Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лютага 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Завяршыўся першы візыт у Беларусь новага рэгіянальнага дырэктара Ўсясьветнага банку Люка Барбонэ.

Новы куратар Беларусі ва Ўсясьветным банку Люка Барбонэ на цяперашнюю пасаду быў прызначаны пасьля шматгадовае працы з краінамі Афрыкі. Там ён набыў добрую рэпутацыю адмыслоўца ў пытаньнях беднасьці й дзяржаўнай эканомікі. Веданьне спадаром Барбонэ эканамічных адметнасьцяў малацывілізаваных краінаў аказаліся, такім чынам, запатрабаванымі. Кіраўніцтва Ўсясьветнага банку даручыла яму ня меней складаную дзялянку, дзе беднасьць і дзяржаўная эканоміка квітнеюць амаль паводле афрыканскага ўзору.

Між тым, папярэднікі спадара Барбонэ ўзаемадачыненьні зь Беларусьсю ладзілі ўсё ж больш паводле ўзору эўрапейскага. Як цывілізаваныя партнэры або апанэнты. Калі Беларусь адмовілася праводзіць рэформы, Ўсясьветны банк замарозіў выдачу ёй крэдытаў.

Аднак ужо летась прадстаўнікі банку загаварылі пра неабходнасьць карэктываў такое палітыкі. Не глябальнага яе перагляду, а тактычных зьмяненьняў.

Першы менскі візыт Люка Барбонэ пацьвердзіў такі намер. На яго сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі прагучала, што Беларусі варта аказаць фінансавую дапамогу ў тых сфэрах, дзе гэта не разыходзіцца са статутнымі прынцыпамі Ўсясьветнага банку. Банк, зразумела, не зьбіраецца даваць пазыкі дзяржаўным прадпрыемствам або калгасам і саўгасам. Бо досьвед сьведчыць: колькі крэдытаў ім ні давай – нацыянальнай эканоміцы гэта не дапаможа.

Люка Барбонэ паведаміў пра пляны абмежаванага фінансавага супрацоўніцтва Ўсясьветнага Банку зь Беларусьсю. Яны тычацца пакуль дзьвюх сфэраў – сацыяльнай і экалягічнай. У прыватнасьці, Банк мае намер весьці дыялёг з камандаю Лукашэнкі наконт такіх супольных праектаў, як адрасная дапамога насельніцтву, энэргаашчаджэньне ў школах і лякарнях, барацьба з сухотамі ды іншымі хваробамі…

Міжнародная фінансавая арганізацыя не выключае таксама дапамогу Беларусі ў пытаньнях удасканаленьня працэсаў кіраваньня ў эканоміцы. Напрыклад, у арганізацыі тэндэраў, прафэсійным кіраваньні фінансавымі рэсурсамі.

Зрэшты, нават пра гэтыя праекты гаварыць пакуль заўчасна. Таму, паводле словаў Люка Барбонэ, у вашынгтонскай сядзібе Ўсясьветнага банку не разглядаліся канкрэтныя памеры магчымых пазыкаў Менску. Адмыслоўцы ўважліва адсочваюць цяперашнія эканамічныя працэсы.

Калі на працягу бліжэйшых месяцаў, – сказаў спадар Барбонэ, – у эканоміцы Беларусі будзе назірацца прагрэс, то гэта зьявіцца нагодаю да двухбаковых перамоваў. У адваротным выпадку такога дыялёгу, зразумела, ня будзе. Паколькі безсэнсоўна супрацоўнічаць з партнэрам, які замест валютнае лібэралізацыі дбае пра адміністрацыйны ўціск і кантроль.

XS
SM
MD
LG