Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лютага 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Сёньня для лідэра Барысаўскае філіі БСДП "Народная Грамада" праваабаронцы Аляксандра Абрамовіча пачаўся адлік больш чым месячнага тэрміну ў міліцэйскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Так ён пакараны тутэйшым гарадзкім судом за арганізацыю і правядзеньне цягам студзеня – лютага шэрагу несанкцыянаваных пікетаў.

Учора ў Барысаўскім гарадзкім судзе былі разгледжаныя тры справы, узбуджаныя супраць вядомага ў горадзе й рэгіёне праваабаронцы Аляксандра Абрамовіча, абвінавачванага паводле 167 артыкулу (часткі 2) Адміністрацыйнага кодэксу. Звычайна пад дзеяньне згаданага артыкулу падпадаюць прадстаўнікі апазыцыі за неаднаразовае цягам кароткага тэрміну правядзеньне недазволеных уладамі акцыяў.

14 лютага спадара Абрамовіча затрымалі на вуліцы Карла Маркса ля ўваходу ў гарадзкі суд пад час правядзеньня пікету ў падтрымку бізнэсоўца Ігара Ледніка. Лідэр філіі сацыял-дэмакратаў перакананы, што фінансавае банкруцтва Ігара Ледніка ў 1997 годзе й наступны перасьлед ёсьць вынікам змовы барысаўскіх гаспадарчых і ўладных клянаў. Таму ён і пайшоў на арганізацыю несанкцыянаванай акцыі.

Акрамя таго, на рахунку Аляксандра Абрамовіча – пікеты пратэсту супраць судовага працэсу над былым прэм'ерам Міхалам Чыгіром і супраць вайны Расеі ў Чачні (апошні пікет адбыўся на пачатку гэтага месяцу на Цэнтральным пляцы Барысава).

Іншыя ўдзельнікі памянёных пікетаў былі асуджаныя раней да адміністрацыйных арыштаў на розныя тэрміны. Але спадар Абрамовіч выявіў, як ён кажа, прынцыповасьць і дабрахвотна на судовае разьбіральніцтва ані 4, ані 11 лютага не прыйшоў. Аляксандар Абрамовіч лічыць, што пасьля 20 ліпеня мінулага году Аляксандар Лукашэнка, а разам зь ім судовыя ды іншыя ворганы ўлады сталіся нелегітымнымі.

Зачытваючы вырак, судзьдзя Болатаў патлумачыў, што Аляксандру Абрамовічу з 35-ці сутак па 10 сутак належыць адседзець за пікеты дзеля падтрымкі Міхала Чыгіра ды супраць расейска-чачэнскае вайны. 15 сутак сталіся коштам акцыі заступніцтва за Ігара Ледніка.

Сёлета гэта ўжо другое адміністратыўнае пакараньне Абрамовіча. Першае ён адбываў ў Менскім спэцразьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна за індывідуальны пікет у сталіцы супраць судовага працэсу над тым жа Міхалам Чыгіром.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG