Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лютага 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Чарговы інцыдэнт адбыўся ў беларуска-польскіх дачыненьнях. МЗС Беларусі перадала ноту пратэсту польскаму боку ў зьвязку з затрыманьнем групы беларускіх грамадзянаў. У сваю чаргу, польскія дыпляматы лічаць, што такая рэакцыя беларускага вонкапалітычнага ведамства занадта нэрвовая.

14 лютага ў Генэральнае консульства Беларусi ў Беластоку зьвярнулiся 23 беларускiя грамадзяне. Яны заявiлi, што 13 лютага супрацоўнiкi памежнае варты й камэндатуры Польшчы без тлумачэньня падставаў затрымалі 47 беларускіх грамадзянаў. Як сьцьвярджаецца ў паведамленьні для прэсы МЗС Беларусі, пад выглядам праверкi дакумэнтаў у затрыманых былi зканфiскаваныя пашпарты й турыстычныя ваўчары. Беларускiя грамадзяне прымусова трымалiся ў камэндатуры павятовай паліцыі гораду Гіжыцка на працягу 12 гадзiнаў.

Мiнiстэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь учора, 15 лютага, заявіла пратэст «у сувязi зь неправамернымi дзеяньнямi польскiх уладаў». Учора ж амбасадар Рэспублікі Польшча ў Менску Марыюш Машкевіч быў выклiканы ў беларускае вонкапалiтычнае ведамства, дзе яму была перададзеная нота пратэсту адпаведнага зьместу. Беларускі бок канстатаваў адсутнасьць у польскага боку імкненьня да вырашэньня пытаньняў у духу канструктыўнага супрацоўнiцтва, добрасуседзтва i ўзаемнае павагi.

Каб даведацца пазыцыю польскага боку, мы зьвязаліся з прэсавым сакратаром МЗС Польшчы Паўлам Дабравольскім…

(Карэспандэнт: ) «Спадар Дабравольскі, ці будзе польскі бок неяк адказваць на ноту пратэсту Беларусі?»

(Дабравольскі: ) «Так, мы на гэта адкажам. Мы павінны атрымаць інфармацыю, датычную дзеяньняў мясцовых уладаў. У прыватнасьці, Вармінска-Мазурскага ваяводы, які прыняў рашэньне аб дэпартацыі. Але, на першы погляд, падобна на тое, што ня ўсе прэтэнзіі, вылучаныя ў беларускай ноце, абгрунтаваныя. Разам з тым, пэўны адказ будзе».

(Карэспандэнт: ) «Ці згодныя Вы зь беларускай вэрсіяй інцыдэнту?»

(Дабравольскі: ) «Цяпер яшчэ рана казаць, бо інфармацыя пра ноту толькі сёньня прыйшла ў Варшаву. Падобныя інцыдэнты і адміністрацыйныя рашэньні часам здараюцца. Але мы трактуем іх без палітычнага кантэксту».

(Карэспандэнт: ) «На вашую думку, ці адэкватная маштабу інцыдэнту рэакцыя беларускага боку?»

(Дабравольскі: ) «Я думаю, што з таго пункту погляду, што ня ўсе абвінавачваньні выглядаюць абгрунтаванымі, рэакцыя была занадта нэрвовай».

Гаварыў прэсавы сакратар МЗС Польшчы Павал Дабравольскі.

Амбасада Польшчы ў Беларусі не дае з нагоды інцыдэнту аніякіх афіцыйных камэнтароў. Аднак адзін з польскіх дыпляматаў у Беларусі лічыць, што, хутчэй за ўсё, беларускія грамадзяне былі затрыманыя за парушэньне правілаў гандлю, паколькі турысцкая віза не дае права гандляваць на кірмашох.

Як паведаміў мне адзін з супрацоўнікаў беларускага МЗС, у дыпляматычнай практыцы звычайна не адказваюць на падобныя ноты пратэсту, а проста прымаюць іх да ведама. Магчыма, на гэта й разьлічвала МЗС Беларусі, прымаючы, на думку палякаў, неадэкватна рэзкую заяву.

Дарэчы, беларускае вонкапалітычнае ведамства ўжо ня першы раз абараняе правы грамадзянаў краіны менавіта ў Польшчы. 20 жніўня летась у Варшаве былі затрыманыя і дэпартаваныя 25 беларускіх грамадзянаў, што таксама выклікала ноту пратэсту МЗС Беларусі. Складваецца ўражваньне, што вонкапалітычнае ведамства выяўляе парушэньні правоў грамадзянаў Беларусі толькі ў адной краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG