Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 15 лютага 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Уступіў у дзеяньне ўказ Аляксандра Лукашэнкі "Аб увядзеньні афшорнага збору". Зь яго дапамогаю ўлады мяркуюць прадухіліць вываз за мяжу беларускіх капіталаў.

Аляксандар Лукашэнка сваім указам увёў збор, якім абкладаюцца беларускія прадпрыемствы, што ажыцьцяўляюць плацяжы на карысьць замежных структураў, разьмешчаных у гэтак званых афшорных зонах.

Сьпіс гэтых зонаў было даручана скласьці Нацыянальнаму банку. Як паведаміў сёньня нашаму радыё начальнік управы інфармацыі Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў, у сьпіс трапілі 46 краінаў і тэрыторыяў, якія, на думку беларускага боку, зьяўляюцца афшорнымі зонамі ці, іншымі словамі, зонамі зь ільготным падаткаабкладаньнем.

У іх ліку – чатыры кантоны Швайцарскай Канфэдэрацыі, Мальта, Маршалавы выспы, Люксэмбург, Ліхтэнштайн, Ліван, Ірляндыя. У пералік уключаны й шэраг тэрытарыяльных адзінак такіх буйных дзяржаваў як ЗША, Велікабрытанія, Кітай. З расейскіх тэрыторыяў Беларусь лічыць афшорнай зонаю толькі Рэспубліку Інгушэція. Напачатку ў гэты сьпіс, паводле словаў Анатоля Драздова, трапіла й Латвія. Але калі з Рыгі прыйшоў пратэст, яе зь пераліку выключылі.

Як вынікае з указу Лукашэнкі, галоўная праца ў спагнаньні з айчынных прадпрыемстваў "афшорных" збораў кладзецца на плечы камэрцыйных банкаў. Банкаўскія ўстановы зь сёньняшняга дня пачалі ўважліва сачыць, ці не скіроўваюцца плацяжы ў афшорныя зоны. Віцэ-прэзыдэнт"Пріорбанку" Сяргей Саянкоў так пракамэнтваў указ на просьбу нашага радыё:

"Перавод грошай праз афшоры будзе больш упарадкаваны. Таму што ўводзіцца пашпарт угоды. Гэта накіравана на тое, каб не дапусьціць перасылку "брудных" грошай. Навогул, паводле майго разуменьня, такіх грошай зь Беларусі пераводзіцца ў афшоры няшмат. У спраўных адносінах яна зьяўляецца нармальнай краінаю", – зазначыў Сяргей Саянкоў.

Віцэ-прэзыдэнт "Пріорбанку" лічыць, што размовы пра ўцечку ў афшорныя зоны мільённых сумаў зь Беларусі не адпавядаюць сапраўднасьці. Рэч у тым, патлумачыў ён, што вялізныя (па беларускіх мерках) плацяжы ажыцьцяўляюць за мяжу, як правіла, буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы. Але іхныя фінансавыя патокі знаходзяцца пад пільным дзяржаўным кантролем.

"Афшорамі" карыстаюцца пераважна прадпрымальніцкія беларускія фірмы, якія маюць на сваіх рахунках невялікія сумы. Але паколькі іхныя плацяжы ў такія зоны таксама невялікія, то разьлік на тое, што ўдасца напоўніць дзяржаўную казну з дапамогаю афшорных збораў, наўрад ці спраўдзіцца.

З другога боку, паводле меркаваньня экспэртаў, айчынныя гаспадарнікі ня здольныя плаціць дзяржаве збор у памеры 15 адсоткаў ад сумы ўгоды з замежнымі партнэрамі. Таму ўказ Лукашэнкі навогул робіць непэрспэктыўнымі ўсялякія фінансавыя зносіны праз "афшоры".

XS
SM
MD
LG