Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 11 лютага 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Супольнымі намаганьнямі міжнародных структураў удалося спыніць спробу легалізаваць у Беларусі самую буйную ў гісторыі краіны партыю наркотыкаў. У судзе Цэнтральнага раёну Менску абвешчаны вырок двум наркадзялкам – грамадзяніну Летувы Артурасу Лукошусу й падданаму Каралеўства Нідэрлянды Франсу Вілему Ційлеману. За спробу пераправіць у Беларусь больш за тону марыхуаны абодва іншаземцы атрымалі працяглыя тэрміны зьняволеньня: да 15-ці гадоў з канфіскацыяй маёмасьці прысуджаны галяндзец, да 6 гадоў – летувец.

У апэрацыі па выкрыцьцю своеасаблівага наркасындыкату ўдзельнічалі сілавыя структуры адразу трох краінаў. Гэта нацыянальная Служба крымінальнай інфармацыі Галяндыі, Дэпартамэнт дзяржаўнае бясьпекі Летувы й КДБ Беларусі. На тое, каб узнавіць малюнак злачынства, спатрэбілася больш за паўтары гады.

Гісторыя зь беспрэцэдэнтавай па беларускіх мерках партыяй наркотыкаў бярэ пачатак зь ліпеню 1998 году. Менавіта тады Франс Вілем Ційлеман прапанаваў жыхару Клайпеды Артурасу Лукошусу пераправіць на Беларусь буйную партыю "травы" з Лацінскай Амэрыкі. Ад Лукошуса анічога асаблівага не патрабавалася: за ганарар ў 2000 даляраў ён мусіў быў прадставіць рэквізыты менскага прадпрыемства "Лантаві" дзеля дакумэнтальнага афармленьня грузу.

У адрозьненьні ад навічка Лукошуса, 50-гадовы Ційлеман меў больш чым багаты досьвед кантрабанды наркотыкаў і лічыўся рэцыдывістам міжнароднага маштабу. Але 15 гадоў, праведзеных за кратамі па ўсім сьвеце, аніяк не паўплывалі на стыль жыцьця галяндца. Апынуўшыся на волі, Ційлеман адразу ж узяўся за пошук новых транскантынэнтальных наркашляхоў…

Так, у ліпені 1998 году ён апынуўся ў Летуве, а ўжо адтуль скіраваўся ў Калумбію. Амаль тры месяцы Ційлеман займаецца пошукам і закупкаю тавару.

Паралельна ў Варшаве ўступае ў гульню Лукошус. Бяз ведама гаспадароў менскае фірмы "Лантаві" Лукошус афармляе замову на пастаўку зь Ямайкі 1200 скрыняў з садавінным пуншам на імя прадстаўніка фірмы Хенка Фінстра, якім аказаўся ні хто іншы як сам Ційлеман. Ційлеман асабіста кантралюе загрузку кантэйнэраў. І ня дзіва – у 18 мэталічных бочках знаходзілася 1111 кг марыхуаны.

У сярэдзіне студзеня 1999 году ў порце Ратэрдам прычаліў цеплаход "NLL Kingston", які ажыцьцяўляў рэйс зь Ямайкі. А літаральна празь некалькі дзён службовы сабака галяндзкай мытні ўнюхаў у адным з кантэйнэраў наркотык.

Уласна кажучы, галяндзкая мытня магла на гэтым і спыніцца. Але, каб выявіць ня толькі адпраўніка, але й атрымальніка грузу, неабходна было прасачыць маршрут да канца.

Больш за тону наркотыкаў галяндзкія спэцслужбы зьнішчылі на сваёй тэрыторыі. А 11 кг марыхуаны разам з садавінным пуншам працягнулі падарожжа ў Клайпеду. Пакуль груз чакаў свайго часу на стаянцы, Ційлеман у суправаджэньні Лукошуса накіроўваюцца ў Менск, каб уладзіць фармальнасьці з разтаможваньнем гэтак званага "садавіннага пуншу".

Але замест бяскрыўднае працэдуры атрыманьня дакумэнтаў на ўвоз, наркадзялкі вымушаныя былі пазнаёміцца са сьледчымі Камітэту дзяржаўнае бясьпекі. Толькі 20 сьнежня мінулага году, амаль праз 9 месяцаў пасьля пачатку афіцыйнага сьледзтва, справа Ційлемана й Лукошуса была агучаная ў судзе. Больш за месяц разглядаліся касацыйныя скаргі ад імя абвінавачваных. Днямі вырок набыў моц.

Паводле дасьведчаных крыніцаў у КДБ, у выніку аптовае рэалізацыі ўсіх 1111 кг марыхуаны Ційлеман мог атрымаць каля 300 тысячаў даляраў. Рэалізацыя ў розьніцу магла прынесьці як мінімум паўмільённы прыбытак.

Тым ня менш, сьледчым так і не ўдалося высьветліць месцазнаходжаньне канчатковага спажыўца наркотыкаў. Сярод вэрсіяў часьцей за ўсё фігуруюць некаторыя краіны Эўропы або Масква. Беларускі рынак залішне бедны, каб спажыць столькі "травы".

Справа ў галяндзка-летувіцкім тандэму ўнікальная якраз ў тым сэнсе, што ўпершыню кантрабандавы груз спрабавалі легалізаваць у Беларусі. Здаецца, па сваім становішчы Беларусь рэальна прэтэндуе на адзін з галоўных каналаў перакіду наркотыкаў як на Захад, гэтак і на Ўсход. Калі ўлічыць, што пры дэкляраванай жорсткасьці заканадаўства беларускія сілавыя структуры не зьвязаныя ўзаемнымі пагадненьнямі ні з адной краінаю, акрамя Галяндыі, то справа міжнароднае злачыннасьці спрашчаецца. Да таго ж, у адрозьненьні ад суседзяў, у Беларусі дагэтуль не падзеленая сфэра ўплыву ў галіне наркабізнэсу.

XS
SM
MD
LG