Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 лютага 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ўраніцу прадстаўнікі "Маладога Фронту" наведалі 12 амбасадаў краінаў Эўропы й Злучаных Штатаў Амэрыкі й перадалі дыпляматам гэтых дзяржаваў адмысловы зварот-віншаваньне з нагоды дня сьв. Валянціна – міжнароднага сьвята закаханых.

Марш па амбасадах пачаўся ля менскае штаб-кватэры БНФ. Група актывістаў "Маладога Фронту" на чале са стваршынём гэтай арганізацыі Паўлам Севярынцам мелі намер перадаць прадстаўнікам амбасадаў Нямеччыны, Польшчы, Баўгарыі, Вялікабрытаніі, Італіі, Украіны, Францыі, Чэхіі, ЗША, Летувы, Латвіі й Эстоніі адмыслова падрыхтаваны да дня сьв. Валянціна зварот (падобную акцыю "маладафронтаўцы" праводзяць ужо чацьверты год запар). У ім арганізатары віншуюць урады й народы гэтых краінаў зь днём сьв. Валянціна й просяць падтрымаць маладзёвы рух у Беларусі "дзеля ўсталяваньня ў краіне цывілізаванага грамадзтва".

Аўтары звароту таксама адзначаюць, што падзеі ХХ стагодьдзя (дьзве ўсясьветныя вайны, камунізм, рэпрэсіі і г.д.) пакінулі ў Беларусі свой чорны сьлед. "Зьнішчэньне інтэлігэнцыі ды ўвогуле ўсіх вольналюбных людзей не даюць магчымасьці здабыць тую свабоду, якая нам, як народу, належыць" – паведамляюць у сваім звароце "маладафронтаўцы".

Апазыцыйная моладзь таксама зьвяртае ўвагу цывілізаванага сьвету на тое, што ўжо чацьверты год беларускія студэнты й школьнікі праводзяць 14 лютага шэсьце пад лёзунгам "Беларусь у Эўропу!", бо хочуць, каб краіна стала вольнай, дэмакратычнай і эўрапейскай дзяржаваю.

Зварот сканчваецца заклікам да заходніх краінаў падтрымаць беларускую моладзь, бо іх "актыўная пазыцыя й салідарнасьць мае вялікае значэньне для нашае будучыні".

Перад аб'ездам дыпляматычных прадстаўніцтваў Павал Севярынец паведаміў нашаму радыё:

(Севярынец: ) "Па-першае, моладзь мае сваё сьвята, якое сьвяткуюць ня толькі пэнсіянэры і хатнія гападыні, сьвяткуе ўся разам апазыцыя, сьвяткуе асобна моладзь. Па-другое, моладзь, якая сьвяткуе ў гэты дзень традыцыйнае, вясёлае, цёплае эўрапейскае сьвята, робіцца эўрапейскаю моладзьдзю, людзі робяцца эўрапейцамі – гэта цудоўна.
Колькі разоў нас прымалі на даволі высокім узроўні. Я думаю, што гэтыя звароты не асядаюць у амбасадах, а ідуць далей, трапляюць у прэсу і да маладзёвых арганізацыяў за мяжой. А ў рэшце рэшт усім людзям прыемна ў гэты дзень атрымаць віншаваньне зь днём маладосьці і каханьня, і гэта таксама – нейкі плён".

Супрацоўнікі ўсіх амбасадаў, у якія перадалі сваю пэтыцыю маладафронтаўцы, таксама запэўнілі сябраў дэлегацыі, што гэты зварот абавязкова пачуюць як кіраўніцтва іхных краінаў, гэтак і эўрапейская ды амэрыканская моладзь.

А найбольш цёплы прыём актывістам "Маладога Фронту" быў аказаны ў амбасадзе Нямеччыны, дзе, акрамя перадачы звароту, Павал Севярынец дадаткова павіншаваў увесь жаночы пэрсанал гэтага дыпляматычнага прадстаўніцтва.

Увесь час, пакуль "маладафронтаўцы" езьдзілі па амбасадах, іхны мікрааўтобус суправаджалі некалькі міліцэйскіх машынаў. Праўда, ахоўнікі парадку моладзі не перашкаджалі, толькі няспынна некаму паведамлялі па рацыі пра тое, што робяць апазыцыянэры.

XS
SM
MD
LG