Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 лютага 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Падзеі апошніх дзён пераконваюць у тым, што беларускія ўлады маюць цьвёрды намер правесьці парлямэнцкія выбары сёлетняй восеньню паводле ўласнага сцэнару. Сёньня ўжо можна казаць пра пэўныя рысы такога пляну.

Паводзіны афіцыйных кіраўнікоў Беларусі ў адносінах да маючых адбыцца парлямэнцкіх выбараў даюць грунтоўныя падставы казаць пра існаваньне пэўнае стратэгіі. На мой погляд, можна вылучыць некалькі этапаў гэтага пляну. Першы – стварэньне ў вачох сусьветнае супольнасьці ўражаньня, нібы ўлады згодныя на перамовы. Другі – прыняцьцё больш-менш прыстойнага паводле дэмакратычных мерак Выбарчага кодэксу. Трэці – уцягваньне ў выбары некаторых партыяў з тых, што уваходзяць у Кансультатыўную Раду. Чацьверты – правядзеньне выбараў ва ўмовах, якія адносна адпавядалі б міжнародным нормам. І, нарэшце, пяты – дамагчыся прызнаньня вынікаў выбараў.

Пачатковы этап пройдзены. Амаль паўгады ўлады фактычна ўводзілі ў зман і апазыцыю, і сусьветную супольнасьць, паабяцаўшы наладзіць дыялёг, а затым і перамовы. Цяпер зразумела, што ўвесь гэты час афіцыйны Менск толькі прыглядаўся да рэакцыі міжнародных арганізацыяў. Паколькі апошнія не прынялі нават рэзкіх па форме заяваў, ня кажучы пра больш істотныя дзеяньні, улады адмовіліся рабіць выгляд, што гатовыя раіцца з апазыцыяй.

Цяпер дзяржаўная прапаганда ўзялася даказваць, што Выбарчы кодэкс, які прынялі абедзьве палаты гэтак званага "Нацыянальнага сходу", адпавядае сусьветным стандартам. І тут, падобна, Лукашэнка пільна сочыць за рэакцыяй міжнародных арганізацыяў. Калі ацэнка кодэксу будзе нэгатыўнай, ён можа ўнесьці адно або некалькі зьмяненьняў, скіраваных на дэмакратызацыю Кодэксу.

Адначасова робіцца ўсё, каб адарваць ад Кансультатыўнае Рады некалькі партыяў, якія пагодзяцца ўдзельнічаць у выбарах. Няма аніякага сакрэту, што найбольшая спакуса тут у камуністаў Калякіна, лібэралаў Гайдукевіча й Жаночай партыі "Надзея". Можна ня сумнявацца, што менавіта ў адносінах да іх улады будуць прымаць самыя разнастайныя захады. І зразумела чаму – адмова ўсіх, без выключэньня, апазыцыйных партыяў ісьці на выбары разбурае ўвесь плян.

Чым можа адказаць на гэтыя пляны апазыцыя? Тут вельмі важнай выглядае заява старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Сямёна Шарэцкага, зробленая 12 лютага ў Вільні. Кіраўнік легітымнага парлямэнту заявіў, што Вярхоўны Савет будзе выконваць свае абавязкі да таго часу, пакуль у Беларусі ня пройдуць па-сапраўднаму свабодныя і дэмакратычныя выбары ў парлямэнт.

Калі апазыцыя згуртуецца вакол гэтае заявы, афіцыйны плян можа абрынуцца. Але пакуль у палітычнай апазыцыі няма адзінае думкі. Адны выступаюць за тое, каб увогуле ігнараваць "лукашэнкавыя" выбары; другія кажуць, што надзвычай важна захаваць адзінства ў шэрагах, а ўдзельнічаць у выбарах ці не – гэта ўжо іншая праблема. Ёсьць і трэція, якія лічаць, што апазыцыя дзеля таго, каб стаць сыстэмнай, абавязкова павінна йсьці на выбары.

XS
SM
MD
LG