Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лютага 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі.

На фоне агульнага крызысу эканомікі ў Беларусі адбылося абвальнае скарачэньне вонкавага гандлю, а таму зьменшылася паступленьне валюты ў краіну. У чацьвер гэтыя праблемы былі абмеркаваныя на пашыранай калегіі Міністэрства замежных справаў.

Зьдзіўляе афіцыйнае тлумачэньне таго, чаму вонкавы гандаль з Расеяй зьменшыўся на адную траціну. Аказваецца, пад ціскам дэвальвацыі расейскі рубель нагэтулькі патаньнеў, што беларускі бок праз экспарт страціў ажно 24 адсоткі кошту вывезеных у Расею тавараў.

Прычына нібы аб'ектыўная. Але дзе тым часам быў беларускі ўрад ды Нацыянальны банк? Чаму Нацыянальны банк не праводзіў валютную палітыку, адпаведную расейскай? Дарэчы, і зараз афіцыйны валютны курс беларускага рубля ў 2-2,5 разы вышэйшы за рынкавы наяўны і безнаяўны курсы, што можа зьвесьці на нішто жаданьне зьмяніць сытуацыю ў сфэры вонкавага гандлю да лепшага.

Скараціўся й вонкагандлёвы абарот з Украінаю (паводле сьведчаньняў украінскай амбасады – на 38 адсоткаў), хаця там не было рэзкай дэвальвацыі грыўні. Прычына больш глыбокая – памылковая экспартавая палітыка, у аснову якой пакладзеныя не эканамічныя інтарэсы, а палітычныя догмы панславізму ў абалонцы гэтак званай інтэграцыі.

Ніхто з кіраўнікоў дзяржавы, у тым ліку й Міністэрства замежных справаў, не патлумачыў, чаму пры абвешчанай шматвэктарнасьці эканамічнае палітыкі таваразварот з краінамі СНД (апроч Расеі і Ўкраіны) зьнізіўся да мізэрнага ўзроўню – меней за 2 адсоткі. Увесь час імкнуліся разьвіваць сувязі з краінамі блізкага й далёкага Ўсходу, а ў гэты час зьмяншаўся таваразварот з суседзямі – Польшчаю ды Летуваю.

Зьмякчыць адмоўнае ўражаньне ад правалу ў сфэры вонкавага гандлю спрабавалі беларускія амбасадары. Так, амбасадар Беларусі ў Маскве Ўладзімер Грыгор'еў заявіў па тэлевізіі, што зьніжэньне вонкавага гандлю з Расеяй не выглядала б такім унушальным, каб можна было ўлічыць неафіцыйны экспарт беларускіх тавараў у Расею. Маўляў, летась зь Беларусі безулікова было вывезена прадукцыі аж на 2 мільярды даляраў. Праўда, Грыгор'еў нічога не сказаў пра тое, што экспартавалася, хто экспартаваў і адкуль узяліся такія зьвесткі.

Амбасадар Беларусі ў Летуве Ўладзімер Гаркун гаварыў пра нявыкарыстаныя магчымасьці й пра тое, што сёлета гэтыя магчымасьці трэба скарыстаць. Але анічога не сказаў пра тое, чым выклікана жаданьне Летувы прадаць беларускую запазычанасьць за электраэнэргію і як прадухіліць гэты змушаны крок суседняе краіны. Тым болей, што новы ўласьнік запазычанасьці можа запатрабаваць ейнага неадкладнага пагашэньня. Насьцярожвае, што магчымым пакупніком запазычанасьці можа стаць адна з расейскіх фірмаў.

Вынік скарачэньня вонкавага гандлю – тое, што ў казьне няма канвэрсоўнае валюты на самае неабходнае – на закупку збожжа й лекаў, а таксама на выплату вонкавых запазычанасьцяў. А заплаціць крэдыторам сёлета трэба нямала – каля 200 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG