Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 лютага 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Кіраўніцтва Беларускае Сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" паведаміла, што арганізатары альтэрнатыўнага мітынгу 15 лютага з нагоды чарговае гадавіны вываду савецкіх войскаў з Аўганістану пісьмова адмовіліся ад яго правядзеньня, заявіўшы, што "ўшаноўваць памяць палеглых у Аўганістане маладых беларусаў на пляцы Бангалёр у Менску, якая зьяўляецца месцам выгулу сабак – ганебна й недапушчальна".

Лідэр "Народнае Грамады" Мікалай Статкевіч заклікаў менчукоў прыйсьці 15 лютага а 18-й гадзіне на "Выспу Сьлёз" са сьвечкамі. Тым часам, афіцыйныя СМІ пачалі кампанію супраць арганізатараў гэтага мітынгу, да якой далучыўся й Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане.

Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане распаўсюдзіў адмысловую заяву супраць альтэрнатыўнага мітынгу, заяўку на які падавалі афіцэры ў адстаўцы Мікалай Статкевіч, Уладзімер Барадач і Алесь Станкевіч. У гэтай заяве, падпісанай старшынём саюза вэтэранаў Станіславам Гаварушкіным, мітынг прадстаўнікоў апазыцыі расцэнены як "спроба выкарыстаць аўтарытэт аўганскага руху ў карысьлівых мэтах" і як "правакацыя".

Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт, відаць, "прыслухаўся" да меркаваньня саюзу вэтэранаў і адказаў Статкевічу, Станкевічу і Барадачу, што іхны мітынг на "Высьпе Сьлёз" "не ўяўляецца магчымым у сувязі з правядзеньнем агульнагарадзкой акцыі". Такім чынам, гарадзкі выканаўчы камітэт падзяліў вэтэранаў аўганскае вайны на "добрых" і "дрэнных", адным зь якіх дазволілі правесьці мітынг ля помніку, а іншых скіравалі на пляц Бангалёр. Гаворыць адзін зь ініцыятараў адмененага мітынгу Мікалай Статкевіч:

"На гэтую дату маюць права ўсе, тым больш, што яна выклікае сумную асацыяцыю з тым, што зараз адбываецца ў Чачні і з палітыкаю ўладаў на аб'яднаньне з Расеяй… Я лічу, што гэтая дата шмат часу выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах уладамі й прыкормленымі імі арганізацыямі вэтэранаў вайны ў Аўганістане, – дакладней, прыкормленай вярхушкаю гэтых арганізацыяў.

Заўжды гэтая дата выкарыстоўваецца насуперак здароваму сэнсу й таму, што там адбылося, дзеля гаворак пра нейкае братэрства па зброі славянскіх народаў, аб'яднаньне й г.д.

Хаця, калі нядоўга паразважаць, то гэтая дата павінна ў беларусаў выклікаць супрацьлеглыя асацыяцыі: што нашых дзяцей уцягнулі ў чужую вайну за многія тысячы кілямэтраў ад Беларусі. Іх кінулі ў гэтае пекла, забівалі, калечылі, а потым яны вярнуліся нездаровыя і фізычна, і пасьля псыхалагічных траўмаў. І іх кінулі другі раз тут…"

Гэта, відаць, і ёсьць тое, што не дазволілі сказаць 15 лютага на агульнагарадзкім мітынгу Мікалаю Статкевічу, які разам з калегамі прэтэндаваў там толькі на адную кароткую прамову.

XS
SM
MD
LG