Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лютага 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пасьля больш чым тыднёвага перапынку аднавіўся працэс над дэпутатам Вярхоўнага Савету Андрэем Клімавым і яшчэ васьмю будаўнікамі. Сёньня ўдзельнікі працэсу сталі сьведкамі працяглай спрэчкі паміж Клімавым і некаторымі з абвінавачваных.

"Настаў час вызначацца, вы на маім баку ці на баку сьледзтва", – гэтую фразу некалькі разоў паўтарыў у часе сёньняшняга паседжаньня Андрэй Клімаў, зьвяртаючыся да сваіх былых падначаленых, якіх разам зь ім судзяць у судзе Ленінскага раёну Менску.

Набліжаецца да завяршэньня гэты беспрэцэдэнтны працэс, які цягнецца ўжо больш за сем месяцаў. Тое, што час ставіць кропку, разумеюць і судзьдзі, і абвінавачваныя. Але адзінства сярод абвінавачваных няма.

Адныя – як Клімаў і ягоны намесьнік Ваўковіч – не прызнаюць сябе вінаватымі ў крадзяжы дзяржаўных сродкаў, спасылаючыся на тое, што сумнавядомы дом на Лодачнай вуліцы так і ня быў імі дабудаваны пад ключ. Іншыя абвінавачваныя – прараб, начальнік участку й нарміроўшчыцы – пагаджаюцца, што перарасход некаторых будаўнічых матэрыялаў (у прыватнасьці, цэглы), быў дапушчаны, і сьведчаць, што Клімаў з Ваўковічам пра гэта ведалі.

Пракурор Радкевіч ухапілася за гэтыя прызнаньні, і сёньня патрабавала ад Шышова й Лук'янчука, каб яны паўтарылі сказанае ў часе сьледзтва. Калі суд прызнае, што быў перарасход матэрыялаў і, адпаведна, будаўнікі паклалі сабе ў кішэню незаробленыя грошы, то Клімаў з Ваўковічам сядуць у турму, а вось будаўнікі й нарміроўшчыцы, хутчэй за ўсё, атрымаюць толькі ўмоўныя тэрміны. "Ня выключана, што менавіта гэта ім і паабяцана за іхныя прызнаньні", – мяркуюць абаронцы Клімава й Ваўковіча.

Апасаецца гэтага й Клімаў, і таму спрабуе пераканаць суд, што справу трэба разглядаць усё ж зь іншых пазыцыяў. Вырашыць перш за ўсё – парушыў ён каштарыс, зацьверджаны гарадзкім выканаўчым камітэтам, ці не парушыў. Вось гэтае пытаньне Андрэй Клімаў сёньня й задаваў зноў і зноў сваім "падзельнікам".

Спробы абвінавачванага аказаліся ўдалымі. Спачатку прараб Шышоў, які паўтарыў свае словы наконт завышэньня памераў кладкі, ўсё ж засьведчыў, што "страты былі падлічаныя сьледчымі некарэктна". Шышоў ня лічыць, што фірма Клімава парушыла дамову з гарадзкім выканаўчым камітэтам. Тое самае ўрэшце сказаў і яшчэ адзін з адказных будаўнікоў – Лук'янчук. "Дамоўныя кошты будоўлі парушаныя не былі", – перакананая і абвінавачваная Жураўлёва, якая ва ўправе капітальнае будоўлі гарадзкога выканаўчага камітэта кантралявала расход будаўнічых матэрыялаў.

Абаронца Андрэя Клімава Гары Паганяйла ацэньвае гэтыя прызнаньні як істотныя: "…Суд, я думаю, мы пераканаем у тым, што дзейнічалі зусім іншыя законы, зусім іншыя эканамічныя стасункі паміж замоўшчыкам і будаўніком, і менавіта таму мы дамагаліся пацьверджаньня ў судзе таго факту, што паміж фірмаю Клімава і Менскім гарадзкім выканаўчым камітэтам была заключаная дамова на будаўніцтва дома "пад ключ", і гэтая дамова не была парушаная Клімавым, што й пацьвярждаюць іншыя ўдзельнікі працэсу", – лічыць абаронца Паганяйла.

Ён, аднак, перакананы, што галоўны сьведка ў гэтай справе яшчэ ў судзе ня выступіў – гэта "мэр" Менску Ўладзімер Ярмошын. "Працэс завяршаюць, хутка могуць пачаць судовыя спрэчкі, але да таго часу я ўсё ж яшчэ раз паспрабую дамагчыся выклікаць у суд старшыню Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту Ярмошына. Безь ягоных паказаньняў судовае сьледзтва завяршаць немагчыма", – лічыць абаронца Клімава Гары Паганяйла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG