Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 16 лютага 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Завяршыўся візыт у Менск чарговае місіі Ўсясьветнага банку. Прадстаўнікі гэтае міжнароднае фінансавай арганізацыі вялі дыялёг зь беларускімі ўладамі ў пытаньнях супрацоўніцтва ў аграпрамысловай сфэры.

Лора Так, якая ўзначальвае ва Ўсясьветным банку сэктар аграрных пытаньняў дэпартамэнту краінаў Эўропы й Цэнтральнай Азіі, і вядучы спэцыяліст гэтага сэктару Чаба Чакі пад час цяперашняга візыту ў Менск падсумавалі вынікі першага этапу супрацоўніцтва зь беларускімі ўладамі.

Міжнародная фінансавая арганізацыя на працягу некалькіх апошніх месяцаў праводзіла дасьледаваньне сацыяльна-эканамічнага стану 150 калгасаў і саўгасаў Беларусі. Як было зазначана на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі прадстаўнікоў Усясьветнага банку, гэтае дасьледаваньне неабходна было для вызначэньня пэрспэктываў далейшага супрацоўніцтва ў рэфармаваньні беларускага АПК.

Банк не зьбіраецца быць крэдыторам гэтага сэктару (ва ўсялякім разе, у бліжэйшы час), але выказвае шчырае жаданьне падзяліцца зь Беларусьсю сваім багатым досьведам. Дык вось, дасьледваньне 150 гаспадарак завяршылася цьвёрдым перакананьнем міжнародных экспэртаў у неабходнасьці пераменаў у беларускай вёсцы.

Учора яны вялі перамовы ва ўрадзе, адказныя службовыя асобы якога, паводле словаў прадстаўнікоў Усясьветнага банку, таксама не бачаць іншага выйсьця, як зьмена цяперашняй аграрнае палітыкі. Разам з тым, місія Банку ня ўпэўненая, што гэтыя карэктывы будуць зробленыя.

Адказваючы на пытаньне нашага радыё пра беларускую сыстэму кіраваньня аграпрамысловым комплексам, замежныя спэцыялісты найперш адзначылі ейную неадпаведнасьць досьведу цывілізаваных дзяржаваў. На думку спадара Чаба Чакі, роля беларускага ўраду ў дачыненьні да сельскае гаспадаркі павінна быць зьмененая радыкальным чынам. А спадарыня Лора Так патлумачыла, што ўрад не павінен камандаваць селянінам: што, колькі і якую прадукцыю яму вырошчваць або па якіх коштах яе прадаваць.

Міністэрства сельскае гаспадаркі, – зазначылі прадстаўнікі банку, – варта зрабіць ворганам, які б фармуляваў агульную аграрную палітыку. Напрыклад, так было зроблена ва Ўкраіне, дзе некалькі тыдняў таму зьявілася Міністэрства аграрнае палітыкі. Замежныя спэцыялісты таксама лічаць, што варта зьмяніць ролю мясцовых ворганаў улады, якія не павінны быць уласьнікамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і кіраваць аграрным бізнэсам. У гэтай сувязі адмоўнае ўражаньне на місію пакінула цяперашняя цэнавая палітыка ў сельскай гаспадарцы, дзе пануе жорсткі адміністрацыйны дыктат.

Прагрэс беларускае вёскі стрымліваецца й цяперашняй палітыкаю рэгуляваньня права ўласнасьці. «Паводле міжнароднага досьведу, зямля ў прыватных руках – гэта наймагутнейшы сродак разьняволеньня чалавечай ініцыятывы", – лічаць прадстаўнікі Ўсясьветнага банку.

XS
SM
MD
LG