Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лютага 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Краіна непраяўленых ценяў – такую выснову можа зрабіць пра Беларусь недасьведчаны чытач, калі паспрабуе скласьці ўражаньне пра ейную эліту паводле кнігі "Людзі справы. Хто ёсьць хто ў Рэспубліцы Беларусь"…

Гэтае выданьне ёсьць яскравым прыкладам таго, як самую вартасную ідэю можна зьвесьці да прафанацыі, калі кіравацца не прафэсыйнымі, а ідэялягічнымі крытэрыямі.

Кніга "Людзі справы. Хто ёсьць хто ў Рэспубліцы Беларусь" зьявілася на сьвет у выдавецтве "Энциклопедикс". Аб'ёмам, фарматам, паліграфічным выкананьнем яна, і сапраўды, адпавядае тым заявам, якія аўтары выклалі ў прадмове. Яны пішуць, што за ўзор бяруць брытанскую энцыкляпэдыю "Хто Ёсьць Хто", якая ўпершыню зьявілася на "туманным Альбіёне" 150 гадоў таму. Энцыкляпэдыю, шматмільённыя наклады якое сталі адным з самых папулярных і аўтарытэтных выданьняў.

Складальнікі беларускага аналягу брытанскае энцыкляпэдыі заяўляюць, што ён прысьвечаны патэнцыялу краіны, прафэсіяналам, тым, хто сваімі справамі ўнёс варты ўклад у гісторыю краіны ды робіць значны ўплыў на сацыяльна-эканамічнае, культурнае ды навуковае жыцьцё.

Прэзэнтацыя патэнцыялу пачынаецца, аднак, з разьдзелу "Вэтэраны вайны й працы", трыццаць старонак якога распавядаюць пра пераможцаў розных савецкіх "сацыялістычных спаборніцтваў", даярак, ільнаводаў, трактарыстаў, партызанаў ды іншых асобаў, біяграфія якіх укладзеная ў падобныя да гэтых вось радкі: "Працавала ў жывёлагадоўлі цялятніцаю, даяркаю, узнагароджана ордэнам Леніна". Вартая ўсялякае чалавечае пашаны, а таксама годнае старасьці біяграфія, але пры чым тут патэнцыял краіны?

Мала чым адрозьніваецца ад гэтага й наступны разьдзел выданьня, які, мяркуючы з загалоўку, павінен ахопліваць прозьвішчы ўсіх прадпрымальных людзей краіны, бо так і названы "Дзелавы сьвет". Дзеля таго, каб пераканацца, наколькі зьмест разьдзелу адпавядае назову, зазначым, што ў ім не названы аніводзін з выбітных лідэраў прадпрымальніцкіх структураў, недзяржаўных выдавецтваў, незалежных сродкаў масавай інфармацыі, аніводны з кіраўнікоў дабрачынных фондаў, недзяржаўных навучальных установаў, вядомых сваімі эканамічнымі посьпехамі акцыянэрных прадпрыемстваў, фэрмэрскіх гаспадарак. Затое зьмешчаныя прозьвішчы ці ня ўсіх актывістаў пралукашэнкавага моладзевага аб'яднаньня БПСМ, нават рэдактары ягонага мяйсцовага насьценнага друку. Амаль толькі прозьвішчы, бо якая можа быць біяграфія ў 18-гадовых прыхільнікаў пануючага сёньня ладу ў Беларусі.

Але яшчэ больш зьдзіўленьня выклікаюць у чытача разьдзелы, прысьвечаныя людзям культуры, мастацтва й навукі. Марна шукаць на іхных старонках прозьвішчы выдатных беларускіх паэтаў Рыгора Барадуліна ды Алеся Разанава, мастакоў Гаўрылы Вашчанкі ды Аляксея Марачкіна, гісторыкаў Георгія Штыхава ды Ніны Стужынскай. Аўтары не палічыліся нават з такімі міжнародна прызнанымі асобамі як ляўрэаты незалежнае расейскае прэміі "Трыюмф" Сьвятланай Алексіевіч ды Васілём Быкавым. Чаго, дарэчы, не дазволілі сабе іншыя аўтары папярэдняга, у пяць разоў меньшага па аб'ёме ды таксама небездакорнага па зьмесьце выданьня "Хто ёсьць хто ў Рэспубліцы Беларусь".

Зрэшты, калі чытацкая ўвага запыняецца на рэгаліях аўтара прадмовы да кнігі, то прынцыпы ейных складальнікаў становяцца зразумелыя. Іх блаславіў у сьвет хтосьці Віктар Пракаповіч, старшыня праўленьня Беларускага фонду сацыяльнай абароны былых вайскоўцаў, ён жа старшыня Рады грамадзкіх і дабрачынных арганізацыяў пры дэпартамэнце гуманітарнай дапамогі пры прэзыдэнце краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG