Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лютага 2000 г.


Ганна Навумовіч, Менск

Беларускае кіраўніцтва разьлічвае сёлета на атрыманьне крэдытаў Міжнароднага валютнага фонду. Фінансаваньне з боку гэтай арганізацыі нават закладзенае ў "Асноўныя кірункі грашова-крэдытнае палітыкі". Аднак казаць пра магчымасьць крэдытаваньня пакуль рана.

Агэнцыя "Interfax" паведаміла са спасылкаю на Нацыянальны банк Беларусі канкрэтныя сумы, якія плянуе атрымаць беларускае кіраўніцтва. Размова вядзецца, у прыватнасьці, пра крэдыт "стэнд-бай" аб'ёмам ня менш за 130 мільёнаў даляраў і фінансаваньне ў рамках мэханізму надзвычайнага й кампэнсацыйнага фінансаваньня каля 25 мільёнаў даляраў.

У Нацыянальным банку сёньня распрацоўваецца комплекс мераў, якія дазволілі б аднавіць супрацоўніцтва з МВФ. Кіраўніцтва краіны плянуе распачаць перамовы з фондам, каб распрацавать праграму, якая задавальняла б абодвы бакі.

І ўсе ж аніякіх гарантыяў таго, што фінансаваньне будзе атрыманае, няма. Няглездячы на шматлікія сустрэчы прадстаўнікоў беларускага ўраду з адмыслоўцамі фонду, да агульнае пазыцыі адносна рэфармаваньня беларускай эканомікі яны не прыйшлі. І калі на словах яшчэ ёсьць нейкае ўзаемаразуменьне, на справе рэформы ў Беларусі амаль не вядуцца.

Калі прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў робяць камплімэнты беларускаму кіраўніцтву ў сувязі зь лібэралізацыяй валютнага рынку, то гэта можна разглядаць толькі як дыпляматычны крок. Проста міжнародныя экспэрты хочуць падбадзёрыць урад і падштурхнуць яго да рэформаў.

Таму адмыслоўцы лічаць, што казаць пра магчымасьць крэдытаваньня зарана. Дзеля таго, каб распачаць перамовы, неабходна лібэралізаваць валютны рынак, зрабіць цэнаўтварэньне свабодным, распачаць сапраўдную прыватызацыю.

Пра тое, што беларускі бок не гатовы да рэформаў, сьведчыць і тое, што курс беларускага рубля адносна даляру напрыканцы году заплянаваны менш за 600 рублёў за даляр, у той час, як сёньня курс чорнага рынку складае 870 рублёў за даляр.

XS
SM
MD
LG