Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лютага 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Прадстаўнік Расеі ў Чачні Нікалай Кошман паведаміў, што Грозны можа атрымаць статус закрытага гораду. Фэдэральныя сілы сьцьвярджаюць, што ў бюджэце няма грошай на адбудову чачэнскай сталіцы. Працягваюцца вайсковыя дзеяньні на поўдні Чачні. Прайшло ўжо амаль два тыдні, як расейцы заявілі, што абмянялі карэспандэнта Радыё Свабода Андрэя Бабіцкага на расейскіх афіцэраў, аднак дагэтуль застаецца невядомым лёс Бабіцкага

Абставіны вакол Андрэя Бабіцкага, якога паказалі на адзьнятай фэдэральнымі службамі бясьпекі відэакасэце – калі таго нібыта перадавалі чачэнцу ў масцы, – застаюцца невядомыя. Чачэнскія ўрадоўцы Аслана Масхадава гавораць, што яны ня маюць Бабіцкага. Паплечнікі Бабіцкага дапускаюць, што ён можа быць дагэтуль у руках фэдэральных спэцслужбаў, у прамаскоўскіх чачэнцаў, ці ў выкрадальнікаў людзей. Гэнеральная пракуратура паведамляе, што можа выдаць дазвол на арышт Бабіцкага, калі той ня зьявіцца сам. Як паведамляе Інтэрфакс, расейскі бок можа зьвярнуцца ў Інтэрпол з просьбаю памагчы ў вышуку і арышце Бабіцкага. Расейцы гавораць пра неабходнасьць допыту Бабіцкага.

Бабіцкі працуе на радыёстанцыі, якая фінансуецца амэрыканскім урадам. Журналіст мае рэпутацыю мужнага журналіста. Ён злаваў расейцаў сваімі рэпартажамі са сталіцы Чачні, Грознага. Ён быў адным зь першых журналістаў, хто паведаміў, што больш як 100 расейскіх жаўнераў забітыя ў горадзе. У той час, як расейскія гэнералы адмаўлялі факты сьмерці, калі адпраўлялі свае аддзелы ў горад. Бабіцкі зьнік месяц назад. Гаварылася, што расейскія сілы ўтрымліваюць яго, бо працаваў Бабіцкі на тэрыторыі Чачні без адпаведнай акрэдытацыі. Спачатку былі зьвесткі, што Бабіцкага абмянялі на трох расейскіх салдатаў, пасьля ўжо на двух. Пасьля вайскоўцы заявілі, што абмену не было наагул, а міністар унутраных справаў сьцьвярджае, што абмен быў.

Ёсьць блытаніна і з паказанымі відэастужкамі. Другая стужка, прадэманстраваная празь 5 дзён пасьля першай, на якой Бабіцкі гаворыць, што зь ім абыходзіліся добра, але ж сумуе па сям'і. Адзін з праваабаронцаў, Сяргей Грыгар'янц, заявіў, што, калі прааналізаваць паказаную стужку, можа вызначыць, дзе знаходзіцца Бабіцкі. Жонка Бабіцкага Людміла гаворыць, што відэастужка хутчэй выклікае пытаньні, чым дае адказы. Людміла Бабіцкая зьвярнулася ў міліцыю з прычыны зьнікненьня мужа. Расейскі прэм'ер Уладзімір Пуцін заяўляе, што адсочвае лёс карэспандэнта Радыё Свабода.

Аналітыкі дапускаюць, што скандал вакол Бабіцкага можа значна пагоршыць дачыненьні Расеі і Захаду. Аднак, Захад, які моцна крытыкуе Расею за ваенную апэрацыю ў Чачні, вельмі нэўтральна характарызуе расейскага лідара Пуціна. Учора прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Біл Клінтан у інтэрвію кампаніі СіЭнЭн на пытаньне, ці могуць Злучаныя Штаты супрацоўнічаць з Пуціным – адказаў:

(Клінтан: ) "Базуючыся на тым, што я ўжо ведаю, я думаю, што ЗША могуць мець інтэрас з гэтым чалавекам. Я мяркую, што ён вельмі разумны, мэтанакіраваны, мае моцныя погляды. Мы не ва ўсім згаджаемся зь ім, але тое, што я ведаю пра яго – сьведчыць для мяне, што гэты чалавек – моцны, эфэктыўны ў сваіх дзеяньнях і шчыры лідар".

Тым часам Марыё Корці, дырэктар расейскай службы Радыё Свабода, гаворыць, што ў справе Андрэя Бабіцкага прычынаў для аптымізму менш і менш.

Што да вайсковых дзеяньняў у Чачні, то расейцы працягваюць бамбаваць пазыцыі чачэнскіх байцоў недалёка Дуба-Юрт і Ітум-Кале. Расейцы выкарыстоўваюць паўтаратонныя бомбы. Кепская сытуацыя з забесьпячэньнем усім неабходным чачэнцаў, якіх разьмясьцілі ў фільтрацыйных лягерах. Французская газэта Ле Монд цытуе аднаго з расейскіх сьледчых, які працуе ў фільтрацыйных лягерах. Паводле яго, у фільтрацыйных лягерах гвалты і пазбаўленьне ежы – звычайныя здарэньні. Расеец зачытаў карэспандэнту Ле Монд афіцыйны дакумэнт, паводле якога "150 тысячаў чачэнцаў трэба такім чынам патрымаць у фільтрацыйных лягерах, каб тыя, хто выжыве, засталіся інвалідамі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG