Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лютага 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Румынія адмаўляецца кампэнсаваць экалягічную шкоду, нанесеную Вугоршчыне і Югаславіі ў выніку выкіду ў рэкі Дунай і Ціса атрутных прамысловых сьцёкаў. Эўрапейская Камісія прапанавала гэтым краінам дапамогу.

Хваля таксычных цыянідаў, выкінутых у Дунай і Цісу, пакінула тоны мёртвай рыбы і разбурыла экалягічную сыстэму. Югаслаўскія і вугорскія экспэрты лічаць, што выкід у рэчкі Дунай і Цісу 100 тысячаў прамысловых сьцёкаў, якія ўтрымліваюць цыяніды, – наймаштабная катастрофа ў Эўропе з часоў Чарнобылю.

Румынія лічыць, што сама найбольш пацярпела ў выніку экалягічнай катастрофы. Аўстралійская кампанія Esmeralda Exploration, якой належаць палова румынскага залатога рудніку, адкуль і выцекла атрута, заявіла пра сваю невінаватасьць і гатовая ськіраваць у Румынію экспэртаў, каб яны гэта даказалі.

Старшыня камітэту Эўразьвязу ў справе навакольнага асяродзьдзя Марго Уольстром ў чацьвер прыедзе на месца здарэньне, каб ацаніць маштабы катастрофы. Паводле папярэдніх зьвестак, выкід цыянідаў атруціць 80 працэнтаў рыбы. Ціса, паводле навукоўцаў, ужо мёртвая рака, а адбудова ў ёй біялягічнага жыцьця возьме каля 20 гадоў. Што да Дунаю, то гэтая рака можа аднавіцца дастаткова хутка. Навукоўцы і эколягі сьцьвярджаюць, што небясьпека для насельнікаў рэгіёну – мінімальная.

"Колькасьць выцеклых цыянідаў – вялікая," – сказаў Пасі Рынэ, старшыня экалягічнага камітэту Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў, які прыляцеў у Белград, каб ацаніць нанесеную шкоду. Спадар Рынэ дадаў, што ён ня стаў бы гаварыць пра экалягічную катастрофу. Прафэсар унівэрсытэту Новы Сад, што ў Югаславіі, Власта Пуджын гаворыць, што выцеклыя цыяніды, магчыма, не дазволяць рыбе памнажацца гэтай вясной. На думку спэцыяліста, сытуацыя зь немагчымасьцяй рыбы апладняцца, можа працягнуцца некалькі гадоў. Ужо рыбакі вылавілі 83 тоны мёртвай рыбы з Дунаю і Цісы. Паліцыя кантралюе, каб атручанай рыбай не гандлявалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG