Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лютага 2000 г.


Браніслава Станкевіч, Ворша

У ноч з 13 на 14 лютага на аўтапераходзе "Рэдзькі" у Дубровенскім раёне на Віцебшчыне адбыўся страйк кіроўцаў цяжкагрузных аўтамабіляў.

Нагодай для страйку была немагчымасьць адолець расейскую мяжу з-за вялікай чаргі, якая тут утварылася, бо расейскія памежныя службы надзвычай марудна правяраюць ды афармляюць транзытныя дакумэнты. Характэрна, што падобная сытуацыя складаецца ў "Рэдзьках" штотыдзень. Беларускія кіроўцы масава выязджаюць у расейскі бок уначы ў нядзелю, каб даехаць да патрэбнага мейсца на пачатку працоўнага дня ў панядзелак. Расейскія памежныя службы ня ў стане апрацаваць такую вялікую колькасьць аўтамашынаў. Але ніякіх захадаў дзеля зьмены сытуацыі ў лепшы бок пакуль ня робяць.

Гэтымі днямі незадаволеныя доўгімі гадзінамі чаканьня кіроўцы на некалькі гадзінаў перакрылі сваімі машынамі рух на аўтамагістралі "Бярэсьце – Масква", прапускаючы толькі легкавікі. Кіроўцы прыгадалі разам і штотыднёвыя начныя стаянкі па некалькі гадзінаў, і тое, як улетку чэргі на аўтапераходзе "Рэдзькі" стаялі суткамі, бо ў расейскіх памежнікаў раптам скончыліся блянкі транзытных дакумэнтаў.

Страйк працягваўся каля пяці гадзінаў. Нарэшце, да раззлаваных кіроўцаў прыехалі супрацоўнікі міліцыі – і з райцэнтру Дуброўна, і з Воршы, і з Віцебску – ды пачалі тлумачыць асаблівасьці інтэграцыйнай палітыкі. Да раніцы чарга паступова разьехалася.

У дзьвюх тутэйшых арганізацыях – "Белаўтастрада" ды "Інтэраўтатранс", якія кантралююць грузапаток на памежжы з беларускага боку – карэспандэнта радыё "Свабода" запэўнілі ў тым, што іхнае віны перад кіроўцамі няма, а вінаватыя расейскія суседзі. Затое ў Беларускай Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозак адказалі адразу, што праблемы памежжа датычацца і аднаго, і другога бакоў. І хоць пра гэты апошні страйк кіроўцаў у Асацыяцыі пакуль што ня ведалі, спэцыяліст па сувязях з грамадзкасьцяй Ігар Рубан зазначыў, што Рэдзькі – "ці ня самы праблемны памежны беларуска-расейскі аўтапераход".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG