Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 лютага 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Менскі гарадзкі суд завершыў разгляд крымінальнае справы непаўнагадовае Надзеі Грачухі, якая абвінавачваная ў спаленьні афіцыйнага чырвона-зялёнага сьцягу 21 ліпеня 1999 году на Кастрычніцкім пляцы ў Менску. Надзея пакараная 22 тысячамі дэнамінаваных рублёў штрафу.

Сёньня судзьдзя Камісараў вынес вырок у крымінальнай справе непаўнагадовае жыхаркі Барысава Надзеі Грачухі паводле артыкулу 186 часткі 2 Крымінальнага кодэксу (зьнявага дзяржаўных сымбаляў). Судзьдзя ўлічыў тыя абставіны, што Надзеі толькі сямнаццаць гадоў, што яна раней ніколі не прыцягвалася да судовае адказнасці й жыве ў малазабясьпечанай сям'і. Прысуд – штраф памерам 10 мінімальных заробкаў (або 22 тысячы дэнамінаваных рублёў). Гэта мінімальная мера пакараньня паводле гэтага артыкулу.

Сёньня ў апошнім слове Надзея Грачуха пацьвердзіла, што 21 ліпеня летась пад час акцыі апазыцыі "Разьвітаньне з прэзыдэнтам" спаліла сьцяг у знак пратэсту супраць рэжыму. Яна паведаміла радыё "Свабода":

(Грачуха: ) "21 ліпеня я на плошчы Кастрычніцкай спаліла чырвона-зялёны сьцяг. Я ведала, што мяне могуць прыцягнуць да судовай адказнасьці, але я рызыкавала – я вырашыла выразіць пратэст. Вядома, усякае бывае, і ў турмы саджаюць. Мэта майго пратэсту была такая: у час прыходу да ўлады Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі Ціцянкоў зьнішчыў наш гістарычны сьвяты бел-чырвона-белы сьцяг. І я вырашыла зрабіць тое ж самае. Ціцянкоў паказаў беларускай моладзі і ўсяму народу, як трэба распраўляцца з няўгоднымі сымбалямі. Яго да крымінальнай адказнасьці не прыцягнулі, таму што ў нашай краіне ідзе адфільтрацыя людзей, і, напрыклад, мяне адносяць да ворагаў народу, а яго – не".

– паведаміла асуджаная Надзея Грачуха.

Яе маці, законны прадстаўнік на судовым паседжаньні, Ірына Грачуха, нягледзячы на даволі мяккі прысуд, непакоіцца за лёс сваёй дачкі. Яна распавяла пра гэта нашаму радыё:

(І. Грачуха: ) "Сёньня быў дадзены прысуд, і ён быцца бы ня страшны. Штраф – ну што там у параўнаньні з двума гадамі турмы сучаснай – быццам ён ня страшны. Але на самай справе ўсё ня так проста, і на душы ў мяне трывожна як было – так і ёсьць. Чаму? Таму што для Надзеі няма ніякай пэрпэктывы ні вучобы, ні працы ў нашым горадзе – ён невялікі, усе навідавоку, усе ведаюць адно аднаго, і да нас усе адносяцца як да людзей ніжэйшага гатунку. Добра, калі хто сустрэнецца… А так, як жа – сьцяг спаліла, пратэст выказала, гэтага ня можна рабіць, трэба жыць ціха, спакойна, не пратэставаць. А яна зь яе характарам, зь яе рашучасьцю, зь яе адносінамі да сучаснага рэжыму, зь яе ўдумлівай ацэнкай жыцьця, надта жыць складана".

– гаварыла Ірына Грачуха.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG