Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 лютага 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Станцыя Ласі – Маладэчна

Маладэчанскія дэмакратычныя арганізацыі Дзень сьвятога Валянціна адзначылі, выехаўшы на могілкі, дзе пахаваныя паўстанцы Кастуся Каліноўскага.

У нядзелю некалькі дзясяткаў сябраў маладэчанскіх філіяў дэмакратычнага аб'яднаньня "Вэтэран" і "Беларускага Народнага Фронту" (пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі) на электрычцы прыехалі на станцыю Ласі. Там яны разгарнулі бел-чырвона-белыя сьцягі й рушылі ў бок вёскі Плябань да старых каталіцкіх могілак. Як патлумачыў "мне народнафронтавец" Алесь Шафаловіч, гэтая грамада напярэдадні дня сьвятога Валянціна пажадала ля магілы, дзе пахаваныя маладэчанскія паплечнікі Кастуся Каліноўскага, яшчэ раз прызнацца ў любові да ягоных ваяроў і да ідэалаў, за якія ён змагаўся.

"У сэрцы павінны быць пачуцьці й да Радзімы, і да продкаў, якія змагаліся за Бацькаўшчыну, і любоў да ўсіх – і памерлых, і жывых", – зазначыў Алесь Шафаловіч.

На велізарны валун, над якім узвышаецца крыж , вэтэраны й "народнафронтаўцы" паклалі кветкі, а потым учынілі малітву на беларускай і польскай мовах, памінаючы пахаваных тут кіраўніка паўстаньня на Маладэчаншчыне й Вілейшчыне Юльяна Бакшанскага, а таксама – ягоных аднадумцаў і памочнікаў – Рафала Малішэўскага, Людвіка Яманта й Леапольда Панькоўскага. Паўстанцы прынялі свой апошні бой каля тутэйшае вёскі Сьвечкі супраць карнага аддзелу расейскіх войскаў у сакавіку 1863 году.

Аддаючы належнае героям, выступоўцы ў сваіх прамовах з горыччу зазначалі пра тыя факты, што з памятнага каменю нейкія вандалы сарвалі мэмарыяльную шыльду, зробленую з каляровага мэталу, што сьцежка да магілы заваленая бураломам, што дагэтуль дзяржава не парупілася пра помнік змагарам за волю й долю беларускага, польскага і летувіскага народаў.

Гаворыць лідэр дэмакратычнае вэтэранскай арганізацыі Маладэчна Тадэвуш Шусьціцкі:

"Вы ўсе выдатна разумееце, калі ў заняпадзе ўся краіна, тады й памяць губляецца пра сваіх бацькоў. Што тут зьдзіўляцца, калі сёньня па 10 тысячаў немаўлятаў у год кідаюць маці. Хто тут будзе думаць і дбаць пра прах памерлых, пра сваё мінулае, калі наша будучыня ў заняпадзе".

З разгорнутымі бел-чырвона-белымі сьцягамі калёна затым рушыла ў вёску Плябань, каб наведаць музэй паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Але ў нядзелю ён не працаваў.

Увечары ў нядзелю маладэчанскія "маладафронтаўцы" дзень сьвятога Валянціна адзначылі, сабраўшыся ў цэнтры свайго гораду. Палілі бянгальскія агеньчыкі, праводзілі ў памяшканьні кінатэатру "Радзіма" адмысловыя конкурсы на лепшы пацалунак і на веданьне старадаўняй сямейнай абраднасьці беларускага народу.

XS
SM
MD
LG