Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лютага 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Вядучыя расейскія палітыкі і нават дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі ўсё часьцей і часьцей выступаюць з крытыкай уласнага ўраду за дзеяньні ў справе карэспандэнта Радые Свабода ў Чачні Андрэя Бабіцкага. Мікола Іваноў падрыхтаваў кароткі агляд водгукаў у Маскве на справу Бабіцкага.

Справа Бабіцкага – гэта сёньня адна з галоўных палітычных падзеяў Расеі. Усё што мы ведаем на сёньняшні дзень пра ягоны лёс паходзіць з крыніцаў, якія знаходзяцца пад кантролем расейцаў. Ад паловы студзеня ніводзін незалежны палітык ці прадстаўнік сродкаў масавай інфармацыі не размаўляў з Бабіцкім. Афіцыйны чачэнскі бок таксама адмаўляецца ад якога-небудзь дачыненьня да гэтай справы.

Сяргей Юшанкоў, дэпутат расейскай Дзяржаўнай Думы ад Саюза правых сілаў пракамэнтаваў у размове з карэспандэнтам нашага Радые ў Маскве Сафіяй Ламбрашыні справу Бабіцкага наступным чынам:

(Юшанкоў: ) "Я думаю, што справа Бабіцкага сымбалізуе сабой наш адыход ад прававой да паліцыйнай дзяржавы. Справа не ў акрэдытацыі Бабіцкага, гэта – прыклад выразна тэндэнцыйнага падыходу. Ясна што улады даюць прыклад таго, які лёс чакае іншых журналістаў і ўсю свабоду прэсы, калі іх адносіны да чачэнскіх падзеяў ня будуць супадаць з тым, чаго хоча сеньняшні прэзыдэнт".

Нават палітыкі, якія традыцыйна падтрымліваюць урад, апошнім часам пачалі выказвацца крытычна. Кіраўнік РАО ЕС Анатоль Чубайс заявіў нашаму карэспандэнту Ламбрашыні наступнае:

(Чубайс: ) "Абмен Бабіцкага, калі мы можам назваць гэта абменам, – яўная і бясспрэчная памылка. Я ня ведаю, на якім узроўні прыймалася пастанова, альбо які быў мэханізм яе прыняцьця, але абсалютна ясна, што яе наступствы, у тым ліку і для выконваючага абавязкі прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, маюць нэгатыўны характар. Гэта абсалютна ясна. Я спадзяюся, што праблема будзе хутка вырашана".

Нават дзяржаўныя тэлевізійныя каналы прысьвяцілі значную частку сваіх учорашніх навінаў справе Бабіцкага. ОРТ пачала са справы Бабіцкага выпуск праграмы "Время". РТР паказала ў выпуске навінаў шасьціхвілінны рэпартаж пра лёс Бабіцкага.

Справа Бабіцкага стала нагодай абмеркаркаваньня ў дзяржаўнай думе. Праўда афіцыйна Дума адмовілася ўключыць справу Бабіцкага ў парадак дня сваёй працы. Супраць пргаласавалі камуністы, прапуцінскае "Аддзінства" і жырыноўцы.

Аднак спікэр Думы Генадзь Селязьнёў заявіў, што пытаньне напэўна будзе пастаўленае падчас справаздачы ў Думе міністраў унутраных справаў і абароны, якая адбудзецца ў пятніцу.

Адзін з лідэраў Саюза Правых Сілаў Барыс Нямцоў пракамэнтаваў гэтую магчысьць наступным чынам:

(Нямцоў: ) "Зразумела, мы павінны атрымаць адказ на тры пытаньні. Дзе цяпер знаходзіцца Бабіцкі? На якой падставе расейскія ўлады перадалі расейскага грамадзяніна бандытам? І ці справа Бабіцкага сымбалізуе сабой погрозу ўсім журналістам і свабоднай прэсе? На гэтыя тры пытаньні мы запатрабуем ад міністраў адказу".

Між тым дзяржаўныя чыноўкі працягваюць сьцьвярджаць, што Бабіцкі пайшоў на абмен па свайму ўласнаму жаданьню, і што ён жывы, і ягонаму жыцьцю нішто не пагражае. Сам Пуцін падчас адказаў на тэлефонныя званкі чытачоў "Комсомольской правды" заявіў, што відэафільм сьведчыць аб тым, што Бабіцкі жывы.

Пуцін таксама заявіў тэлеканалу ОРТ, што ён лічыць існаваньне незалежных сродкаў масавай інфармацыі падставай дэмакратычных рэформаў. Але адначасна ў сваім інтэрвію ён заявіў нешта такое, што можна разглядаць як злавесную пагрозу: "Той, хто будзе прыніжаць Расею, не пражыве і трох дзён".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG