Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лютага 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Падпісаньне Аляксандрам Лукашэнкам Выбарчага кодэксу выклікала тэрміновае паседжаньне Каардынацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў. Ягоныя ўдзельнікі сёньня ўдакладнілі свае пазыцыі. Улічваючы надзвычайную важнасьць сытуацыі, вырашана распрацаваць адмысловы дакумэнт, а ягоны тэкст зацьвердзіць на чарговым паседжаньні Каардынацыйнае рады 22 лютага.

Амбасадар Вік, які традыцыйна ўдзельнічае ў такіх паседжаньнях, паведаміў, што ён тэрмінова паінфармаваў пра падпісаньне Лукашэнкам Выбарчага кодэксу дзейнага старшыню АБСЭ. Магчыма, гэта паўплывае на паскарэньне прыняцьця адмысловае заявы адносна становішча ў Беларусі.

Кіраўнік групы АБСЭ ў Менску сказаў таксама, што ня можа сёньня прадказаць усіх аспэктаў гэтае заявы. Але ў размове зь дзейным старшынём АБСЭ Вік скацэнтраваў увагу на тым, што Выбарчы кодэкс быў прыняты без удзелу палітычнай апазыцыі і на тым, што кансультацыяў па выбарчай тэме фактычна не было.

Першая рэакцыя міжнароднае супольнасьці стала вядомая няпасрэдна пад час сёньняшняга паседжаньня Кансультатыўнае рады. Амбасадару Віку паведамілі, што прынятае рашэньне не праводзіць "круглыя сталы" з удзелам прадстаўнікоў Парлямэнцкіх асамблеяў АБСЭ і Рады Эўропы, а таксама Эўрапарлямэнту, якія плянавалася правесьці 2 і 3 сакавіка ў Менску. Праўда, адмяніць прыезд у Менск сваіх прадстаўнікоў – спадароў Севярына, Берандта і Вайсмана – пералічаныя міжнародныя арганізацыі палічылі няметазгодным. Аднак высокапастаўленыя чыноўнікі цяпер будуць мець толькі асобныя сустрэчы з уладамі, апазыцыяй і няўрадавымі грамадзкімі арганізацыямі.

А вось тлумачэньня кроку Лукашэнкі да заканчэньня сёньняшняга паседжаньня Кансультатыўнае рады, паводле Ганса-Георга Віка, ён не атрымаў. Хаця з адпаведным запытам зьвярнуўся ў Міністэрства замежных справаў Беларусі з самага ранку.

Пад час наведваньня вонкапалітычнага ведамства амбасадар Вік уздымаў пытаньне й пра правядзеньне нефармальных сустрэчаў паміж уладамі і апазыцыяй і нават перадаў сьпіс тэмаў, якія, на думку менскае групы АБСЭ, маглі б быць абмеркаваныя пад час кансультацыяў. Але падпісаньне Выбарчага кодэксу зрабіла гэтыя кансультацыі, гаворачы словамі амбасадара, "некалькі празьмернымі".

Што ж тычыцца далейшае дзейнасьці групы АБСЭ ў Беларусі, дык ейны кіраўнік лічыць: кансультатыўную дапамогу група павінна аказваць як уладам, гэтак і апазыцыі. Але формы яе з улікам апошніх падзеяў мусіць быць дадаткова разгледжаныя.

Лідэры апазыцыйных палітычных партыяў даручылі Валянціне Палевіковай – кіраўніку жаночае партыі "Надзея", якая будзе старшыняваць на паседжаньні Каардынацыйнае рады 22 лютага, падрыхтаваць адмысловы дакумэнт. Прапанавана вытрымаць яго ў жорсткіх танох.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG