Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лютага 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Заўтра з аднадзённым візытам ў Менску пабывае першы намесьнік прэм'ера Расеі Міхал Касьянаў. Ён сустрэнецца з Лукашэнкам і з кіраўніком беларускага ўраду Лінгам. Чакаецца, што пад час перамоваў будуць абмеркаваныя праблемы аб'яднаньня грашовых сыстэмаў і бюджэт беларуска-расейскага саюзу.

Як Пуцін выконвае абавязкі прэзыдэнта Расеі, гэтак і Касьянаў фактычна зьяўляецца кіраўніком расейскага ўраду. Усе ягоныя папярэднікі, у тым ліку й Пуцін, свой першы замежны візыт рабілі ў Менск – гэта было сваеасаблівай дэманстрацыяй вонкапалітычных прыярытэтаў Расеі. Але зараз – не да цырымоніяў.

Усе ранейшыя прэм'еры разглядаліся як магчымыя пераемнікі Ельцына; цяпер пытаньне зь пераемнасьцю, бадай, вырашанае, пасада старшыні ўраду робіцца чыста тэхнічнай. Таму спадар Касьянаў спачатку накіраваўся на Захад, дзе вёў перамовы пра сьпісаньне расейскіх пазыкаў, і толькі зараз наведвае Беларусь.

Візыт кіраўніка ўраду Расеі нельга лічыць азнаямленчым. Адной з галоўных тэмаў ягоных перамоваў з Лукашэнкам і Лінгам будзе ўзгадненьне "саюзнага" бюджэту на 2000 год.

Мяркуецца, што ў параўнаньні зь мінулым годам ён будзе павялічаны. Разам з традыцыйнымі праграмамі ў ім зьяўляецца новая – "Абарончыя сыстэмы". Пагадненьне пра стварэньне беларуска-расейскае фінансава-прамысловае групы з такім назовам было падпісана на мінулым тыдні пад час візыту ў Беларусь першага віцэ-прэм'ера Расеі Клябанава, які вядзе пытаньні абарончае прамысловасьці.

Роўныя умовы гаспадараньня – тэма, якая ўзьнікае на ўсіх беларуска-расейскіх перамовах. Калі расейскі бок разумее гэтую роўнасьць, як уніфікацыю праўных сыстэмаў, беларускі бок мае на ўвазе тоеснасьць цэнаў на энэрганосьбіты. Гэтак і заўтра беларускія прадстаўнікі будуць дамагацца, каб Расея зьнізіла цану на газ з 27-мі да 17-ці даляраў за тысячу кубамэтраў.

Чакаецца, што будзе закранутае пытаньне аб'яднаньня грашовых сыстэмаў. На пазамінулым тыдні кіраўнік Нацыянальнага банку Беларусі Пракаповіч аб'явіў, што беларускі бок згодны, каб адзінай валютаю ў саюзнай дзяржаве быў расейскі рубель. Выказваліся пажаданьні, каб Расея прадаставіла Беларусі стабілізацыйны крэдыт, які даў бы магчымасьць замяніць грашовую масу на расейскія грошы. Паводле падлікаў адмыслоўцаў, гэта прыблізна 8 мільярдаў расейскіх рублёў, што эквівалентава 300 мільёнам даляраў.

Аднак высьветлілася, што беларускі бак настойвае на йснаваньні двух эмісійных цэнтраў да таго часу, пакуль ня будзе створаны "саюзны" банк. Расейскі бок ўвесь час дамагаецца іншае, менш мудрагелістае формулы аб'яднаньня: адзіным эмісійным цэнтрам расейскага рубля мусіць заставацца Цэнтральны банк Расеі.

Назіраючы за хітрыкамі беларускага боку, расейцы даваць грошы не сьпяшаюцца. Гэтая гульня, якая цягнецца яшчэ з кебічаўскіх часоў, нагадвае казку пра белага бычка, але зараз Касьянаў будзе спрабаваць даціснуць беларускі бок ў пытаньні грашовага аб'яднаньня.

XS
SM
MD
LG