Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лютага 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

За апошнія паўтары гады ў "Беларусбанк" па кампэнсацыю страчаных у савецкі час укладаў зьвярнулася каля 900 тысячаў грамадзянаў Беларусі. Аднак найбуйнейшы дзяржаўны банк кампэнсуе страчаныя на пачатку 90-х гадоў насельніцтвам грошы далёка ня ўсім і ня ў поўным аб'ёме.

Пра тое, што вяртаньне дзяржаваю ўкладаў насельніцтва ў былым Ашчадным банку зьяўляецца вельмі складанай праблемаю, – паведаміла сёньня ў часе прэсавае канфэрэнцыі шэф "Беларусбанку" Надзея Ермакова. Паводле ейных словаў, у адпаведнасьці з указам Лукашэнкі, "Беларусбанк" пачаў часткова выплочваць страчаныя людзьмі грошы. Да 2000 году кампэнсацыі выплочваліся толькі асобам, якія дасягнулі ўзросту 65 гадоў, а таксама вэтэранам вайны, інвалідам, вязьням нацысцкіх канцлягераў і ахвярам камуністычных рэпрэсіяў. Сёлета на кампэнсацыі могуць разьлічваць і грамадзяне, што дасягнулі 60-гадовага ўзросту.

На думку Ермаковай, прынятая ў краіне сыстэма выплатаў не цалкам кампэнсуе страты насельніцтва. Грошы плацяць у адпаведнасьці са статыстычным паказальнікам інфляцыі, што была ў 92-95-х гадох. За астатнія гады выдаецца адсоткавая стаўка ў памеры паловы стаўкі рэфінансаваньня, што часам выклікае абурэньне, асабліва старых людзей. А да ўсяго, грошы выплочваюцца не наяўнымі – сумы заносяцца на адмысловыя разьліковыя кніжкі, зь якіх можна расплочвацца за тавары й паслугі па безнаяўным разьліку.

Грошы ўсім укладальнікам улады вярнуць проста ня ў стане. Паводле словаў Ермаковай, можа, калі-небудзь Беларусь стане больш заможнай, тады і дойдзе чарга да астатніх. "Толькі мы да тых часоў, відаць не дажывем", – сумна зазначыла банкірка.

Кіраўніца "Беларусбанку", тым ня менш, сьцьвярджае, што беларуская сыстэма кампэнсацыяў найбольш справядлівая ў цяперашніх умовах і ня мае аналягаў у іншых краінах былога Савецкага Саюзу, дзе, паводле ейных словаў, людзям страчаныя грошы навогул не кампэнсуюць. Спадарыня Ермакова, відаць, ня ведае, што ў суседняй Летуве ўжо некалькі гадоў дзяржава кампэнсуе ўклады асобным катэгорыям грамадзянаў, зыходзячы з прынцыпу: за адзін страчаны савецкі рубель вяртаецца адзін літ (25 амэрыканскіх цэнтаў).

Надзея Ермакова таксама сьцьвярджае, што, нягледзячы на высокую інфляцыю, вялікая частка жыхароў па-ранейшаму давярае "Беларусбанку" свае грошы. На 1 студзеня у банку знаходзілася 44 адсоткі ўсіх ашчаджэньняў людзей у рублях і ў валюце (20 мільярдаў рублёў і 71 мільён даляраў). Асноўная маса ўкладальнікаў – жыхары правінцыі. Спадарыня Ермакова сама зьдзіўляецца, як гэта людзі не баяцца ўкладаць свае сродкі ў банк пры гадавой інфляцыі 384 адсоткі. Пры тым, што самая высокая стаўка па ўкладах у яе банку толькі 145 адсоткаў гадавых. Ермакова прызнае, што банкаўскія стаўкі пры такой інфляцыі павінны трымацца на ўзроўні 300-400 адсоткаў, але ў цяперашніх умовах гэта зрабіць немагчыма. Такі крок можа прывесьці да поўнага банкруцтва многіх беларускіх прадпрыемстваў.

XS
SM
MD
LG