Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 лютага 2000 г.


Максім Лукашэвіч, Прага

З просьбай пракамэнтаваць падпісаньне Аляксандрам Лукашэнкам выбарчага кодэксу мы зьвярнуліся да дэпутата Эўрапарлямэнту, кіраўніка групы ў пытаньнях Беларусі, Малдовы і Ўкраіны Элізабэт Шродтэр.

(Карэспандэнт: ) "Спадарыня Шродтэр, якая вашая рэакцыя на гэтую падзею?"

(Шродтэр: ) "Па-мойму, подпіс Лукашэнкі пад гэтым Выбарчым кодэксам скасаваў спробы Эўразьвязу, АБСЭ і Рады Эўропы вярнуць Беларусь да дэмакратыі свабодным і мірным спосабам. Па-мойму, гэта вельмі няслушны крок – і ўвесь гэты леташні пакручасты перамоўны працэс зьнішчаны гэтым подпісам. Я вельмі незадаволеная тым, што Лукашэнка не гатовы ўвайсьці ў дыялёг, як гэта робяць нармальныя палітыкі і кіраўнікі дзяржаваў, спрабаваць увайсьці ў палітычны дыялёг з апазыцыяй,
дыялёг зь міжнароднай грамадзкаксьцю дзеля будучыні сваёй краіны.

Таму што падпісаньне выбарчага закону, які не прызнаецца міжнароднай супольнасьцю і не адпавядае перадумовам міжнароднай супольнасьці, – бо перадумовай было тое, што ў падрыхтоўцы выбарчага кодэксу мела браць удзел апазыцыя – гэта практычна можа азначаць, што Беларусь стане зусім ізаляванай. Таму што ўсе спробы вярнуць гэтую краіну да дэмакратыі мірным спосабам, шляхам перамоваў разам з Лукашэнкам атрымоўваюцца безпасьпяховымі – і для нас гэта вельмі, вельмі чорны дзень".

(Карэспандэнт: ) "Кіраўнік кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску Ганс Георг Вік паведаміў, што высокія прадстаўнікі эўрапейскіх структураў, спадары Севярын, Бэрэндт, Вэйсман наведаюць 2 сакавіка Беларусь ужо не для ўдзелу ў круглых сталох, а дзеля спатканьняў. Якая тады мэта гэтых візытаў?"

(Шродтэр: ) "Гэты візыт у Беларусь павінны стаць апошняй спробай, апошнім сыгналам з нашага боку, што мы ня хочам ізаляваць Беларусі. Мы хочам, каб гэтая краіна вярнулася ў міжнародную супольнасьць".

(Карэспандэнт: ) "Эўропа ня раз паўтарала, што пры такім Выбарчым кодэксе выбары ў Беларусі прызнаныя ня будуць…"

(Шродтэр: ) "Так, гэта праўда на сто адсоткаў. Нам гранічна, выразна зразумела, што такі Выбарчы кодэкс ні ў якім разе ня будзе прызнаны, таму што ў ім ня былі ўлічаныя нашыя перадумовы. Для нас гэта непрызнаны Выбарчы кодэкс. І ў такім выпадку гэта яшчэ азначае, што і магчымыя выбары паводле згаданага кодэксу ня будуць прызнаныя Эўразьвязам. Гэта праўда на 100 адсоткаў. На гэтым мы ўсе пагаджаемся, і ў гэтым мы непадзельныя".

Гутарыў

XS
SM
MD
LG