Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лютага 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Нягледзячы на заявы Аляксандра Лукашэнкі пра нежаданьне распачынаць перамовы з апазыцыяй, міжнародная супольнасьць працягвае падрыхтоўку да шэрагу захадаў у дачыненьні да Беларусі. Пра гэта 15 лютага паведаміў кіраўнік Кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі амбасадар Вік. Інфармацыя была агучаная пад час сёньняшняга паседжаньня Кансультатыўнае рады апазыцыйных палітычных партыяў.

Паводле Ганса-Георга Віка, спадарыня Ферары Вальтнэр – дзейная старшыня АБСЭ – мае намер выступіць з адмысловай заяваю пра становішча ў Беларусі. Пра гэта новы міністар замежных справаў Аўстрыі паінфармавала амбасадара Віка пад час іхнае сустрэчы ў Вене, дзе 10 лютага працавала Палітычная рада Арганізацыі бясьпецы й супрацоўніцтва ў Эўропе.

Магчыма таксама, што гэтак званая "тройка АБСЭ" неўзабаве наведае Менск. Дарэчы, у ейны склад уваходзяць прадстаўнікі Аўстрыі, якая зь 1 студзеня гэтага году старшынюе ў АБСЭ, Румыніі – краіны, што зьменіць Аўстрыю, і Нарвэгіі, якая папярэднічала аўстрыйцам.

Другая падзея – буйная адмысловая канфэрэнцыя па Беларусі з удзелам прадстаўнікоў шэрагу міжнародных арганізацыяў. Мэта канфэрэнцыі – выпрацаваць рэкамэндацыі наконт мэтазгоднасьці назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі. Калі рашэньне будзе станоўчым, канфэрэнцыя можа прапанаваць і каардынатараў гэтага працэсу.

2 і 3 сакавіка Менск маюць намер наведаць тры высокапастаўленыя міжнародныя чыноўнікі. Гэта – спадар Севярын – кіраўнік рабочае групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, спадар Бэрандт – дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і спадар Вэйсман – кіраўнік падкамітэту Эўрапарлямэнту. Пад час гэтага візыту кансультатыўна-назіральная група АБСЭ плянуе зарганізаваць тры "круглыя сталы" ў праблемах мас-мэдыя, выбарчага заканадаўства і функцыяў парлямэнту.

Важны сэмінар у пытаньнях эканомікі й мясцовага самакіраваньня з удзелам прадстаўніка АБСЭ Томаса Прайса пройдзе напрыканцы гэтага тыдня ў Горадні.

У гэтай сувязі Кансультатыўную Раду апазыцыйных партыяў, перш-наперш цікавіла, як усе гэтыя захады дапасуюцца да вядомае заявы Лукашэнкі на калегіі Міністэрства замежных справаў. У адказ амбасадар Вік паведаміў, што, на ягоны асабісты погляд, зьмест заяваў Лукашэнкі неадназначны. Ён таксама зьвярнуў увагу на тое, што МЗС Беларусі адмежавалася ад выпадаў некаторых дэпутатаў-"палатнікаў" супраць групы АБСЭ.

У спрэчках вакол інфармацыі Віка найбольш радыкальную пазыцыю заняў Вінцук Вячорка. Ён адзначыў, што ўлады сваімі апошнімі дзеяньнямі ня толькі не спрыяюць усталяваньню клімату даверу ў краіне, а нават пагаршаюць яго. Таму спадар Вячорка прапанаваў заклікаць міжнародную супольнасьць да перагляду стратэгіі адносна Беларусі. На што амбасадар Вік адзначыў, што ведае толькі адзін мірны шлях – перамовы.

XS
SM
MD
LG