Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 лютага 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

(эфір 11 лютага)
11 лютага падведзеныя вынікі конкурсу на лепшы кінасцэнар пад рабочым назовам "Жыцьцё й прыгоды нацыяналіста сярэдняга веку".

Напачатку – пра ідэю гэтага конкурсу. Напрыканцы мінулага лета ў вадным з маляўнічых куткоў Беларусі сябры колішняга грамадзка-культурніцкага моладзевага аб'яднаньня "Талака" сабраліся – ці не за дзесяць прамінулых гадоў – разам.

Там, пад гоман пра былую супольную нацыянальна-адраджэнцкую маладосьць у "талакоўца" Віктара Івашкевіча высьпела выснова: вось жа пасьля бурнае, поўнае рамантычных летуценьняў сябрыны ды ня менш захапляльных рэальных ейных справаў "талакоўцы" пайшлі ў сталае жыцьцё кожны сваім адметным шляхам.

А на ім таксама ж за гэтыя дзесяць гадоў было поўна ўсяго, чым жылі ў юнацтве, але прыйшло й тое, на што тады аніяк не спадзяваліся – расчараваньне. Сабою. Сябрамі. Марамі. Але ніхто не расчараваўся ў ідэі, якая некалі й сабрала іх разам. І за кожным канкрэтным лёсам ужо стаіць вялікая біяграфія, якая – а чаму б і не – можа легчы ў васнову мастацкага фільму.

Віктар Івашкевіч падзяліўся сваім меркаваньнем з кінарэжысэркаю Арынаю Волах. Яна горача падтрымала ідэю ды прапанавала абвесьціць конкурс на лепшы кінасцэнар. Так прыватная ініцыятыва дваіх непрыватных асобаў вылілася ў нязвыклую творчую дзею.

Падводзячы вынікі конкурсу, сябра журы – знаны беларускі літаратуразнаўца ды філёзаф Валянцін Акудовіч адцеміў, што тэма конкурсу ахоплівае адну з самых вялікіх таямніцаў чалавецтва.

"Нацыяналізм нечым падобны да каханьня, але не пэрсаналізаваны ў ваднэй асобе, а зьвернуты адразу да ўсяго і ні да чога канкрэтнага. Бо што мы любім, кахаючы радзіму? Ейныя рэкі? Горы? Злодзеяў? Бамжоў?

Пакуль нашае кіно не паставіць гэтыя пытаньні, нават размовы пра нацыянальны кінэматограф быць ня можа. Гэты конкурс быў першай спробаю такое пастаноўкі. Мне было цікава чытаць дасланыя на конкурс сцэнары, таму што іхныя аўтары спрычыніліся да разгадкі і маёй таямніцы пра нацыяналізм," – сказаў Валянцін Акудовіч.

Старшыня журы кінарэжысэрка Арына Волах прызналася, што чакала на конкурс сцэнароў камэдыяў, трагікамэдыяў, але аніяк не трагедыяў. Аднак, у дасланых работах пераважаў менавіта гэты апошні жанр. Што яе зьдзівіла й нават збянтэжыла, бо жыцьцё беларускіх нацыяналістаў у рэальнасьці, на яе думку, менш беспрасьветнае, чым у дасланых творах.

Гіне галоўны герой і ў творы аднаго з пераможцаў конкурсу – знанага беларускага празаіка Юрыя Станкевіча. Дарэчы, конкурсны сцэнар – гэта першая кінэматаграфічная спроба спадара Станкевіча. Сваё рашэньне зрабіць яе Юры Станкевіч тлумачыць наступным чынам:

(Станкевіч: ) "Сама тэма нацыянальнага вельмі блізкая мне, таму што я сам калісьці хадзіў на гэтыя паседжаньні "Талакі". І шмат тых людзей, якія былі са мной там – я іх і зараз сустракаю, і сачу за іх лёсам… "

Юры Станкевіч па выніках конкурсу атрымаў заахвочвальную прэмію. Другім уладальнікам такое ж прэміі стаў Андрэй Федарэнка, добра вядомы беларускаму чытачу сваімі вострасюжэтнымі аповесьцямі ды апавяданьнямі, да якіх кінэматаграфісты неаднойчы праяўлялі цікавасьць, але так ні разу й не зьнялі фільм паводле іх. І вось чаму:

(Федарэнка: ) "Нацыяналіст. Давайце, маўляў, "ісправьте, па-рускі напішцые, у нас нікто не чітает по-белорусскі. Перепішыце по-рускі, пожалуста". Вядома, я гэтага ня мог…"

Першай прэміі не атрымаў ніхто, а гэта значыць, што фільм паводле вынікаў конкурсу здымацца ня будзе – такія ўмовы. І гэта адна з прычынаў таго, што конкурс на лепшы кінасцэнар пад назовам "Жыцьцё й прыгоды нацыяналіста сярэдняга веку" будзе працягнуты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG