Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лютага 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Адказам на ўчарашнія скандальныя заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт нежаданьня йсьці на перамовы павінна стаць масавая "Вясна-2000". Гэтак заявілі нашаму радыё апазыцыйныя палітыкі. Лідэры дэмакратычных сілаў адзначылі таксама, што высока ацэньваюць дзейнасьць амбасадара ЗША ў Беларусі Дэніэла Спэкгарда.

Учора на паседжаньні калегіі МЗС Беларусі Аляксандар Лукашэнка зрабіў некалькі скандальных заяваў. Найбольшае палітычнае гучаньне атрымалі словы Лукашэнкі пра тое, што ён не сядзе за стол перамоваў з апазыцыяй і што беларуская апазыцыя дамагалася адкліканьня амбасадара ЗША ў Беларусі спадара Спэкгарда.

Сьцьверджаньні Лукашэнкі наконт нежаданьня йсьці на перамовы ня сталі нечакасьцю для беларускіх апазыцыйных палітыкаў. Гаворыць старшыня БНФ Вінцук Вячорка…

(Вячорка: ) "Абсалютна нічога дзіўнага для БНФ у гэтай заяве Лукашэнкі няма. Гэта тое, пра што мы казалі ад самага пачатку заходнім нашым калегам, якія шчыра імкнуліся распачаць перамоўны працэс. Мы ім казалі, што мы са свайго боку зробім усё, каб выканаць алгарытм, што запраектаваўся быў з агульнай нашай згоды, паводле якога, спачатку выконваюцца нашыя перадумовы, гэта значыць, вызваляюцца палітвязьні, спыняюцца палітычна матываваныя крымінальныя і адміністрацыйныя справы, зьдзяйсьняецца рэгулярны доступ да кантраляваных дзяржавай мас медыя, прадстаўнікоў апазыцыі. І ўжо тады мы абмяркоўваем перш паўнамоцтвы парлямэнту, куды выбіраць, а па-другое, выбарчае заканадаўства.

Мы са свайго боку шчыра імкнуліся да пагадненьня, парафіявалі пагадненьне аб доступу да мас медыя, якое было ў недэмакратычнай форме дэзавуяванае Лукашэнкам перад самым Стамбулам, калі ён даведаўся, што ён туды паедзе, яго не прагоняць адтуль. То ілюзіяў мы ня мелі. Вось чаму БНФ разам зь іншымі дэмакратычнымі сіламі найперш спадзяецца на свой народ. Вось чаму мы найперш арыентуемся на Вясну-2000, на ланцужок акцыяў пратэсту".

А вось як ацаніў заявы Лукашэнкі намесьнік Старшыні Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька…

(Лябедзька: ) "Лукашэнка сваёй учарашняй заявай фактычна правакуе апазыцыю на актыўныя дзеяньні, заяўляючы, што апазыцыя, гэта такі сьціплы палітычны суб'ект, у якога няма палітычнай вагі. Я думаю, што адказам якраз можа стаць Вясна-2000. І зараз тое, ці будзе перамоўны працэс, залежыць ня столькі ад апазыцыі, колькі ад жыхароў Беларусі. Калі людзі актыўна возьмуць удзел у Маршы Свабоды 15 сакавіка, то я думаю, Лукашэнка на справе можа адчуць, што яго словы разыходзяцца з настроямі, якія сёньня пануюць у грамадзтве".

Ня меншы рэзананс выклікалі сьцьверджаньні кіраўніка дзяржавы пра тое, нібыта беларуская апазыцыя дамагалася адкліканьня амбасадара ЗША ў Беларусі Дэніэла Спэкгарда.

У інфармацыйнай службе амбасады ЗША мне паведамілі, што афіцыйная рэакцыя амэрыканскага боку на гэтую заяву Лукашэнкі, напэўна, будзе прапанавана грамадзкасьці ў панядзелак. Зараз вядуцца кансультацыі амбасады зь Дзяржаўным дэпартамэнтам наконт таго, якой павінна быць гэтая рэакцыя.

Што да замены спадара Спэкгарда, то, як паведаміў мне адзін з супрацоўнікаў амбасады ЗША, Злучаныя Штаты, сапраўды, накіравалі запыт да беларускіх уладаў на атрыманьне агрэману (гэта значыць – згоды) на прызначэньне новага амбасадара ЗША ў Беларусі. "Замена амбасадара – гэта доўгі й складаны дыпляматычны працэс, – адзначыў гэты супрацоўнік, – але ані ў якай нармальнай краіне ўлады не абмяркоўваюць гэты працэс публічна". Спадар Спэкгард працуе ў Беларусі зь верасьню 1997 году. Тры гады – гэты звычайны тэрмін паўнамоцтваў амэрыканскіх амбасадараў у краінах, падобных да Беларусі. Так што замена спадара Спэкгарда – цалкам лягічная і ардынарная зьява", – патлумачыў мне дыплямат.

Я запытаўся ў кіраўніка БНФ спадара Вячоркі, ці выказвалі калі-небудзь прадстаўнікі беларускай апазыцыі крытычныя заўвагі на адрэсу спадара Спэкгарда?

(Вячорка: ) "Не, бо гэта было б увогуле недарэчна. А наагул кажучы, калі зьвяртацца да лукашэнкаўскіх інвэктываў, гэта ўжо ня першая яго правінцыйная спроба пасварыць то Эўропу са Злучанымі Штатамі, то, я ўжо ня ведаю, розныя плыні, якія яму мрояцца ў амэрыканскай зьнешняй палітыцы, то апазыцыю з Захадам. Нічога ў яго не атрымаецца".

Намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька даволі часта ажыцьцяўляе замежныя візыты, у тым ліку і ў Злучаныя Штаты. Вось што ён кажа з гэтае нагоды…

(Лябедзька: ) "Справа ў тым, што якраз у беларускай апазыцыі найбольш аднолькавы падыход да ацэнкі ўнутрыпалітычнай сытуацыі. Ён якраз супадае з пазыцыяй Вашынгтону. І можна было б сказаць, што такая пазыцыя існуе ў адносінахда таго ці іншага пасла з эўрапейскіх краінаў і з гэтым можа было б у нейкай ступені пагадзіцца, але толькі не ў адносінах да Злучаных Штатаў Амэрыкі. Я думаю, што гэта звычайная маніпуляцыя, да якой прыбягае Лукашэнка".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG