Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 лютага 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Сёньня ўвечары ў Менск з афіцыйным візытам прыбывае расейскі віцэ-прэм'ер Ільля Клябанаў, які адказвае ва ўрадзе Расеі за праблемы ваеннае прамысловасьці. Заўтра ён сустрэнецца з Лукашэнкам, а таксама з прэм'ерам Лінгам і дзяржаўным сакратаром Рады бясьпекі Шэйманам. Мяркуецца, што пад час візыту будзе падпісанае пагадненьне аб стварэньні беларуска-расейскае фінансава-прамысловае групы "Абарончыя сыстэмы".

Прэсавая служба беларускага ўраду паведаміла, што, апроч сустрэчаў зь беларускімі афіцыйнымі прадстаўнікамі, Ільля Клябанаў наведае Менскі завод колавых цягачоў і навукова-прамысловае аб'яднаньне "Агат". Хутчэй за ўсё, менавіта "Агат", які займаецца распрацоўкаю і вытворчасьцю сыстэмаў радыёлакацыі і электроннай барацьбы, войдзе ў склад новае беларуска-расейскае фінансава-прамысловае групы.

Аднайменная расейская ФПГ, на базе якой новае аб'яднаньне й ствараецца, займаецца якраз вырабам і мадэрнізацыяй сыстэмаў супрацьпаветранай абароны.

Расейскі ВПК атрымаў ад ураду велізарныя грошы – 62 мільярды расейскіх рублёў, што ў два разы перавышае сумы, якія былі закладзеныя ў бюджэце. За атрыманьне часткі гэтых сродкаў беларускі бок і вядзе барацьбу. ФПГ ствараецца менавіта дзеля іхнага пераразьмеркаваньня.

Паводле зьвестак дасьведчаных крыніцаў, Лукашэнка дамагаецца, каб была створаная рада фінансава-прамысловае групы, у якой Беларусь і Расея былі б прадстаўленыя на ўзроўні віцэ-прэм'ераў. Высокі ўзровень кіраўніцтва аб'яднанай структураю павінен забясьпечыць безьперашкоднае фінансаваньне.

Справа ў тым, што за вялікі кавалак расейскага ваеннага бюджэту йдзе жорсткая барацьба: беларуская прадукцыя і ваенныя распрацоўкі больш танныя за расейскія, але ў Расеі гучаць незадаволеныя галасы: чаму трэба аддаваць грошы беларусам, калі свае ваенныя заводы стаяць без заказаў. Размова, нагадаем, ідзе пра сотні мільёнаў даляраў.

Але, паводле зьвестак аглядальніка газэты "Белорусский рынок" Аляксандра Алесіна, асноўнай тэмаю, якую віце-прэм'ер Клябанаў будзе абмяркоўваць са сваімі менскімі суразмоўцамі, будзе нават не стварэнне ФПГ "Абарончыя сыстэмы". Спадар Алесін лічыць, што бакі будуць абмяркоўваць магчымасьць атрыманьня Менскім заводам колавых цягачоў велізарнае замовы на колавыя шасі для расейскіх балістычных міжкантынэнтальных ракетаў "Топаль–М".

Расейскія ваенныя стратэгі лічаць вытворчасьць мабільных балістычных ракетаў найбольш адэкватным адказам на магчымы выхад Злучаных Штатаў Амэрыкі з Дамовы аб супрацьракетнай абароне. На стварэньне Амерыкаю супрацьракетнага шчыту Расея хоча адказаць ўзмацненьнем ракетнага мячу. Мабільныя балістычныя ракеты вельмі цяжка знайсьці – адпаведна, цяжэй адсочваць іхную траекторыю, што зьніжае эфэктыўнасьць сыстэмы супрацьракетнай абароны.

І калі Менскі завод колавых цягачоў сапраўды атрымае замову на значную колькасьць шасі, гэта будзе сьведчаньнем пачатку рэзкага нарошчваньня Расеяй колькасьці мабільных стратэгічных ракетаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG