Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навіны 11 лютага 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Судзьдзя Аляксандар Васілевіч папярэдзіў Міхаіла Чыгіра, што калі 17 лютага адвакат экс-прэм'ера Юлія Чыгір ня зьявіцца на працэсе, то яму будзе прапанавана адшукаць новага абаронцу або да яго запросяць дзяржаўнага адваката.

Адвакатка Міхала Чыгіра Юлія Чыгір з-за хваробы можа быць замененая на іншага абаронцу. Пра гэта сёньня заявіў удзельнікам працэсу над былым прэм'ерам гарадзкі судзьдзя Аляксандар Васілевіч, спаслаўшыся на 50-ты артыкул Працэсуальнага кодэксу.

Прычына, з-за якой можа быць пастаўленае пытаньне пра Юлію Чыгір – хвароба, якая цягнецца ўжо другі тыдзень. Паводле судзьдзі Васілевіча, суд ня можа губляць столькі часу. Калі Юлія Чыгір не паправіцца да 17 лютага, Чыгіру будзе прапанаваны выбар: або знайсьці новага адваката, або яму падбяруць абаронцу безь ягонага ведама. Дзень 17 лютага абраны апошнім тэрмінам без абгрунтаваньня. Проста так прапанаваў пракурор Жынгель, і насуперак астатнім абаронцам, якія былі гатовыя чакаць выздараўленьня сваёй калегі, судзьдзя зь ім пагадзіўся.

Падсудны Міхаіл Чыгір пракамэнтаваў папярэджаньне судзьдзі даволі стрымана, ён яўна спадзяецца, што да выкананьня пагрозы справа ня дойдзе…

(Чыгір: ) "Для мяне страта такога адваката, як Юлія Чыгір, вельмі важная, таму што яна добра ведае справу, яна праходзіла ўсе этапы барацьбы з гэтымі абвінавачаньнямі, і для мяне гэта ня так проста. Я спадзяюся, што ўсё скончыцца добра, што за тыдзень ці за два яна зможа працаваць".

Між тым, грамадзкі абаронца ад Гэльсынскага камітэту Гары Паганяйла ставіцца да словаў судзьдзі Васілевіча больш катэгарычна. Паганяйла ня лічыць, што прапанаваная судзьдзём замена адваката будзе законным і эфэктыўным выйсьцем з сытуацыі, калі ставіць за мэту не асудзіць Чыгіра, а знайсьці ісьціну.

Абаронца не выключае іншыя матывы гэтае прапановы: "…Магчыма, гэта зроблена дзеля таго, каб вывесьці з працэсу Юлію Чыгір, таму што яна прынцыпова і па-баявому адстойвае інтарэсы свайго мужа", – выказавае меркаваньне Гары Паганяйла. Ён не выключае, што шляхам замены адвакатаў улады спрабуюць "падключыць да працэсу" абаронцу, які будзе выконваць у атачэньні Чыгіра ролю "траянскага каня".

"У любым выпадку робіцца працілеглае таму, што дэкляруецца", – кажа Гары Паганяйла і тлумачыць. – "Нават калі праз тыдзень запросяць кагосьці з Калегіі адвакатаў, яму спатрэбіцца каля месяца на вывучэньне матэрыялаў справы, а гэта 18 тамоў дакумэнтаў. Дык на што ў выніку разьлічвае старшыня суду, прысьпешваючы разгляд да выздараўленьня Юліі Чыгір?", – пытаецца грамадзкі абаронца Гары Паганяйла.

У бок старшыні суду Васілевіча зрабіў сёньня публічную заяву і Міхаіл Чыгір. Ён абурыўся ўчорашнімі словамі судзьдзі пра тое, што ў яго не было даведкі пра хваробу Юліі Чыгір, хаця насамрэч такія дакумэнты Чыгір сам бачыў на стале ў судзьдзі. Міхал Чыгір узгадаў падзеі пасьля завяршэньня ўчорашняга паседжаньня:

(Чыгір: ) "Спусьціўся да яго ў кабінэт, паглядзеў тыя паперы, якія былі яму перададзеныя раней, і там ляжалі іншыя дакумэнты, якія пацьвярджалі, што ў яе грып. Я яму задаў пытаньне: вось у вашых дакумэнтах напісана, што ў чалавека грып, а вы сказалі, што ў вас на стале ляжаць толькі накіраваньні на абсьледаваньне. Судзьдзя прамаўчаў, як і сёньня прамаўчаў, калі я яму сказаў аб гэтым афіцыйна. А што ён можа сказаць?"

Гэта быў былы старшыня ўраду Міхаіл Чыгір, працэс над якім у гарадзкім судзе Менску доўжыцца ўжо другі месяц.

XS
SM
MD
LG