Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лютага 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Адбыўся візыт у Беларусь першага віцэ-прэм'ера Расеі Міхала Касьянава, які правёў перамовы з Лукашэнкам і з кіраўніком беларускага ўраду Лінгам.

Пад час свайго візыту спадар Касьянаў заявіў, што стабілізацыйны крэдыт будзе прадастаўлены Беларусі толькі калі канчаткова будзе вырашанае пытаньне аб аб'яднаньні грашовых сыстэмаў. Міхал Касьянаў выказаў спадзеў, што на працягу гэтага году будзе падпісаная беларуска-расейская дамова аб гарманізацыі мытных і падатковых заканадаўстваў.

Напярэдадні візыту ў Менск Міхал Касьянаў выклаў сваё бачаньне беларуска-расейскіх адносінаў:

(Касьянаў: ) "З расейскага боку мы думаем, што выкананьне дамовы павінна ісьці больш актыўна, чым раней плянавалася. Мы хочам абмеркаваць зь кіраўніцтвам Беларусі шэраг канкрэтных шляхоў у кірунку хутчэйшага зьбліжэньня, чым гэта бачылася раней у межах праграмы. А менавіта гэта – гарманізацыя падаткавага і мытнага заканадаўства".

Сёньня, прымаючы Касьянава, Лукашэнка не шкадаваў цёплых словаў на адрэсу госьця. Ён сказаў, што Касьянаў зрабіў больш за ўсіх расейскіх палітыкаў, захаваўшы для Расеі велізарныя грошы. Кіраўнік Беларусі меў на ўвазе перамовы першага віцэ-прэм'ера Расеі зь Лёнданскім клюбам крэдытораў. У выніку гэтых перамоваў Расея атрымала значна больш спрыяльныя ўмовы выплаты свайго вонкавага доўгу.

Лукашэнка назваў вельмі плённым візыт у Беларусь расейскага віцэ-прэм'ера Ільлі Клябанава, які займаецца праблемамі ваеннай прамысловасьці. Лукашэнка сказаў: "Я захаваў нашую ваеную прамысловасьць, хаця гэта было вялікім цяжарам. Я ведаў, што яна спатрэбіцца". Паводле словаў беларускага кіраўніка, зараз увесь беларускі ваенна-прамысловы комплекс будзе загружаны расейскімі заказамі.

Але калі лісьлівасьць беларускага гаспадара тлумачылася жаданьнем атрымаць у Расеі стабілізацыйны крэдыт на падтрыманьне беларускае валюты, то спадзяваньні аказаліся марнымі.

Пасьля перамоваў з Лукашэнкам і Лінгам Касьянаў заявіў, што пытаньне пра стабілізацыйны крэдыт датычыцца ўвядзеньня адзінае валюты. Ён назваў гэтую праблему ключавой і адначасна вельмі адчувальнай. Паводле ягоных словаў, зараз толькі выпрацоўваюцца падыходы да яе вырашэньня. "Было б заўчасна сказаць, – патлумачыў Касьянаў, – што мы ясна бачым, як гэта зрабіць". "У гэтым кантэксце пытаньне аб прадастаўленні стабілізацыйнага крэдыту не абмяркоўвалася", – заявіў ён.

Паводле ягоных словаў, бакі дасягнулі значнага прагрэсу у пытаньнях гарманізацыі падатковага й мытнага заканадаўства. Касьянаў паведаміў, што бакі пычынаюць распрацоўку адпаведнае міждзяржаўнае дамовы, якая, магчыма, будзе падпісаная сёлета.

Першы віцэ-прэм'ер Расеі падкрэсьліў, што ёсьць магчымасьць нават апярэдзіць графік інтэграцыі, які прадугледжаны праграмаю ў рэалізацыі "саюзнае" дамовы. Паводле праграмы, уніфікацыі мытнай і падатковай палітыкі меркавалася дасягнуць толькі ў 2002 годзе.

Міхал Касьянаў зьвярнуў увагу на магчымыя наступствы гэтага паскарэньня. Паводле ягоных словаў, новая дамова аб гарманізацыі мытных і падатковых заканадаўстваў здыме праблему мытнага кантролю на беларуска-расейскай мяжы ў прынцыпе – гэты кантроль будзе непатрэбен. Першы віцэ-прэм'ер Расеі патлумачыў, што менавіта з прычыны паскарэньня інтэграцыі Расея прадастаўляе Беларусі больш спрыяльны рэжым пагашэньня запазычанасьці за энэрганосьбіты.

Са свайго боку, Сяргей Лінг адзначыў, што Беларусь спраўна аплочвае бягучыя пастаўкі паліва. Паводле ягоных словаў, у 1999 годзе беларуская запазычанасьць скарацілася па ўсіх відах паліва й цяпер складае 250 мільёнаў даляраў.

Пад час візыту спадара Касьянава быў канчаткова вызначаны аб'ём "саюзнага" бюджэту на 2000 год. Як паведаміў Сяргей Лінг, ён будзе роўны 2 мільярдам 200 мільёнам расейскіх рублёў. Беларускі бок прадаставіць 780 мільёнаў, расейскі, адпаведна – 1 мільярд 420 мільёнаў расейскіх рублёў.

XS
SM
MD
LG