Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лютага 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Інтэрнэт сымбалізуе сабой сапраўдную рэвалюцыю ў галіне сувязі. Некаторыя аналітыкі сьцьвярджаюць, што менавіта Інтэрнэт у стане стаць новай тэхналягічнай ідэалёгіяй ХХІ стагодзьдзя. Але падзеі апошніх дзён сьведчаць таксама і аб тым, што сыстэмы Інтэрнэту даволі безабаронныя перад атакамі так званых "гакераў", піратаў Інтэрнэту.

Што ж робіць інтэрнэтаўскія старонкі такімі безабароннымі перад атакамі гакераў? Справа ў тым, што лініі Інтэрнэту – гэта нішто іншае, як тэлефонныя лініі, якія як абрусам пакрываюць усю зямлю, і практычна кожны мае да гэтых лініяў неабмежаваны доступ. Спалучэньне праз Інтэрнэт паміж дзьвума карэспандэнтамі ажыцьцяўляецца за лічаныя сэкунды, нават долі сэкундаў. Пры гэтым, амаль ніколі электронны дыгітальны сыгнал ня йдзе тым самым шляхам па інтэрнэтаўскіх сетках. Ён заўсёды абірае іншы шлях. Такім чынам, паасобныя інтэрнэтаўскія сеткі як бы супрацоўнічаюць паміж сабой у перадачы інфармацыі.

Але якраз вось гэта "супрацоўніцтва" інтэрнэтаўскіх сетак і зьяўляецца адной з галоўных слабасьцяў Інтэрнэту. Практычна немагчыма высьветліць адкуль прыходзіць той ці іншы сыгнал. І кожны парушальнік правілаў "гульні" мае амаль стопрацэнтную гарантыю ананімнасьці.

І таму перад амэрыканскім ФБР стаіць вельмі цяжкае заданьне: высьветліць – хто ж на працягу мінулых некалькіх дзён зьнішчыў некалькі вельмі важных вэб-сайтаў ЗША. Зьнішчаныя былі вэб-старонкі Сі-Эн-Эн і амэрыканскай фондавай біржы.

Дырэктар ФБР Рон Дык на спэцыяльна скліканай з гэтай нагоды прэсавай канфэрэнцыі заявіў:

(Дык: ) "Вельмі праўдападобна, што за гэтымі атакамі гакераў стаяць адпаведныя асобы, а можа і фірмы. Але ў іх няма гарантыі, што іх ня знойдуць. Яны мусяць усьведамляць, што ставяць пад пагрозу свой бізнэс. Нават калі зброя гэтых атакаў была выкарыстаная бяз іхнага веданьня. Нават калі галоўны арганізатар атакаў супраць вэб-старонак, пра якія гаварылася апошнім часам у сродках масавай інфармацыі, знаходзіцца недзе вельмі далека".

ФБР, на думку яе дырэктара Рона Дыка, разумее, што ў барацьбу супраць гакераў павінны ўключыцца і іншыя арганізацыі. Ён працягвае:

(Дык: ) "Бясьпека ў Інтэрнэце – гэта агульная справа. Яе ня можа выконваць нейкая адна арганізацыя, адно фэдэральнае агенцтва, альбо сам урад. Тут павінна быць супрацоўніцтва паміж усімі намі, і самым важным партнэрам павінен быць прыватны сэктар".

Сольвейг Сынгльтон, дырэктар аддзелу інфармацыі Інстытуту Сато у Вашынгтоне падзяляе думку дырэктара ФБР. Яна лічыць, што толькі супольным высілкам можна перамагчы гакераў. У размове з карэспандэнтам нашай радыестанцыі Андру Туллі яна заявіла:

(Сынгльтон: ) "Цяпер у Інтэрнэце прыйшоў час, калі мы павінны перш за ўсё думаць пра бясьпеку, але адначасна мы павінны непакоіцца пра кампутарныя вірусы. У гэтай справе і фэдэральнае бюро бясьпекі і ФБР павінны адыграць адпаведную ролю, але і самыя аўтары вэб-старонак павінны дбаць пра бяспеку. Трэба распрацоўваць новыя тэхалёгіі, якія б не дазволілі дзейнічаць гакерам. Старонкі павінны зачыняцца на замок, так, як мы зачыняем дзверы нашых кватэраў".

Разьвіцьцё кампутарных тэхналёгіяў ідзе сёньня вельмі хуткімі тэмпамі, але стварэньне новых тхналёгіяў у галіне захаваньня бясьпекі вэб-старонак, як бачым, не пасьпявае за агульным прагрэсам у гэтай галіне. Цяпер вучоныя-кампутаршчыкі павінны перагледзець прыярытэты сваіх распрацовак. Пра гэта выразна сьведчыць характар апошняй атакі гакераў на вядомыя амэрыканскія вэб-сайты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG