Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лютага 2000 г.


Алена Радкевіч, Прага

Эўрапейскі зьвяз, як вядома, жорстка прарэагаваў на ўдзел ультраправай партыі Ёрга Гайдэра ў новым урадзе Аўстрыі. У той жа час меркаваньні на гэты конт у краінах-кандадатках на далучэньне да Эўразьвязу – падзяліліся…

Уключэньне партыі Ёрга Гайдэра ў кааліцыйны ўрад Аўстрыі выклікала разнастайныя водгукі і сярод асноўных кандыдатаў у Эўрапейскі Зьвяз з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Найбольшую заклапочанасьць на афіцыйным узроўні выказалі Чэхія, Славаччына і Славэнія. Вугоршчына, якая гістарычна мае шчыльныя сувязі з Аўстрыяй, была адносна стрыманай у сваіх ацэнках. Меркаваньні трох краінаў Балтыі, гэаграфічна аддаленых ад Аўстрыі, былі толькі водгульлем афіцыйных выказваньняў іншых краінаў.

Жорсткія санкцыі Эўрапейскага Зьвязу ў дачыненьні да Аўстрыі зрабілі падвойнае ўражаньне, напрыклад, на чэхаў. Паводле кіраўніка Радыё "Прага" Міраслава Крубічкі, грамадзкая думка ў Чэхіі падзялілася.

Бальшыня чэхаў абураюцца Гайдэрам і ягонымі антэмігранцкімі поглядамі; яны да таго ж апасаюцца больш жорсткага стаўленьня да пашырэньня Эўрапейскага зьвязу – супраць чаго выступае партыя Гайдэра. Погляды меншасьці гучаць у выказваньнях уплывовага апазыцыйнага лідара, былога прэм'ера Вацлава Клаўса. Паводле Клаўса, адмова Эўразьвязу прызнаць дэмакратычныа абраны ўрад – горшая, чымся прыход да ўлады праварадыкальнай партыі.

Міраслаў Крубічка ўважае, што рост папулярнасьці партыі Гайдэра ў Аўстрыі (а прычынай гэтай папулярнасьці была незадаволенасьць аўстрыйцаў дзьвума асноўнымі партыямі) – можа ў Чэхіі спарадзіць спадзяваньні зусім ня праварадыкалаў, а якраз ускрайніх левых.

(Крубічка: ) "У Чэхіі, хутчэй, камуністычная партыя можа атрымаць выгоды ад таго, што адбываецца ў Аўстрыі. І тут дзьве асноўныя палітычныя партыі, якія добра асталяваліся і дзеляць паміж сабой уладу, зь якой не жадаюць дзяліцца ні з кім іншым. Як паказваюць апытаньні грамадзкай думкі, народ усё больш незадаволены так званай апазыцыйнай дамовай".

Апазыцыйная дамова дазволіла ў Чэхіі сацыял-дэмакратам стварыць урад меншасьці са згоды буйнейшай апазыцыйнай партыі, кіраванай Клаўсам.

Грамадзкая думка ў Вугоршчыне пераважна падтрымлівае Аўстрыю і крытыкуе Эўрапейскі Зьвяз. Апрэч гістарычных сувязяў, Вугоршчына і цяпер мае шчыльныя палітычныя і эканамічныя дачыненьні з Аўстрыяй. На думку аналітыкаў, зарана пакуль меркаваць, ці паўплывае такая пазыцыя Вугоршчыны на ейнае далучэньне да Эўрапейскага Зьвязу. Паводле апытаньняў, ад 65-ці да 70-ці адсоткаў жыхароў Вугоршчыны падтрымлівае ўступленьне ў Зьвяз.

Рэакцыю грамадзкай думкі ў Польшчы можна назваць няпэўнай. Рэдактар замежнага аддзелу часопіса "Polityka" Марэк Астроўскі, у прыватнасьці, гаворыць:

(Астроўскі: ) "Падзеі ў Аўстрыі і Эўразьвязе шырака асьвятляюцца ў Польшчы, бо Аўстрыя – наш блізкі сусед. Але польскае грамадзтва ня мае жорсткага пункту погляду, бо бальшыня народу ня ведае, што думаць на гэты конт – тут усё так заблытана".

Астроўскі тлумачыць гэта заблытанасьцяй польскай гісторыі. На ягоную думку, шмат палякаў, асабліва з поўдня краіны, адчуваюць нейкія роднасныя пачуцьці да Вены. Кракаў быў у свой час важным местам Аўстра-Вугорскай імпэрыі.

Але Астроўскі ня думае, што аўстрыйскія праблемы значна паўплываюць на пазыцыю Польшчы адносна далучэньня да Эўрапейскага Зьвязу. Амаль дзьве траціны насельніцтва Польшчы падтрымлівае ідэю далучэньня.

Сярод іншых кандыдатаў на прыём у ЭЗ, эстонскае грамадзтва шмат увагі надае разьвіцьцю падзеяў вакол Аўстрыі. Талін абраў пазыцыю "пажывем – пабачым" і ўстрымліваецца ад камэнтароў, аднак шмат хто з палітыкаў выказвае сваю заклапочанасьць.

Паводле эстонскага адмыслоўца ў Эўрапейскіх пытаньнях Тарму Таммэрка, у Эстоніі адчуваецца некаторая непамыснасьць у сувязі з суворай рэакцыяй Эўразьвязу. Таммэрк падкрэсьлівае, што Эстоніі – маленькай краіне з нядобрай памяцьцю аб Савецкім Саюзе, вельмі лёгка ў гэтай сытуацыі правесьці паралелі паміж Эўразьвязам і былым СССР.

(Таммэрк: ) "Я думаю, па вялікім рахунку, тое, што адбываецца вакол Аўстрыі, паспрыяе росту скэптычных настрояў у Эстоніі адносна Эўрапейскага Зьвязу. Гэта тое, што прадказвалі многія палітыкі. І гэта, верагодна, можа здарыцца".

У Эстоніі, дзе каля 26 адсоткаў насельніцтва рэгулярна ўжывае Інтэрнэт, вельмі распаўсюджаная практыка інтэрнэтнага апытаньня. Паводле вынікаў апошняга такога апытаньня, з 1100 рэспандэнтаў 70 адсоткаў адказалі, што іхнае стаўленьне да Эўрапейскага зьвязу пагоршылася. У той жа час палепшылася яно толькі ў 10 адсоткаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG