Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лютага 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

11 лютага ў Менску знаходзіліся адразу дзьве ўрадавыя дэлегацыі з Масквы, галоўная мэта якіх – узмацненьне вайсковае каапэрацыі з Беларусьсю. Абедзьве дэлегацыі (адная на чале з галоўнакамандуючым Ваенна-паветранымі сіламі Расейскае Фэдэрацыі Анатолем Карнуковым, другая – зь віцэ-прэм'ерам у пытаньнях абароннае прамысловасьці Ільлём Клябанавым) былі прынятыя Лукашэнкам, агледзелі беларускія прадпрыемствы і вайсковыя аб'екты. У пятніцу было падпісанае пагадненьне аб ставарэньні расейска-беларускае фінансава-прамысловае групы "Абарончыя сыстэмы".

"Вы, напэўна, не чакалі што мы такія прыткія. А мы такія", – так пасьля прывітаньня зьвярнуўся да беларускага прэм'ера Сяргея Лінга расейскі віцэ-прэм'ер Ільля Клябанаў, маючы на ўвазе, што расейскі ўрад надзвычай хутка пасьля заключэньня дамовы "Аб стварэньні саюзнае дзяржавы" пачаў рэалізацыю канкрэтных праектаў.

Ільля Клябанаў разам зь беларускім віцэ-прэм'ерам Леанідам Козікам падпісалі ў пятніцу вечарам пагадненьне аб стварэньні Міждзяржаўнае фінансава-прамысловае групы "Абарончыя сыстэмы", якая скіравана на сварэньне й збыт найноўшых сродкаў сыстэмы кіраваньня паветраным рухам і супрацьпаветранае абароны, у тым ліку мадыфікаваных сыстэмаў С-300ПМУ-1 і С-300ПМУ-2 "Фаварыт".

Зь беларускага боку ў гэтую групу ўключаны Менскі завод колавых цягачоў і Гомельскі радыёзавод, але ня выключана, што будуць далучаны і іншыя прадпрыемствы. З расейскага боку задзейнічана 17 прадпрыемстваў абаронкі з 40 тысячамі працоўных.

Ільля Клябанаў прапанаваў беларускаму боку ўключыцца ў выкананьне расейскага абарончага заказу, які значна вырас за апошні год, а таксама ўдзельнічаць у супольным продажы ўзбраеньняў на вонкавым рынку. Адпаведнае пагадненьне, паводле ягоных словаў, будзе падрыхтавана й падпісана на працягу месяца. Расея, паводле словаў Клябанава, гатовая сёлета рэалізаваць у сьвеце сваёй вайскова-тэхнічнае прадукцыі на суму 4,5 мільярда даляраў, чым зьбіраецца зьдзівіць Злучаны Штаты Амэрыкі.

Ільля Клябанаў у размове з Аляксандрам Лукашэнка прапанаваў ствараць на тэрыторыі Беларусі ліцэнзійную вытворчасьць расейскае вайскова-тэхнічнае прадукцыі. Аляксандар Лукашэнка ўхваліў гэтыя прапановы і заявіў, што ВПК стане тым вузельчыкам, які будзе зьвязваць "саюзную дзяржаву".

Ільля Клябанаў таксама заклікаў стварыць адзіную вайскова-абарончую сыстэму ў межах Беларусі й Расеі.

Галоўнакамандуючы расейскімі Ваенна-паветранымі сіламі генэрал-палкоўнік Анатоль Карнукоў, які кіруе бамбардаваньнем Ічкерыі, пад час візыту ў Менск вырашыў пытаньне аб рамонце расейскіх баявых самалётаў на Баранавіцкім авіярамонтавым заводзе й выказаў задавальненьне расейскімі лётчыкамі зьнішчальнай авіяцыі, якія ўжо выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы перадавога базаваньня.

Беларускае ж кіраўніцтва не заўважае аніякае небясьпекі ў далейшай вайскова-тэхнічнай каапэрацыі. Сяргей Лінг, у прыватнасьці, лічыць, што ВПК па-ранейшаму зьяўляецца рухавіком навукова-тэхнічнага прагрэсу й эканомікі ў цэлым, а Аляксандар Лукашэнка назваў абароншчыкаў самымі патрыятычнымі людзьмі.

XS
SM
MD
LG