Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 лютага 2000 г.


Максім Лукашэвіч, Прага

(эфір 10 лютага)
Мы зьвярнуліся па камэнтар у справе сёньняшніх заяваў Аляксандра Лукашэнкі аб яго нежаданьні весьці перамовы з апазыцыяй да дакладчыка Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў справах Беларусі спадара Вольфганга Бэрэндта. Вось ягоная першая рэакцыя:

(Бэрэндт: ) "Я вельмі расчараваны гэтай заявай Лукашэнкі таму, што я спадзяваўся – ён можа дадумаецца, што адзіны спосаб атрымаць прызнаньне з боку Захаду – гэта правесьці свабодныя і справядлівыя выбары. А гэта мае на ўвазе дыялёг паміж апазыцыяй і ўрадам перад такімі выбарамі…Але безумоўна будзе вельмі моцная рэакцыя з нашага боку. Учора, прадстаунікі Эўрапарлямэнту, Рады Эўропы і АБСЭ сустракаліся ў Брусэлі, і мы пагадзіліся, што будзем сумесна дзейнічаць у дачыненьнях зь Беларусьсю. І я думаю, што сёньняшняя заява прэзыдэнта значна ўскладніць сытуацыю. Верагодна, што з боку Захаду будзе моцная рэакцыя. Мы будзем вымушаныя даць зразумець, што ў выніку Беларусь стане нават больш ізаляваная, чым раней".

(Карэспандэнт: ) "А як бы вы пракамэнтавалі сьцьверджаньне Лукашэнкі наконт таго, што мандат АБСЭ – дапамагаць у стварэньні выбарчага заканадаўства – закончаны, і ўдзел АБСЭ ў наладжваньні дыялёгу паміж уладай і апазыцыяй, якая не існуе, немэтазгодны?"

(Бэрэндт: ) "О, з гэтым мы ня можам пагадзіцца. Дапамога толькі АБСЭ ў выпрацоўцы выбарчага заканадаўства – гэта недастаткова. Таму што ўсе тры структуры – і Эўрапарлямэнт, і АБСЭ, і Рада Эўропы – пагадзіліся, што вельмі важна, каб у фармаваньні выбарчага кодэксу ўдзельнічала і апазыцыя. Больш за тое, каб апазыцыя мела доступ да СМІ. І задача місіі АБСЭ ў Менску – садзейнічаць гэтаму…і, па-мойму, яны добра выконваюць сваю працу. Але калі гэты працэс спыніцца, тады ня змогуць адбыцца свабодныя і справядлівыя выбары, якія мы маглі б прызнаць.

І іншая праблема, на якую мы ставім націск, – парлямэнт мае мець сапраўдныя парлямэнцкія паўнамоцтвы, і гэта мусіць быць вырашана перад выбарамі. Таму што цяперашні парлямэнт не сапраўдны. Мусяць быць зробленыя зьмены, каб новаабраны парлямэнт меў сапраўдную сілу. Бо ў адваротным выпадку – выбары наогул бессэнсоўныя".

Гутарыў

XS
SM
MD
LG