Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 16 лютага 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Больш за пяцьсот дэпутатаў парлямэнтаў краінаў Эўропы і СНД заклікаюць вызваліць з-пад варты дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі Андрэя Клімава. Ліст з подпісамі эўрапейскіх парлямэнтарыяў быў перададзены сёньня судзьдзі Веры Тупік разам з хадайніцтвам адвакатаў аб новым расьледваньні справы й зьмене меры стрыманьня для Клімава ды іншых абвінавачваных. Вынік гэтага хадайніцтва стане вядомы ў пятніцу.

567 подпісаў стаяць пад пэтыцыяй, якую адвакаты Андрэя Клімава перадалі сёньня судзьдзі Веры Тупік. За Клімава заступаюцца калегі з Эўропы й краінаў СНД. Парлямэнтарыі дэмакратычных краінаў просяць аб'ектыўнага разьбіральніцтва справы вядомага беларускага дэпутата й прадпрымальніка, а таксама тэрміновага вызваленьня Клімава з-пад варты, спасылаючыся на дрэнны стан ягонага здароўя.

Ці дапаможа Клімаву заступніцтва эўрапейскіх парлямэнтарыяў, адказаць цяжка, хаця судзьдзя Тупік і вырашыла ліст з подпісамі да справы далучыць. А вось хадайніцтва адвакатаў аб зьмене меры стрыманьня для Клімава і ягонага намесьніка Ваўковіча судзьдзя не задаволіла. Маўляў, няма мэдычных даведак, што падсудныя нагэтулькі хворыя.

Ня вызначыліся судзьдзі й з просьбаю адвакатаў адправіць справу на дадатковае расьледваньне – лёс гэтага хадайніцтва будзе абвешчаны ў пятніцу.

Пракурор Галіна Радкевіч лічыць новае расьледваньне безсэнсоўным. "Дзеля гэтага няма падставаў. Усе неабходныя разьлікі ў справе ёсьць", – падзялілася са мною сваім асабістым меркаваньнем пракурор Радкевіч.

Між тым, абарона Клімава ды іншых абвінавачваных гэтак ня лічыць. Сёньня прапанову Гары Паганяйлы аб правядзеньні дадатковага расьледваньня падтрымалі ўсе астатнія 13 адвакатаў, якія задзейнічаныя ў справе. "Перш за ўсё (і ў гэтым салідарныя ўсе абаронцы) сьледзтвам не праведзеныя кантрольныя абмеры фактычна выкананых работ, не спраўджаны іхны фактычны кошт, а бяз гэтага рабіць высновы пра тое, што нешта скрадзена, немагчыма", – упэўнены Гары Паганяйла.

Астатнія абаронцы згодныя з Паганяйлам, што пачынаць трэба з новай будаўнічай і фінансава-бугальтарскай экспэртызы, якую трэба правесьці сіламі іншых экспэртаў – незалежных, якія не працуюць ва ўстановах, зьвязаных з праваахоўнай сыстэмаю, як той жа інстытут крыміналістычнай экспэртызы. Спэцыялісты гэтага інстытуту ўжо прыцягваліся сьледзтвам да экспэртызы й зрабілі сваю справу дрэнна, што высьветлілася пад час судовага разьбіральніцтва.

Яшчэ адзін момант, на якім настойвае абарона – пашырэньне кола сьведкаў. У прыватнасьці, адвакаты просяць суд заслухаць старшыню гарадзкога выканаўчага камітэту Ўладзімера Ярмошына. "Упартае нежаданьне судзьдзяў выклікаць на паседжаньне менскага "мэра", які ў 1994 годзе заключаў зь фірмаю Клімава дамову на пабудову дома "пад ключ", абарона можа тлумачыць як нежаданьне высьветліць сутнасьць справы", – падкрэсьлівае Гары Паганяйла.

"У судзьдзяў ёсьць выдатная магчымасьць пазьбегнуць адказнасьці – адправіць цалкам разваленую справу на дадатковае расьледваньне. Але гэта апошняя магчымасьць" – прызнаўся адзін з адвакатаў, які прасіў захаваць інкогніта.

Калі калектыўнае хадайніцтва абароны аб новым расьледваньні судзьдзі й гэтым разам не задаволяць, іншае магчымасьці у іх ня будзе. У пятніцу пачнуцца судовыя спрэчкі, і празь некалькі дзён прагучыць прысуд. А ў тое, што ён будзе для Клімава апраўдальным, верыць усё меншая колькасьць удзельнікаў працэсу.

XS
SM
MD
LG