзных" дэпутатаў, ён разасланы ў адпаведныя беларускія ўстановы, а таксама старшыні расейскага Цэнтарвыбаркаму Вешнякову і дзяржаўнаму сакратару "саюзу" Барадзіну.

На будучым тыдні, паведаміла Ярмошына, у сьпікера Дзяржаўнае думы Расеі Селязьнёва адбудзецца сустрэча зь Вешняковым. Пад час яе будуць узгадняцца тэрміны й парадак прыняцьця "саюзных" выбарчых законаў і тэрміны правядзеньня выбараў. Спадарыня Ярмошына падкрэсьліла, што, хаця выбары ў "саюзны" парлямэнт пройдуць паводле нацыянальных адмысловых законаў, адбыцца яны павінны адначасна ў дзьвюх краінах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG