Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 лютага 2000 г.


Аляксандар Лукашук, Прага

Моцна расчараваны ўхвалай новага выбарчага кодэксу адмысловы дакладчык Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў справах Беларусі Вольфганг Бэрэндт. Адначасна ён не пагаджаецца з крытыкай так званай "замяккай" пазыцыі Эўропы. Пра гэта ён заявіў сёньня ў інтэрвію нашаму радыё. У Бэрлін званіў Аляксандар Лукашук.

(Бэрэндт: ) "Гэта моцнае расчараваньне. Нас заўсёды запэўнівалі, што прапановы апазыцыі будуць улічаныя. Цяпер, на маю думку, створаныя ня надта добрыя падставы для парлямэнцкіх выбараў. Падставай павінна была быць таксама згода апазыці на новыя умовы".

(Лукашук: ) "А якія ўвогуле ў вас былі падставы спадзявацца, што вынік перамоваў з уладамі мог прынесьці плён?"

(Бэрэндт: ) "Я ўсё яшчэ маю надзею, хаця цяпер адбыўся досыць сур'ёзны правал. Я спадзяваўся на сапраўдны дыялёг, на сапраўдныя пагадненьні ў такіх справах, як выбарчы кодэкс. Бо толькі ў такі спосаб можна было спадзявацца на справядлівыя і свабодныя выбары. Калі зараз апазыцыя ня прыме гэты закон – я ня бачу, як яна зможа ўдзельнічаць у выбарах у такіх умовахя".

(Лукашук: ) "Учора экспэрты скрытыкавалі падыход Эўропы да сытуацыі ў Беларусі: Эўропа не парапанавала моцных стымулаў. Ні пазытыўных, ні нэгатыўных, якія маглі б паўплываць на паводзіны Менска".

(Бэрэндт: ) "Я ня думаю, што гэта справядліва.У нас ёсьць сродкі ўплыву. Я ведаю ад шматлікіх афіцыйных асобаў, што яны хацелі б бачыць Беларусь у Радзе Эўропы – і я ня бачу ніякага шанца для іх у блізкай будучыні. Другая, важная для Беларусі рэч – атрыманьне фінанасавай і эканамічнай дапамогі ад Эўрасаюзу. І я упэўнены, што калі ня будзе вольных і справядлівых выбараў, нічога ня ўдасца дасягнуць і ў гэтым накірунку".

(Лукашук: ) "Калі новы палямэнт будзе абраны паводле гэтага закону, якія ягоныя шанцы на прызнаньне Радай Эўропы?"

(Бэрэндт: ) "Перадумовай прызнаньня вынікаў выбараў зьяўляецца прызнаньне выбарчага закону апазыцыяй: ці зможа яна на роўных удзельнічаць у выбарах. Закон павінен даваць ім роўныя магчымасьці, доступ да СМІ. Апроч таго, надзвычай важна, каб выбарны ворган быў ператвораны ў спраўдны парлямэнт. І любая дапамога Беларусі з боку Эўрасаюзу будзе магчымая толькі на гэтых умовах.Гэта значыць – роўныя магчымасьці для апазыцыі. Вольныя і справядлівыя выбары і сапраўдныя парлямэнцкія паўнамоцтвы для новаабранага воргану".

(Лукашук: ) Сп Бэрэндт, выглядае, што эканамічныя рычагі ўзьдзеяньня на Беларусь у Эўразьвязу абмежэаваныя. Беларусь ужо ня першы год амаль не атрымлівае дапамогі ад эўраструктураў, але гэта не ўплывае на палітыку ўладаў.

(Бэрэндт: ) "Магчыма, ня так моцна, як мы спадзяваліся. Але наколькі мне вядома, існуе вялікая зацікаўленасьць у дапамозе ў будучым. Эканамічная сытуацыя ў Беларусі пагоршылася. Эканоміка не разьвіваецца. А фактычна пагаршаецца. Ім трэба нешта рабіць. Я ня веру, што саюз з Расеяй дапаможа ім у эканамічным сэнсе ў такім аб'ёме, як яны спадзяюцца. Ім даводзіцца спадзявацца на дапамогу Захаду, але яна немагчымая без выкананьня перш перадумоваў, пра якія ідзе гаворка".

(Лукашук: ) "Ці азначае тое, што вы сказалі, што Эўрапейскія структуры і надалей будуць зацікаўленыя ў Беларусі, ці наадварот – у сувязі з выбарамі паводле лукашэнкаўскага закону яны прыпыняюць свае намаганьні да лепшых часоў?"

(Бэрэндт: ) "Не. Мы будзем працягваць сачыць за сытуацыяй, спрабаваць спрыяць дэмакратыі. Нядаўна мы сустракаліся ў Брусэлі з маім калегам з АБСЭ сп. Сэвэрынам і сп. Вэйсманам з Эўрапарлямэнту і вырашылі разам наведаць Беларусь на пачатку сакавіка і, магчыма, сустрэцца з прэзыдэнтам і перадаць нашыя спадзяваньні ў справе выбараў і ў справе паўнамоцтваў парлямэнту".

(Лукашук: ) "Такім чынам, вы па-ранейшым, нягледзячы на ўчарашнюю навіну – падпісаньне выбарчага кодэксу – плянуеце візыт у Менск?"

(Бэрэндт: ) "Так. Я ня бачу, чаму не. Мы хочам быць упэўненыя, што нашыя пажаданьні даведзеныя да ведама – гэта пажаданьні Рады Эўропы, Эўрапарлямэнту і АБСЭ."

Гутарыў

XS
SM
MD
LG