Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лютага 2000 г.


Сабіна Радзько, Віцебск

Сёньня адбыўся чарговы сход Віцебскіх прадпрымальнікаў. Асноўнае пытаньне заставалася ранейшым: працягваць страйк, альбо выходзіць на працу…

У мінулым тыдні віцебскія прадпрымальнікі вырашылі працягваць страйк да 16 лютага. Гэта зьвязана з тым, што апрача галоўнага пытаньня – падатку на даданую вартасьць – яны меркавалі вырашыць шэраг праблемаў на мяйсцовым узроўні. Напрыклад, спрасьціць вядзеньне бухгальтарскага ўліку. Пры гэтым яны цалкам разьлічвалі на эфэкт працяглага страйку.

Аднак, паводле прадстаўнікоў Свабоднага прафсаюзу, якія займаліся гэтым пытаньнем, мэта не была канчаткова дасягнутая з-за неарганізаванасьці саміх прадпрымальнікаў. Так, да прыкладу, на Полацкім рынку ў сыботу і нядзелю шмат хто, нягледзячы на фактычна адзінагалоснае рашэньне працягваць страйк, выйшаў гандляваць.

Сёньня адбыўся чарговы сход віцебскіх прадпрымальнікаў. Асноўнае пытаньне заставалася ранейшым: працягваць страйк, альбо выходзіць на працу? Адзінства ў залі, дзе сабралося каля 400 чалавек, не было. Арганізатары сходу адмовіліся ад канчатковага прыняцьця якога-кольвечы рашэньня, пакідаючы кожнаму абраць самастойны шлях дзеяньняў.

Адчувалася разгубленасьць. З аднаго боку – страйкаваць паасобку ня мае сэнсу і прынясе толькі страты. З другога – выхад на працу з заўтрашняга дня нясе неабходнасьць плаціць падатак за ўвесь люты, альбо вялікі штраф. Гучалі і радыкальныя прапановы: наладзіць на плошчы мітынг з плякатамі, ці, нават, усім разам здаць прадпрыймальніцкія пасьведчаньні і перайсьці ў шэрагі беспрацоўных, пакуль запрацуюць дзяржаўныя прадпрыемствы.

Больш як дзьве траціны выказаліся за тое, што пачынаць працу з заўтрашняга дня – нерэнтабельна і бессэнссоўна. Але кожны будзе прымаць рашэньне сам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG